навіны

Шчыльныя баі ўздоўж лініі сутыкнення. Што адбываецца ва Украіне?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы чакаюць загаду побач з мінамётнымі снарадамі на сваёй баявой пазіцыі. Часаў Яр, Украіна. 22 траўня 2024 года. (Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Press / Abaca Press / East News)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы чакаюць загаду побач з мінамётнымі снарадамі на сваёй баявой пазіцыі. Часаў Яр, Украіна. 22 траўня 2024 года. (Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Press / Abaca Press / East News)
podpis źródła zdjęcia

Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 28 траўня.

«Белсат» падводзіць вынікі 825-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 28 траўня чытайце ў нашым аглядзе.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы чакаюць загаду побач з мінамётнымі снарадамі на сваёй баявой пазіцыі. Часаў Яр, Украіна. 22 траўня 2024 года. (Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Press / Abaca Press / East News)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы чакаюць загаду побач з мінамётнымі снарадамі на сваёй баявой пазіцыі. Часаў Яр, Украіна. 22 траўня 2024 года. (Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Press / Abaca Press / East News)
У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на поўначы Харкаўскай вобласці цягам апошніх содняў ішлі баі каля Лыпцяў і Старыцы, а таксама на тэрыторыі Ваўчанску.
Тэлеграм-канал «Два майора» піша, што пры гэтым расейскія вайскоўцы прасунуліся з поўначы ад Лыпцяў на адлегласць каля 250 метраў, а таксама на асобных участках у Ваўчанску на адлегласць да 600.
Тым часам іншая прарасейская крыніца – ваенкар Сямён Пегаў – гаворыць, што агулам ЗСУ ўдалося стабілізаваць лінію сутыкнення на харкаўскім кірунку.
У Міністэрстве абароны РФ заявілі пра адбіццё пяці контратак украінцаў каля Старыцы і ў Ваўчанску.
Аналітыкі праекту «Deepstate» пішуць, што на купянскім кірунку расейскія вайскоўцы прасунуліся на паўночным захадзе ад аднайменнага раённага цэнтру побач з сялом Альшана.
Канал «Два майора» паведамляе, што таксама ініцыятыва войскаў РФ захоўваецца ў ваколіцах Іванаўкі і Бераставога.
Іншая прарасейская крыніца – «Рыбарь» – удакладняе, што ў апошнім паселішчы ідуць баі ў цэнтральнай частцы, што зняпраўджвае ранейшую заяву Міністэрства абароны РФ пра захоп Бераставога.
Генштаб ЗСУ адзначае: акрамя гэтага, цягам апошніх содняў адбыліся сутыкненні на ўчастках фронту ў ваколіцах Петрапаўлаўкі, Дружалюбаўкі, Неўскага, Стэпавай Навасёлаўкі, Грэкаўкі і Мясажарыўкі.
На суседнім ліманскім кірунку расейцы атакавалі на левым беразе ракі Жарабец каля Церноў і Торскага, але прасунуцца не здолелі.
На сівэрскім выступе расейцы наступалі ў ваколіцах Белагораўкі, Верхнякаменскага, Выемкі і Спірнага. У Генштабе ЗСУ адзначаюць, што каля Белагораўкі сітуацыя застаецца напружаная.
Між тым «Рыбарь» мяркуе, што пакуль, нягледзячы на заявы асобных крыніцаў, сітуацыя ў Белагораўцы цалкам кантралюецца ЗСУ, бо яны ўтрымліваюць пазіцыі на панавальнай вышыні – адвале крэйдавага кар’еру. Пры гэтым адзіная дарога, якая вядзе да гэтага пункту, цалкам прастрэльваецца ўкраінцамі.
У такой сітуацыі, на думку крыніцы, становішча Збройных сілаў у паселішчы пагоршыцца толькі пасля заняцця расейцамі суседняга Верхнякаменскага і выхаду ад яго да кар’еру з поўдня.
Расейскае камандаванне піша, што ЗСУ контратакуюць каля Белагораўкі, каб не дапусціць такой сітуацыі.
На краматорскім кірунку Генштаб ЗСУ фіксуе шэраг няўдалых атак праціўніка каля Грыгораўкі, Клішчыеўкі і Андрэеўкі. Але праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Балу» піша, што Сілам абароны краіны ўсё ж давялося адысці з часткі пазіцыяў у ваколіцах Клішчыеўкі.
У гэты ж час прарасейскія крыніцы паведамляюць, што асноўныя намаганні войскаў РФ засяроджаныя на ўсходзе Часавага Яру, а таксама ў яго ваколіцах. Пры гэтым адзначаецца, што акрамя штурмавых дзеянняў, расейцы працягваюць знішчаць гарадскую забудову артылерыяй і авіяцыйнымі бомбамі.
На пакроўскім кірунку Узброеныя сілы РФ развіваюць поспех на захадзе ад раней занятай Аўдзееўкі.
У «Deepstate» фіксуюць прасоўванні расейцаў каля Уманскага і Нэтайлава.
Пегаў гаворыць, што цяпер на паўднёвым фланзе кірунку ідуць баі на подступах да суседняй Яснабродаўкі (паміж Уманскім і Нэтайлавым).
Мінабароны РФ піша, што ў адказ ЗСУ контратакуюць, імкнучыся вярнуць раней страчаныя пазіцыі.
На курахаўскім кірунку УС РФ ціснуць у Краснагораўцы і Парасковіеўцы.
Прарасейскі тэлеграм-канал «НгП раZVедка» сцвярджае, што ў Краснагораўцы расейцы вымусілі праціўніка пачаць адыходзіць з мікрараёну Усходняга.
На поўдні Данецкай вобласці расейцы наступаюць на гэтак званым урэмаўскім выступе каля Уражайнага і Старамаёрскага.
Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» піша, што УС РФ штурмуюць Уражайнае накатамі, выкарыстоўваючы вялізную колькасць цяжкай тэхнікі. Адзначаецца, што за содні баёў ЗСУ знішчылі або пашкодзілі не менш за 15 адзінак.
Падобная сітуацыя назіраецца і ў Старамаёрскім, дзе расейцы паступова праціскаюць абарону Збройных сілаў.
У Запарожскай вобласці лінія сутыкнення застаецца нязменнай: тут расейцы атакуюць на выступе па фронце паміж паселішчамі Вэрбовае і Работына (з поўдня ад Арэхава), але поспеху не маюць.
У Херсонскай вобласці Сілы абароны Украіны адбілі шэраг атак праціўніка каля сяла Крынкі на левым беразе Дняпра.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10