Па «Беларусь-1» паказалі інтэрв’ю са зняволенай Дар’яй Лосік
07.06.2024, 22:31
Дар’я Лосік у прапагандысцкім фільме, паказаным на тэлеканале «Беларусь-1». (Фота: скрыншот з відэа / «Беларусь-1»)
podpis źródła zdjęcia
Дар’і засталося паўтара месяца да вызвалення.
Вечарам 7 чэрвеня прапагандысцкі тэлеканал «Беларусь-1» паказаў вялікае інтэрв’ю з палітзняволенай Дар’яй Лосік, зробленае ў «найлепшых традыцыях» добраахвотнага прызнання. Расказваем, што звярнула на сябе ўвагу падчас прагляду інтэрв’ю.
Дар’я Лосік у прапагандысцкім фільме, паказаным на тэлеканале «Беларусь-1». (Фота: скрыншот з відэа / «Беларусь-1»)
Мы не станем пераказваць сутнасць самога сюжэту інтэрв’ю, бо яно было знятае выключна з прапагандысцкімі мэтамі, каб у чарговы раз даказаць, што ў 2020 годзе ўсе выходзілі дарэмна, усё было інспіраванае Захадам (вядома ж, за грошы) і цяпер ва ўсіх удзельнікаў тых падзеяў паламаныя лёсы, а самі яны шчыра раскайваюцца.
Пагатоў, усе заявы, зробленыя ва ўмовах зняволення, нельга трактаваць як свабоднае выказванне, хоць у сюжэце наўмысна падкрэсліваецца тое, што Дар’я робіць гэта абсалютна добраахвотна.
Тым не менш падчас прагляду інтэрв’ю на сябе ўвагу звярнулі некалькі момантаў.
Па-першае, сюжэт здымаўся яшчэ задоўга да выхаду на тэлеэкраны: у відэа Дар’я здымаецца ў целагрэйцы, на вуліцы яшчэ холадна. Журналістам стала вядома, што здымкі адбываліся яшчэ ў сакавіку. Прыблізна ў гэты ж час здымалася відэа з Палінай Шарэндай-Панасюк, але пасля яго яна так і не выйшла на свабоду, пазней стала вядома, што Паліне выставілі новае абвінавачанне, працягнуўшы тэрмін зняволення.
Дар’я Лосік у прапагандысцкім фільме, паказаным на тэлеканале «Беларусь-1». (Фота: скрыншот з відэа / «Беларусь-1»)
Ад моманту зняволення Дар’ю здымалі схаванай камерай: у фільме фігурыруюць некалькі такіх ўставак.
У сюжэце даволі поўна паказалі некалькі рэзкіх зваротаў Дар’і ў адрас Аляксандра Лукашэнкі, зробленых яшчэ да зняволення. Адметна, што журналістка БТ заўважае, што ў той момант «з-за сацыяльнай розніцы» з Дар’яй Лукашэнка мог не ўбачыць тыя звароты, але цяпер, з выхадам сюжэту на тэлебачанні, верагоднасць гэтага значна вырастае. Пры гэтым Дар’ю просяць зрабіць новы зварот у ягоны адрас.
Дар’я кажа, што пасля зняволення не збіраецца выязджаць за межы Беларусі, нягледзячы на тое, што ў ейным пашпарце ёсць дзейная віза да 25 года.
Пасля вызвалення Дар’я плануе ўладкавацца на працу. Як адзін з варыянтаў яна разглядае працу ў таксі.
На волю Дар’я Лосік павінна выйсці 1 жніўня 2024 года.
Нагадаем, што Дар’ю Лосік затрымалі 18 кастрычніка 2022 года, абвінаваціўшы паводле арт. 361-4 ч. 1 у «Садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» за інтэрв’ю «Белсату». 19 студзеня 2023 года Берасцейскі абласны суд прыгаварыў яе да двух гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Маленькую дачку Дар’і забралі на выхаванне бабуля і дзядуля.
Муж Дар’і Ігар Лосік быў затрыманы па «справе Ціханоўскага» ў 2020 годзе і асуджаны на 15 гадоў зняволення паводле артыкулаў 293 «Масавыя беспарадкі» і 130 «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы».