Расейцы развіваюць поспех у сёлаў Старамаёрскае і Ураджайнае. Што вядома?
30.05.2024, 19:12
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Манументальная скульптура «Радзіма-Маці» на тэрыторыі Нацыянальнага музея гісторыі Украіны ў Другой сусветнай вайне. Кіеў, Украіна. 18 траўня 2024 года. (Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 30 траўня.
«Белсат» падводзіць вынікі 827-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 30 траўня чытайце ў нашым аглядзе.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Манументальная скульптура «Радзіма-Маці» на тэрыторыі Нацыянальнага музея гісторыі Украіны ў Другой сусветнай вайне. Кіеў, Украіна. 18 траўня 2024 года. (Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат)
На поўначы Харкаўскай вобласці асноўныя баявыя дзеянні па-ранейшаму лакалізуюцца на двух участках фронту – каля буйнога сяла Ліпцы і на тэрыторыі гораду Ваўчанск (у Харкаўскім і Чугуеўскім раёнах адпаведна).
Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што каля Ліпцаў войскі РФ прасунуліся на адлегласць да 150 метраў у глыбіню абароны праціўніка. Пры гэтым украінцы контратакуюць, імкнучыся вярнуць раней страчаныя пазіцыі.
Праўкраінскі «Говорять Снайпер» паведамляе, што ў Ваўчанску Сілы абароны Украіны ўпэўнена кантралююць свае пазіцыі і знішчаюць асабовы склад праціўніка. У гэты ж час расейцы засяродзіліся на знішчэнні гораду ўдарамі авіяцыі. Адначасова з гэтым ідзе падыход рэзерваў жывой сілы, каб кампенсаваць панесеныя страты і не дапусціць прарыву фронту.
На купянскім кірунку, паводле Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, расейскія вайскоўцы цягам апошніх содняў правялі шэраг няўдалых атак у ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Петрапаўлаўка, Новаягораўка, Дружалюбаўка, Стапавая Навасёлаўка, Андрэеўка і Неўскае.
Ініцыятыва Узброеных сілаў РФ захоўваецца і на суседнім ліманскім кірунку, дзе яны ціснуць каля сёлаў Церны і Торскае, а таксама на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва – пакуль таксама без зменаў па лініі сутыкнення.
На так званым сівэрскім выступе ідуць баі за населены пункт Белагораўка ў Луганскай вобласці (з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец) і ў ваколіцах сяла Раздолаўка ў Данецкай. Пакуль Сілам абароны Украіны ўдаецца стрымліваць праціўніка.
На краматорскім складаная для ЗСУ сітуацыя захоўваецца ў ваколіцах гораду Часаў Яр, які расейцы штурмуюць з усходу – баі ідуць у мікрараёне за каналам Сівэрскі Данец – Данбас, а таксама намагаюцца абысці па флангах з поўначы і поўдня.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» піша фіксуе рух УС РФ уздоўж лесапалосаў з поўдня ад сяла Іванаўскае.
Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што ніжэй па лініі сутыкнення расейцы маюць поспех недалёка ад сяла Андрэеўка.
Акрамя гэтага паведамляецца пра баі побач з Клішчыеўкай і Курдзюмаўкай.
На пакроўскім кірунку Узброеныя сілы РФ наступаюць шырокім фронтам з захаду ад раней занятага гораду Аўдзееўка.
Расейскі ваенны эксперт Барыс Рожын гаворыць, што на паўночным фланзе войскі РФ занялі адзін з апорных пунктаў украінцаў каля сяла Калінавае.
У цэнтральнай частцы, па словах Рожына, расейцы распачалі штурм населенага пункту Новапакроўскае.
«Рыбарь» мяркуе, што таксама атакамі каля населенага пункту УС РФ імкнуцца атачыць праціўніка ў лесапасадках з усходу ад сяла (участак паміж Новапакроўскім і Бэрдычамі).
У Deepstate адзначаюць, што на поўдні кірункі расейцы прасунуліся каля сяла Нятайлава.
Імаверна, далей расейцы паспрабуюць захапіць сяло Яснабродаўка, якое знаходзіцца паміж Уманскім і Нятайлавым – абодва населеныя пункты пад кантролем УС РФ.
На курахаўскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, баявыя дзеянні лакалізуюцца ў ваколіцах населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка і Канстанцінаўка.
Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што ў Краснагораўцы войскі РФ паступова развіваюць поспех.
«Рыбарь» піша, што ў гэты ж час ЗСУ спрабавалі прарвацца цераз пазіцыі праціўніка на паўднёвым усходзе ад гораду, але прасунуцца не здолелі.
На так званым урэмаўскім выступе Узброеныя сілы РФ развіваюць поспех у населеных пунктах Старамаёрскае і Ураджайнае.
«Рыбарь» удакладняе, што за апошнія содні расейцы прасунуліся з цэнтру на поўнач Старамаёрскага на адлегласць да паўкіламетра, у выніку чаго баявыя дзеянні змясціліся да крайняй вуліцы ў сяле.
Адначасова з гэтым УС РФ прасунуліся з захаду прынамсі на 200 метраў.
Ва Ураджайным, паводле крыніцы, войскі РФ паступова расшыраюць зону кантролю на поўдні сяла.
У Запарожскай вобласці Генштаб ЗСУ фіксуе безвыніковыя атакі праціўніка ў ваколіцах сёлаў Новаандрэеўка і Малыя Шчарбакі (на захадзе ад гораду Арэхаў).
У Херсонскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў, а таксама на астравах ніжэй па рацэ. Зменаў па фронце не фіксуецца.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.