Суд выставіў Пратасевічу, Рудзіку і Пуцілу суму кампенсацыі ў 24,5 мільёна рублёў
07.05.2024, 22:03
Раман Пратасевіч падчас эфіру расказвае пра пасяджэнне суду. (Фота: скрыншот з канала «Рома говорит» / YouTube)
podpis źródła zdjęcia
Пратасевіч: «З мяне будуць браць 50% усяго даходу».
Суд у Менску пастанавіў, што Раман Пратасевіч, Ян Рудзік і Сцяпан Пуціла павінны выплаціць суму ў 24,5 мільёна рублёў за нанясенне ўрону. Аб гэтым у сваім канале паведаміў сам Раман Пратасевіч, прыкмеціла выданне «Медыязона».
Раман Пратасевіч падчас эфіру расказвае пра пасяджэнне суду. (Фота: скрыншот з канала «Рома говорит» / YouTube)
Грамадзянскую позву ў дачыненні да былых супрацоўнікаў тэлеграм-канала «NEXTA» Рамана Пратасевіча, Яна Рудзіка, а таксама да заснавальніка канала Сцяпана Пуцілы разглядалі ў судзе Менскага раёна 7 траўня.
Разгляд справы праходзіў у адкрытым ржыме. Суд пастанавіў, што фігуранты справы павінны выплаціць суму ў 24 559 261 рубель. У яе ўваходзіць частка, якая павінна пакрыць нанясенне ўрону, а таксама дзяржаўная пошліна.
,,
«Даўно я тут [на канале «Рома говорит»] не з’яўляўся, – напісаў Пратасевіч пад відэа. – Не было як падстаў, так і жадання казаць пра штосьці. Аднак жыццё само падштурхоўвае мяне да вяртання на вашыя экраны. Сёння будзе займальная, а месцамі нават цікавая гісторыя пра тое, як я ў свае 29 гадоў стаў адным з першых беларускіх антымільянераў».
У стрыме Пратасевіч таксама прызнаецца, што рашэнне суда стала для яго шокам: «Я ўсё ж спадзяваўся на нейкія больш малыя сумы або што будзе прасцей і я хаця б тэарэтычна змагу пакрыць урон, які быў нанесены маімі дзеяннямі», – сказаў ён.
Пры гэтым першапачаткова, кажа Пратасевіч, сума была роўная амаль 37 мільёнам рублёў.
Раман Пратасевіч паказвае пастанову суду. (Фота: скрыншот з канала «Рома говорит» / YouTube)
Асноўная частка выплатаў павінна перайсці ў МУС на прэміі і пазачарговыя выплаты, адзначыў Пратасевіч.
На затраты органаў унутраных справаў і ўнутраных войскаў МУС, якія павінны пакрываць транспартавыя расходы, адведзена 1 404 816 рублёў, на камандзіровачныя расходы супрацоўнікам – 286 756 рублёў.
,,
«З мяне будуць браць 50% усяго даходу. Пры тым, што знайсці нават больш-менш нядрэнную працу – гэта 2 тысячы рублёў. І жыць трэба будзе на тысячу. У Менску. Балазе мне трохі прасцей, што ў мяне хаця б кватэра не здымная, кватэра сваякоў, у якой я жыву адзін», – адзначае Раман.
Нагадаем, што Раман Пратасевіч быў затрыманы 23 траўня 2021 года ў выніку захопу ўладамі Беларусі пасажырскага самалёта кампаніі «Ryanair». Па затрыманні Пратасевіча трымалі ў СІЗА КДБ. Потым ён зʼявіўся ў эфіры праграмы «Маркаў. Нічога асабістага» на АНТ са слядамі кайданкоў на руках. У чэрвені 2021 года яго перавялі пад хатні арышт. Ён даваў інтэрвʼю прапагандысцкім СМІ і зняўся ў фільме «Одно уголовное дело», у якім дзяліўся падрабязнасцямі сваёй працы з «Nexta» ў 2020 годзе. Софʼю Сапегу, якую затрымалі разам з Пратасевічам, асудзілі да 6 гадоў зняволення, у чэрвені 2023 года яе памілаваў Аляксандр Лукашэнка.
У траўні 2023 года Сцяпана Пуцілу пакаралі 20 гадамі зняволення, Яна Рудзіка – 19, абаіх завочна, зараз яны знаходзяцца за мяжой. А Рамана Пратасевіча засудзілі на 8 гадоў паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу РБ.
22 траўня 2023 года стала вядома пра тое, што Лукашэнка памілаваў Рамана Пратасевіча. Аднак Раман застаецца ў Беларусі і за ім усталяваны нагляд.