Расейцы прасунуліся на так званым урэмаўскім выступе. Што вядома?
29.05.2024, 19:51
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія салдаты падчас вучэнняў у Данецкай вобласці, Украіна. 28 траўня 2024 года. (Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Press / Abaca Press / East News)
podpis źródła zdjęcia
Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 29 траўня.
«Белсат» падводзіць вынікі 826-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 29 траўня чытайце ў нашым аглядзе.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія салдаты падчас вучэнняў у Данецкай вобласці, Украіна. 28 траўня 2024 года. (Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Press / Abaca Press / East News)
У паўночнай частцы Харкаўскай вобласці працягваюцца баі з поўначы ад буйнога сяла Ліпцы, у ваколіцах Старыцы, а таксама на тэрыторыі гораду Ваўчанск. Паводле Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, сітуацыя на гэтых участках фронту застаецца напружанай, але кантраляванай.
Расейскі ваенкор Сямён Пегаў пацвярджае, што ЗСУ ўдалося стабілізаваць сітуацыю, і цяпер ніводны з бакоў канфлікту не валодае ініцыятывай.
Тым часам праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» піша, што Збройным сілам удалося выбіць праціўніка з некалькіх вуліцаў у Ваўчанску і замацавацца. Пры гэтым, па словах крыніцы, фронт яшчэ да канца не стабілізаваўся, таму пакуль ЗСУ маюць прастор для манеўраў і контрнаступальных дзеянняў.
З адмоўных фактараў вылучаецца перавага праціўніка ў авіяцыі, з дапамогай якой яму і ўдаецца стрымліваць украінцаў.
На купянскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, цягам апошніх содняў Сілы абароны краіны адбілі шматлікія атакі праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Стэпавая Навасёлаўка, Дружалюбаўка, Новаягораўка і Неўскае.
Прарасейскі тэлеграм-канал «НгП раZVедка» паведамляе, што расейскія вайскоўцы распачалі баі за сяло Стэпавая Навасёлаўка, што стала магчыма пасля дэзарганізаванага адыходу ЗСУ з суседняй Іванаўкі.
На ліманскім кірунку Узброеныя сілы РФ прынамсі 16 разоў атакавалі ў ваколіцах Цернаў і Торскага на поўначы Данецкай вобласці, а таксама на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва ў Луганскай, але прасунуцца не здолелі.
На так званым сівэрскім выступе расейскія вайскоўцы цягам содняў праводзілі штурмавыя дзеянні каля Белагораўкі і Выемкі, але лінія сутыкнення засталася нязменнай.
Больш інтэнсіўныя баі ідуць на суседнім краматорскім кірункі, дзе ініцыятывай таксама валодаюць Узброеныя сілы РФ.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што войскі РФ палепшылі свае тактычныя пазіцыі на ўсходзе гораду Часаў Яр, а таксама з поўначы ад яго побач з сялом Калінаўка.
Ніжэй па фронце расейцы наступаюць у ваколіцах сёлаў Іванаўскае, Клішчыеўка і Андрэеўка – пакуль без заўважных поспехаў.
На пакроўскім кірунку УС РФ ціснуць па ўсім фронце з захаду ад раней занятага гораду Аўдзееўка.
Прарасейскія крыніцы пішуць пра адсутнасць істотных зменаў на паўночным фланзе кірунку, у гэты ж час на поўдні войскам РФ удаецца паступова прасоўвацца.
Тэлеграм-канал «Архангел Спецназа» паведамляе, што пасля захопу сяла Нятайлава расейцы працягнулі рух на захад і прасунуліся да суседняй Карлаўкі, каля ўскрайкаў якой цяпер і праходзіць лінія сутыкнення.
«НгП раZVедка» удакладняе, што цяпер ідуць баі ў лесапасадках з поўдня ад Карлаўскага вадасховішча.
Аналітыкі праекту Deepstate фіксуюць прасоўванні расейцаў і каля сяла Уманскае. Такім чынам Узброеныя сілы РФ паступова атачаюць суседнюю Яснабродаўку, якая знаходзіцца паміж Уманскім і Нятайлавым.
На курахаўскім кірунку працягваюцца баі на тэрыторыі Краснагораўкі і Парасковіеўкі. «Офіцер» піша, што ў першым населеным пункце расейцы маюць пастаянныя поспехі, прасоўваючыся штодня на адлегласць ад 50 да 150 метраў. Агулам сітуацыя ў горадзе застаецца складанай для Збройных сілаў.
Узброеныя сілы РФ маюць поспехі і на так званым урэмаўскім выступе на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў.
У Deepstate адзначаюць прасоўванні расейцаў у сяле Старамаёрскае.
«Офіцер» паведамляе пра рух расейцаў і ў суседнім Ураджайным, але адзначае, што пры гэтым ЗСУ ўдалося знішчыць багата цяжкай тэхнікі праціўніка.
Канал «Два майора» сцвярджае, што большая частка Старамаёрскага цяпер знаходзіцца пад кантролем УС РФ.
Іншая прарасейская крыніца – «Рыбарь» – удакладняе, што войскі РФ захапілі пазіцыі праціўніка на цэнтральнай і заходняй частках.
Ва Ураджайным расейцы прасунуліся ў паўднёвай частцы на адлегласць да 200 метраў на ўчастку фронту шырынёй каля 350. Разам з тым адзначаецца, што ў гэтым сяле ЗСУ больш актыўна абараняюцца. Акрамя гэтага расейскім вайскоўцам больш складана перакідаць рэзервы да лініі сутыкнення, паколькі з захаду населенага пункту працякае рака Мокрыя Ялы, а палі з усходу кантралююцца Сіламі абароны.
Нагадаем, абодва населеныя пункты былі вызваленыя ЗСУ ў ходзе контрнаступу ўлетку 2023 года.
У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці асноўныя баявыя дзеянні па-ранейшаму лакалізуюцца на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў.
Тэлеграм-канал «Офіцер» піша, што войскі РФ намагаюцца падысці да сяла Работына з боку суседняга Вэрбовага, каб усталяваць над ім поўны кантроль. Пакуль жа Работына фактычна знаходзіцца у так званай шэрай зоне, дзе ніводны з бакоў не можа замацавацца.
У Генштабе ЗСУ паведамілі, што далей на захад па лініі сутыкнення расейцы атакавалі ў ваколіцах сяла Малыя Шчарбакі, але поспеху не дасягнулі.
У Херсонскай вобласці адбылося не менш за 10 баявых сутыкненняў на левым беразе Дняпра – зменаў па фронце не фіксуецца.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.