На беларуску напалі ў Варшаве з патрабаваннем ехаць ва Украіну. У дзяўчыны траўма галавы
02.05.2024, 00:15
Беларуска паспела зняць на відэа тых, хто на яе напаў у Варшаве. (Крыніца: «Польша здесь» / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
Беларуска ўпэўненая, што ўвагу агрэсараў прыцягнула расейская мова.
22-гадовая беларуска паведаміла, што стала ахвяраю мужчыны і жанчыны ў Варшаве, якія палічылі, што дзяўчына – украінка, і з мацюкамі запатрабавалі ад яе ехаць на радзіму. У пацярпелай траўма галавы, піша канал «Польша здесь».
Беларуска паспела зняць на відэа тых, хто на яе напаў у Варшаве. (Крыніца: «Польша здесь» / Telegram)
На беларуску напалі ў варшаўскім раёне Воля 30 сакавіка. Паводле версіі дзяўчыны, яна была з сяброўкаю і размаўляла з ёю па-расейску. У нейкі момант да іх падышоў мужчына з жанчынаю, якія з мацюкамі запатрабавалі, каб тыя вярнуліся ва Украіну.
Жанчына плюнула ў твар беларусцы, яна адказала выспяткам, пасля гэтага полька схапіла дзяўчыну за валасы, а мужчына нанёс некалькі ўдараў.
Пацярпелая кажа, што пара была ў нецвярозым стане. Спачатку ніхто з відавочцаў у канфлікт не ўмешваўся – толькі падаставалі тэлефоны і пачалі здымаць. Нарэшце нехта з мінакоў прыгразіў, што выкліча паліцыю, і тады агрэсары збеглі.
Беларуска напісала заяву ў паліцыі і атрымала даведку ад лекара, які дыягнаставаў траўму галавы.
Канал «Польша здесь» піша, што праваахоўнікі кваліфікавалі злачынства як «публічную абразу і парушэнне недатыкальнасці паводле нацыянальнай прыкметы». Гэты артыкул прадугледжвае да 3 гадоў зняволення.
Дзяўчыне 22 гады, у Польшчы яна жыве ўжо 6 гадоў. Кажа, што ніколі асабіста з такой неталерантнасцю не сутыкалася.
У сакавіку польскі Цэнтр вывучэння грамадскай думкі апублікаваў вынікі апытання пра стаўленне жыхароў краіны да іншых нацыяў: пра сімпатыю да беларусаў заявілі толькі 24% рэспандэнтаў, да ўкраінцаў – 40%.