У Расеі будзе новы міністр абароны. Шайгу ўзначаліць Савет бяспекі
12.05.2024, 23:26
Андрэй Белавусаў, якога Пуцін прапануе зрабіць міністрам абароны Расеі. (Крыніца: rzd-partner.ru)
podpis źródła zdjęcia
«Пуцін прыняў пастанову, каб Мінабароны Расеі ўзначаліў цывільны чалавек».
Уладзімір Пуцін прызначыў Сяргея Шайгу, які быў міністрам абароны, сакратаром Савету бяспекі Расеі. Мікалая Патрушава з гэтай пасады перавялі «на іншую працу», пра якую мае стаць вядома бліжэйшымі днямі. На пасаду міністра абароны Пуцін прапануе віцэ-прэм’ера Андрэя Белавусава.
Андрэй Белавусаў, якога Пуцін прапануе зрабіць міністрам абароны Расеі. (Крыніца: rzd-partner.ru)
«Пуцін прыняў пастанову, каб Мінабароны Расеі ўзначаліў цывільны чалавек. Ведамства павінна быць адкрытае для інавацыяў і перадавых ідэяў», – сказаў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.
Патэнцыйнаму міністру абароны Расеі Андрэю Белавусаву 65 гадоў. З 1986 да 2006 года працаваў у Інстытуце эканомікі і прагназавання навукова-тэхнічнага прагрэсу АН СССР/Інстытуце народна-гаспадарчага прагназавання РАН. Скончыў сваю працу там на пасадзе загадчыка лабараторыі.
Затым карʼера Белавусава была звязаная з эканомікай і чыноўніцтвам. З 2012 да 2013 года быў міністрам эканамічнага развіцця Расеі. З 2013 да 2020 года – памочнікам прэзідэнта. З 21 студзеня 2020-га прызначаны першым намеснікам старшыні ўраду.