У Тбілісі праходзіць самы маштабны за апошнія гады мітынг пратэсту
11.05.2024, 23:24
Мітынг пратэсту ў Тбілісі, 11 траўня 2024 года. (Фота: Ezz Gaber / nlevshitstelegram / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
Грузіны змагаюцца супраць аналагу расейскага закону «Аб замежных агентах».
Увечары 11 траўня ў грузінскай сталіцы Тбілісі праходзіць акцыя пратэсту супраць закону «Аб празрыстасці замежнага ўплыву». Мітынг называюць самым маштабным за апошнія гады ў Грузіі.
Мітынг пратэсту ў Тбілісі, 11 траўня 2024 года. (Фота: Ezz Gaber / nlevshitstelegram / Telegram)
Людзей сабралася вельмі шмат, нягледзячы на дождж. Паводле папярэдніх ацэнак, колькасць прысутных на акцыі на тбіліскай плошчы Еўропы можа складаць ад 150 да 200 тысяч чалавек, паведамляе тэлеграм-канал блогера Мікалая Леўшыца. Паводле Reuters, у цэнтры Тбілісі сабраліся 50 тысяч чалавек.
,,
«Грузія – гэта Еўропа! Не расейскаму закону!» – скандуюць людзі. Многія танчаць, спяваюць.
У натоўпе шмат сцягоў Грузіі і Еўразвязу. Людзі патрабуюць ад уладаў адмовіцца ад закону «Аб празрыстасці замежнага ўплыву», а таксама спыніць самавольства паліцыі і пераслед актывістаў.
З вечара 12 траўня грузіны плануюць правесці начную акцыю пратэсту каля парламенту «Давайце чуваць дзеля Грузіі». Пратэстоўцы маюць намер усталяваць намёты і блакаваць працу парламенту ў панядзелак 13 траўня.
На мітынг адрэагавала кіроўная партыя «Грузінская мара».
,,
«Там не будзе нават да 20 тысяч чалавек. На нашым мітынгу было ў 10 разоў больш», – заявіў лідар парламенцкай большасці Мамука Мдзінарадзэ і адзін з аўтараў законапраекту «Аб замежным уплыве».
Прэм’ер-міністр Грузіі Іраклі Кабахідзэ раней казаў, што ўрад будзе прасоўваць законапраект, нягледзячы на супрацьдзеянне, паводле ягоных словах, «уведзенай у зман» моладдзю, якая адчувае непрыязь у дачыненні да Расеі.
Студэнты Тбіліскага дзяржаўнага ўніверсітэту абвесцілі забастоўку – з панядзелка 13 траўня адмаўляюцца прыходзіць на заняткі. Яны заклікаюць далучыцца выкладчыкаў і трымаць пратэст да моманту, пакуль не будзе адменены законапраект «Аб замежным уплыве». Ад актывістаў таксама прагучалі заклікі распачаць агульнанацыянальную забастоўку па ўсёй Грузіі.
13 траўня пасля перапынку на тыднёвыя велікодныя вакацыі кіроўная партыя «Грузінская мара» выносіць законапраект «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» на трэцяе слуханне. Прыняцце закону плануецца 17 траўня.
Спрэчны закон «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» у Грузіі ёсць аналагам расейскага закону аб «замежных агентах». Грузінская апазіцыя рэзка крытыкуе дакумент. Яна абвінавачвае кіроўную партыю ў працы на Расею і сцвярджае, што законапраект падрыхтаваны ў Маскве.
Пратэсты супраць закону трываюць ужо больш за тры тыдні – з 15 красавіка.
У заяве сеткі бясплатнай юрыдычнай дапамогі пратэстоўцам, якую стварылі восем грузінскіх НДА, адзначаецца, што за гэты час праваабарончыя арганізацыі атрымалі скаргі паводле 134 фактаў затрыманняў дэманстрантаў. Большасць з іх датычыла гвалту з боку паліцыі. Некалькім затрыманым спатрэбілася медычная дапамога ў стацыянары з-за цяжкасці атрыманых траўмаў.
Паводле праваабаронцаў, затрыманых на акцыях, як і раней, развозяць па розных СІЗА, у тым ліку па-за межамі Тбілісі, і адвакатам даводзіцца начамі шукаць затрыманых. Затрыманым не даюць паведаміць аб сваім месцазнаходжанні сям’і ці адвакату адразу пасля арышту. Таксама вядомыя факты неабгрунтаванага падаўжэння тэрміну ўтрымання пад вартай.