навіны

Баяцца страціць працу і пенсіі. Вынікі грамадскага абмеркавання зменаў для ІП

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рынак ва Уруччы ў Менску, Беларусь. (Фота: Белсат)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рынак ва Уруччы ў Менску, Беларусь. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia

Тэма атрымалася гарачай – каментароў набралася на 41 старонку.

Грамадскае абмеркаванне праекту пастановы Саўміну «Аб прадпрымальніцкай дзейнасці» скончылася ў Беларусі 25 траўня. Асноўныя меркаваныя новаўвядзенні – скарачэнне відаў дзейнасці, якімі могуць займацца ІП. Тым, каго гэта закране, да канца 2025 года трэба перайсці ў статус юрыдычнай асобы. Для многіх гэта будзе азначаць зніжэнне даходаў, а некаторыя баяцца застацца без працы. «Белсат» даведаўся, чаго прадпрымальнікі чакаюць ад зменаў.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рынак ва Уруччы ў Менску, Беларусь. (Фота: Белсат)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рынак ва Уруччы ў Менску, Беларусь. (Фота: Белсат)
Тэма зменаў для ІП атрымалася гарачай – пад праектам набралася каментароў на 41 старонку на сайце Прававога форуму Беларусі. Большая частка з іх – пажаданні пакінуць для ІП дазвол на той ці іншы від дзейнасці. Напрыклад, людзі просяць пакінуць масаж, абвалку мяса, адукацыю ў галіне культуры, рамонт машынаў і абсталявання агульнага і спецыяльнага прызначэння і іншыя віды дзейнасці, дзе патрэбны толькі адзін працаўнік, уласна, сам індывідуальны прадпрымальнік.
Людзі тлумачаць, што працаваць як юрыдычная асоба будзе занадта дорага. ІП з адукацыі ў галіне культуры кажуць, што проста не ў стане адкрыць юрыдычную асобу. У галіне земляных працаў таксама не разумеюць, чаму трэба адмаўляцца ад ІП, калі асноўная прылада працы – гэта рыдлёўка, а працуе толькі адна асоба. А з адкрыццём юрыдычнай асобы мусіць быць як мінімум дырэктар і бухгалтар.
Скардзяцца і фізічныя асобы, якія плацяць падатак на прафесійны даход. Чаму, напрыклад, маніторы рамантаваць дазваляецца, а тэлевізары – не?
«А калі тэлевізар падключыць замест манітора? То тады гэта тэлевізар ці манітор?»
«Можна і наогул без пенсіі застацца»
Каментатар з нікам Kalyan звяртае ўвагу на праблемы ІП перадпенсійнага ўзросту і прапануе менш зразаць віды дзейнасці для ІП.


,,

«Існуюць прадпрымальнікі перадпенсійнага ўзросту. Калі ім забараніць прадпрымальніцкую дзейнасць, для іх гэта будзе сур’ёзная праблема. Уладкавацца на працу ў 60+ гадоў складана. Унёскі ў пенсійны фонд плаціць нельга. Можна і наогул без пенсіі застацца, хоць усё жыццё плаціў неабходныя ўнёскі», – піша Kalyan.


Ёсць і такія, хто крытыкуе ІП і лічыць, што абмежаваць іх трэба яшчэ больш. Напрыклад, у турызме.
«Навошта турагенцкую дзейнасць пакінулі для ІП? Мне, напрыклад, было не моцна прыемна страціць грошы з такім турагентам. Ніхто з маіх знаёмых, якія купілі туры ў турагенцтвах з іншымі формамі ўласнасці, не згубіў сваіх грошай цалкам. Так, чакалі, і доўга, але вярнулі. Бо ў арганізацыі іншая адказнасць, ёсць маёмасць і гэтак далей. ІП ж ні за што не адказвае. Захацеў – адкрыўся, захацеў – закрыўся. Грошай няма, але вы трымайцеся. А сумы ў турызме не маленькія. Мала таго, што дзеці мора не ўбачылі, так і адкладалі на яго два гады», – піша Leonid3.
Карыстальнік пад нікам Gragdanin лічыць, што ІП не мусяць займацца раздробным гандлем. Яго плануюць пакінуць, а гуртавы гандаль забараніць.
«Лічу памылковай пастанову пакідаць гэты від дзейнасці для ІП у сувязі з максімальнай непразрыстасцю гэтага гандлю на рынках і ў гандлёвых цэнтрах. Прапаную зрабіць акцэнт на прасцейшыя ўмовы пераходу ІП у юрыдычныя асобы, што ўжо задэкларавана, але няма мяжы дасканаласці. Гэта дазволіць істотна папоўніць бюджэт і даць штуршок развіццю малога прадпрымальніцтва ў форме юрыдычнай асобы, а працоўныя рэсурсы, што вызваліліся, патрэбныя будуць для развіцця малога бізнесу», – лічыць Gragdanin.
Аднак ёсць і каментары, дзе незадаволеныя тым, што ў ІП хочуць забраць гуртавы гандаль.


,,

«Якім чынам ІП зможа рэалізаваць выраблены ім самім тавар (напрыклад, цацкі, тавары з дрэва, біжутэрыю, магніты)? Толькі фізічным асобам? Бо продаж юрыдычнай асобе лічыцца гуртавым гандлем.


У гэтым выпадку пытанне менавіта пра гатовы тавар (а не выраблены на замову арганізацыі). Атрымліваецца, ІП зможа прадаваць свой унікальны тавар толькі ўраздроб? Гэта азначае таксама забарону для арганізацыяў купляць што-небудзь у індывідуальных прадпрымальнікаў (тыя ж падарункі да Новага года, напрыклад)? У такім выпадку ўмовы для ІП значна пагоршацца ў параўнанні з тымі ж рамеснікамі (самазанятымі)», – піша Kava.
Каментатар YAR4eg лічыць, што ў сувязі з забаронай гуртавога гандлю многія ІП будуць проста закрывацца:


,,

«У нашай краіне чамусьці прынята, што ІП – гэта пераходны варыянт паміж рамеснікам (фізасобай) і юрыдычнай асобай, але гэта не так. Калі б іпэшнікі змаглі зарабляць мінімум у тры-чатыры разы больш за сярэдні заробак па краіне – ужо ўсе перайшлі б на юрыдычныя асобы і многія працэсы дэлегавалі б, наймаючы працаўнікоў. Таму да такога ўзроўню яшчэ паспрабуй вырасці ў жорсткай канкурэнцыі».


Гэты ж каментатар падкрэслівае, што ёсць шмат важкіх прычынаў, чаму ІП не хочуць пераходзіць у юрыдычныя асобы. Напрыклад, складана закрываць бізнес у выпадку стратнасці, няма доступу да танных крэдытаў, складаны і дарагі бухгалтарскі ўлік.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: katemangostara / Freepik)
За год у Беларусі стала на 10 тысячаў ІП менш навіны
«Я разумею, што магчымая мэта новаўвядзенняў – гэта павелічэнне бюджэту для краіны. Але многія іпэшнікі проста не будуць пераходзіць у новыя формы ўласнасці праз складанасці, у тым ліку тыя, што я пералічыў вышэй. Канкурэнцыя скароціцца, павялічыліся цэны на прадукцыю, і як заўсёды, ад гэтага будзе пакутаваць канчатковы спажывец, бо ён будзе плаціць даражэй. А рынак страціць прадпрымальных людзей. Гэта ўжо праходзілі ў гісторыі таго ж СССР», – падкрэслівае YAR4eg.
У некаторых выпадках можна перайсці не ў юрыдычную асобу, а ў статус самазанятага. Але і тут ёсць праблемы. Moreofthatgoodstuff піша, што праз прымусовы перавод з ІП у самазанятыя тых, хто займаецца перакладніцкай дзейнасцю, можа страціць значную частку заробку:
«Мой контрагент у РФ пры аплаце маіх паслуг як фізасобы будзе вымушаны плаціць 30 % падатку. І на каго ляжа гэты падатак? Вядома, на мяне. А ў нас ён у залік прыняты не будзе. Такім чынам, з улікам 10 % падатку на прафдаход, я атрымліваю абсалютна на пустым месцы + 30 % падатку».
Каментатар Vanxelsing просіць пакінуць ацэначную дзейнасць, то бок незалежную ацэнку транспарту, нерухомасці, абсталявання і іншай маёмасці, для ІП.
«У большасці малых і сярэдніх гарадоў, такіх як Слонім, Ашмяны, Баранавічы, у найлепшым выпадку ёсць адзін ацэншчык. Гэта звязана з тым, што ацэначная дзейнасць носіць вельмі вузканакіраваны характар. Для таго, каб адкрыць арганізацыю, неабходна мець у яе складзе на асноўным месцы працы двух атэставаных ацэншчыкаў (згодна з Указам № 615, што дзейнічае ў цяперашняй рэдакцыі). А на дваіх працу знайсці вельмі цяжка, калі і на аднаго не хапае», – адзначае Vanxelsing.
Паводле Vanxelsing, у Беларусі каля 400 атэставаных ацэншчыкаў, з іх каля 80 – гэта ІП.
«Прыняцце гэтага закону ў цяперашняй рэдакцыі гарантавана адправіць 80 чалавек і іхныя семʼі на галодны паёк. Індывідуальных прадпрымальнікаў – ацэншчыкаў вельмі мала ў параўнанні з любой іншай галіной. Але ІП закрываюць індывідуальныя патрэбы малых замоўцаў, фізічных асобаў, што дазваляе весці цалкам нармальную фінансава-эканамічную дзейнасць ва ўсіх вобласцях краіны за кошт сваёй гнуткасці і нязначных вартасных выдаткаў на ацэньванне», – робіць выснову Vanxelsing.
Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10