«Святы абавязак». У Менску заявілі, што гібель Раісі не паўплывае на стасункі з Іранам
26.05.2024, 22:45
Міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік (Фота: МИД Беларуси / X)
podpis źródła zdjęcia
Усё, пра што дамовіліся Раісі і Лукашэнка, будзе зрэалізавана, кажа Алейнік.
Міністр замежных справаў Сяргей Алейнік заявіў у інтэрв’ю «Беларусь 1», што гібель прэзідэнта Ірану Эбрагіма Раісі не паўплывае на рэалізацыю дамоўленасцяў паміж Менскам і Тэгеранам.
Міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік (Фота: МИД Беларуси / X)
Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік браў удзел у жалобных мерапрыемствах у Іране, прысвечаных гібелі прэзідэнта Эбрагіма Раісі. Паводле міністра, іранскі бок пацвердзіў нацэленасць на працяг сяброўскіх адносінаў паміж рэспублікай Беларусь і Іранам.
«Нацэленасць на рэалізацыю ўсіх тых дамоўленасцяў, якія былі дасягнуты двума лідарамі. Гэта нас святы абавязак рэалізаваць усё, пра што дамовіліся лідары летась. Гэта маштабная дарожная мапа, гэта цэлы пакет двухбаковых пагадненняў, якія былі падпісаны. І ў светлую памяць Эбрагіма Раісі мы з іранскімі таварышамі дамовіліся ўсё гэта рэалізаваць», – падкрэсліў Алейнік.
Прэзідэнт Ірану Эбрагім Раісі загінуў ва ўзросце 63 гадоў у выніку авіякатастрофы 19 траўня. Ён быў прыхільнікам рэпрэсіяў і падазраецца ў датычнасці да масавых смяротных пакаранняў дысідэнтаў. Пры ім Іран упершыню атакаваў тэрыторыі Пакістану і Ізраілю.
Аляксандр Лукашэнка ўсклаў адказнасць за гібель Раісі на ЗША. Паводле яго, авіякатастрофа нібыта стала вынікам санкцыйнай палітыкі Белага дому: праз санкцыі Іран не меў магчымасці забяспечыць патрэбнае тэхнічнае абслугоўванне верталёта прэзідэнта.