Яна перажыла сына на тры гады. Алена Міронаўна Ашурак сышла 27 траўня, ёй было 86 гадоў, паведамляе Свабода. Яна перажыла сына Вітольда на тры гады. У апошнія гады стан здароўя Алены Міронаўны пагоршыўся, ёй было цяжка хадзіць, у тым ліку наведваць магілу сына. Палітвязень Вітольд Ашурак, якому 18 студзеня 2021 года ў Лідскім раённым судзе прысудзілі 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму, памёр 21 траўня 2021 года ў шклоўскай калоніі № 17 пры нявысветленых абставінах на 51-м годзе жыцця. Сябра Партыі БНФ, абласны каардынатар руху «За свабоду», ён не раз балатаваўся ў мясцовы савет і парламент. Падымаў экалагічныя пытанні, ладзіў акцыі, разам з паплечнікамі ўшаноўваў мясціны, звязаныя з паўстанцамі Кастуся Каліноўскага. Сёння ў справе ягонай смерці няма ніякай інфармацыі: улады дамагаюцца таго, каб людзі забылі пра гэтую гісторыю. Аднак сябры і паплечнікі Вітольда робяць усё, каб гэтага не здарылася. 21 траўня, у дзень смерці Вітольда, штогод праводзіцца дзень салідарнасці з палітвязнямі. Ася Саковіч belsat.eu