Прэзідэнтка Еўрапейскага парламенту Рабэрта Мэтсаля і Святлана Ціханоўская на сустрэчы ў Мальце 2 траўня 2024 года. (Фота: Sviatlana Tsikhanouskaya / «X»)
podpis źródła zdjęcia
Мальта старшынюе ў АБСЕ. Ціханоўская прыехала па падтрыманне Беларусі ў гэтай структуры.
Святлана Ціханоўская адправілася ў Мальту на запрашэнне старшыні Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе (АБСЕ) і міністра замежных справаў Мальты. Абмяркоўваюць пытанні палітвязняў і ціску на рэжым Лукашэнкі. Візіт адбываецца 2–3 траўня.
Прэзідэнтка Еўрапейскага парламенту Рабэрта Мэтсаля і Святлана Ціханоўская на сустрэчы ў Мальце 2 траўня 2024 года. (Фота: Sviatlana Tsikhanouskaya / «X»)
Акрамя старшыні МЗС Мальты Іяна Борджа, Святлана Ціханоўская сустрэнецца з прэзідэнткай Мальты Мір’ям Спітэры Дэбона, спікерам парламенту Англу Фаруджа і са старшынёй Еўрапейскага парламенту Рабэртай Мэтсаляй.
«Ціханоўская абмяркуе з імі ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне, магчымыя крокі АБСЕ дзеля вызвалення палітвязняў, прыцягненне памагатых рэжыму да адказнасці, падтрыманне дэмакратычных сілаў, супрацу паміж ЕЗ і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Таксама Святлана Ціханоўская перадасць просьбу, каб Мальта падчас свайго старшынявання ў АБСЕ падымала пытанне Беларусі», – паведамляе прэс-служба Офісу Святланы Ціханоўскай.
Мальта ўжо падтрымала апошнюю пастанову Замежнай рады ЕЗ у справе Беларусі, што заклікае да падтрымання мабільнасці беларусаў і адначасова да працягу ціску на рэжым Лукашэнкі дзеля вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсіяў.
30 красавіка Святлана Ціханоўская завяршыла візіт у Нарвегію. Падчас яго стала вядома пра стварэнне Міжнароднага фонду падтрымання вызваленых палітычных зняволеных з Беларусі і іхных сем’яў. Нарвегія накіруе ў гэты фонд € 850 000.