Рух расейцаў у Данецкай вобласці. Што адбываецца ва Украіне?
31.05.2024, 18:05
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына стаіць ля Народнага мемарыялу сярод сцягоў з імёнамі ўкраінскіх салдат, якія загінулі ў расейска-ўкраінскай вайне, на Майдане незалежнасці ў Кіеве, Украіна. 22 траўня 2024 года. (Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 31 траўня.
«Белсат» падводзіць вынікі 828-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 31 траўня чытайце ў нашым аглядзе.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына стаіць ля Народнага мемарыялу сярод сцягоў з імёнамі ўкраінскіх салдат, якія загінулі ў расейска-ўкраінскай вайне, на Майдане незалежнасці ў Кіеве, Украіна. 22 траўня 2024 года. (Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат)
Харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах Харкаўскай вобласці)
У паўночнай частцы Харкаўскай вобласці асноўныя баявыя дзеянні па-ранейшаму лакалізуюцца на подступах да буйнога сяла Лыпці (Харкаўскі раён) і ў цэнтральнай частцы гораду Ваўчанску (Чугуеўскі раён).
Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што на другім участку штурмавыя атрады Узброеных сілаў РФ прарвалі абарону праціўніка ў ваколіцы шматпавярховых дамоў і прасоўваюцца ўглыб забудовы.
У гэты ж час каля Лыпцяў контратакуюць украінцы, але істотных поспехаў не маюць.
Між тым праўкраінскі «Офіцер» піша, што войскі РФ панеслі вялізныя страты ў Ваўчанску і цяпер вымушаныя кідаць у бой слаба падрыхтаваныя падраздзяленні, сфармаваныя з вайскоўцаў, прызваных на службу ў пачатак траўня.
Адначасова з гэтым, улічваючы складанасць сітуацыі, ідзе перакіданне рэзерваў з іншых участкаў фронту, у прыватнасці з усходу Харкаўскай вобласці і Херсоншчыны.
Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)
На купянскім кірунку цягам апошніх содняў ішлі баі ў ваколіцах Петрапаўлаўкі, Новаягораўкі, Бераставога, Макееўкі і Сынькоўкі. Пакуль, паводле ўкраінскага камандавання, сітуацыя застаецца кантраляванаю для Сілаў абароны краіны.
На суседнім ліманскім кірунку расейскія вайскоўцы некалькі разоў атакавалі ў ваколіцах Дзіброва на Луганшчыне, але прасунуцца не здолелі.
Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)
Ініцыятыва Узброеных сілаў РФ захоўваецца і на так званым сівэрскім выступе, дзе яны ціснуць каля Белагораўкі, Выемкі, Раздолаўкі і Бераставога (не блытаць з аднайменным сялом у Харкаўскай вобласці). Істотных зменаў лініі сутыкнення не фіксуецца.
Больш складаная для Збройных сілаў Украіны сітуацыя назіраецца на краматорскім кірунку.
Аналітыкі праекту «Deepstate» адзначаюць прасоўванні расейцаў на ўсходзе гораду Часаў Яр (за каналам Сівэрскі Данец – Данбас).
Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што таксама УС РФ рухаюцца на поўначы ад гораду недалёка ад Багданаўкі. Такім чынам расейцы намагаюцца атачыць горад з флангу.
Іншая прарасейская крыніца – «НгП раZVедка» – сцвярджае, што войскі РФ рухаюцца і на паўднёвым фланзе, дзе яны цалкам зачысцілі ўскрайкі Іванаўскага.
Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)
На пакроўскім кірунку наступ расейскіх вайскоўцаў ідзе шырокім фронтам з захаду ад раней занятай Аўдзееўкі.
У «Deepstate» фіксуюць прасоўванні войскаў РФ каля сяла Новапакроўскага.
Канал «Два майора» мяркуе, што такім чынам УС РФ намагаюцца атачыць праціўніка на ўсходзе ад лініі Новапакроўскае – Уманскае.
«Рыбарь» паведамляе, што таксама расейцы рухаюцца з поўначы ад захопленага Нэтайлава ў бок Яснабродаўкі.
Ніжэй па лініі сутыкнення ідуць гарадскія баі ў Краснагораўцы. Тэлеграм-канал «НгП раZVедка» піша, што расейцы занялі будынак гарадской рады.
Таксама на курахаўскім кірунку прарасейскія крыніцы фіксуюць прасоўванні войскаў РФ па лініі Новаміхайлаўка – Уладзіміраўка.
Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)
На так званым урэмаўскім выступе працягваюцца баі ў ваколіцах Уражайнага і Старамаёрскага, але зменаў лініі сутыкнення цягам апошніх содняў не адзначаецца.
У Запарожскай вобласці, паводле Генштабу ЗСУ, Сілы абароны краіны адбілі шэраг атак праціўніка каля Работына, а таксама побач з сёламі Малая Такмачка і Новаандрэеўка (ваколіцы Арэхава). Пачатак баёў каля двух апошніх паселішчаў указвае на спробы расейцаў зрэзаць выступ па фронце флангавымі ўдарамі, бо месяцы баёў з поўдня не далі істотных вынікаў.
У Херсонскай вобласці расейцы прынамсі два разы цягам апошніх содняў атакавалі на левабярэжжы Дняпра каля Крынак, але поспеху не дасягнулі.
Канал «Два майора» піша, што ніжэй па рацэ войскі РФ намагаюцца замацавацца ў астраўной зоне.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.