Пяцёх аршанцаў злавілі на крадзяжы з фураў на трасе Берасце – Гомель
20.05.2024, 10:51
Балаклава падазраванага ў крадзяжы з фураў. Гомельская вобласць, Беларусь. 20 траўня 2024 года. (Скрыншот: МВД Беларуси / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
Кралі розныя грузы, ад тэхнікі да харчоў, нават злівалі паліва з бакаў.
Аператыўнікі крымінальнага вышуку пры падтрыманні АМАПу затрымалі на гарачым пяцёх жыхароў Воршы, якіх падазраюць у прынамсі шасці крадзяжах на трасе Берасце – Гомель, паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных справаў.
Балаклава падазраванага ў крадзяжы з фураў. Гомельская вобласць, Беларусь. 20 траўня 2024 года. (Скрыншот: МВД Беларуси / Telegram)
Паводле сілавікоў, затрымалі мужчынаў ад 34 да 51 года, якія чынілі крадзяжы ў Берасцейскай, Гомельскай, Магілёўскай і Менскай вобласцях: начамі ўзломвалі замкі грузавых адсекаў фураў і перакладвалі тавары ў свой мікрааўтобус. Падчас крадзяжоў яны, як заяўляюць сілавікі, насілі балаклавы, выкарыстоўвалі рацыі.
У асноўным злачынцы, паводле МУС, цэліліся на машыны з беларускімі нумарамі. Кралі розныя грузы, ад тэхнікі да харчоў, нават злівалі паліва з бакаў. Скрадзенае прадавалі ў Расеі або дзялілі між сабою.
Крымінальную справу распачалі за крадзеж у асабліва буйным памеры. Паводле ч. 4 арт. 205 КК РБ падазраваным пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 12 гадоў з магчымым штрафам.