Два школьнікі ў Менску кінулі ў Вечны агонь смецце. Цяпер ім пагражае да 6 гадоў калоніі
21.05.2024, 23:18
Ганаровая варта на плошчы Перамогі. Менск, Беларусь. 9 траўня 2022 года. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
За хуліганства ў Беларусі могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці з 14 гадоў.
У Менску затрымалі двух школьнікаў, якія кінулі ў Вечны агонь на плошчы Перамогі сурвэткі і жавальную гумку. У пракуратуры сцвярджаюць, што яны яшчэ і плявалі, піша выданне «Минск-новости».
Ганаровая варта на плошчы Перамогі. Менск, Беларусь. 9 траўня 2022 года. (Фота: Белсат)
Падлеткаў знайшлі і завялі на іх крымінальную справу за «злоснае хуліганства» (ч. 2 арт. 339 КК). Цяпер праводзяць папярэдняе расследаванне, па выніках якога дадуць прававую ацэнку дзеянням юнакоў.
Згодна з часткай 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, за «хуліганства, учыненае групай асобаў», ім пагражае арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да 3 гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін да 6 гадоў. За хуліганства ў Беларусі могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці з 14 гадоў.