навіны

Хто прайграў і хто перамог на выбарах у Еўрапарламент – і ці шмат атрымалі скрайне правыя

Папярэднія вынікі выбараў у Еўрапарламент. Раніца 10 чэрвеня 2024 года. (Скрыншот: Europa.eu)
Папярэднія вынікі выбараў у Еўрапарламент. Раніца 10 чэрвеня 2024 года. (Скрыншот: Europa.eu)
podpis źródła zdjęcia

Як і прадказвалі, ёсць пэўны правы зрух, але правацэнтрысты захавалі бальшыню.

Амаль усе краіны Еўразвязу на ранак 10 чэрвеня абвясцілі папярэднія вынікі выбараў у Еўрапарламент. У большасці гатовыя фінальныя вынікі, толькі Ірландыя яшчэ не паведаміла, за каго галасавала. «Белсат» разглядае, як зменіцца склад Еўрапарламенту і што пра гэта пішуць.
Папярэднія вынікі выбараў у Еўрапарламент. Раніца 10 чэрвеня 2024 года. (Скрыншот: Europa.eu)
Папярэднія вынікі выбараў у Еўрапарламент. Раніца 10 чэрвеня 2024 года. (Скрыншот: Europa.eu)
6–9 чэрвеня грамадзяне краінаў Еўразвязу галасавалі на выбарах у Еўрапейскі парламент – наднацыянальны заканадаўчы орган Еўразвязу. Галасавалі за партыйныя спісы сваіх нацыянальных партыяў і рухаў паводле сістэмы прапарцыйнага рэйтынгавага галасавання (single transferable vote). Ужо ў Еўрапарламенце дэпутаты ўваходзяць у парламенцкія групы еўрапейскіх партыяў.
Гэтыя выбары незалежныя ад лакальных, якія адбываліся паралельна ў Балгарыі (парламенцкія), Бельгіі (парламенцкія і рэгіянальныя), Вугоршчыне, Ірландыі, Італіі, Кіпры, Мальце і Румыніі (мясцовыя).
Папярэднія вынікі выбараў у 720-мясцовы Еўрапарламент «злева направа» (ад левых да правых партыяў) у параўнанні з мінулым складам такія.
• Левыя: 36 месцаў, мінус 1.
• Сацыялісты і дэмакраты: 137 месцаў, мінус 2.
• «Зялёныя» і Еўрапейскі свабодны альянс: 52 месцы, мінус 20.
• «Абнавіць Еўропу»: 79 месцаў, мінус 23.
• Еўрапейская народная партыя: 185 месцы, плюс 9.
• Еўрапейскія кансерватары і рэфармісты: 73 месцы, плюс 4.
• «Ідэнтычнасць і дэмакратыя»: 58 месцаў, плюс 9.
• Не ўваходзяць у групы (у тым ліку вугорскія нацыяналісты, нямецкія скрайне правыя і іншыя): 46 месцаў.
• Іншыя (незалежныя дэпутаты і тыя, хто яшчэ не далучыўся да групы): 54 месцы.
Кожная краіна галасавала па-свойму: дзесьці больш набралі правацэнтрысты, дзесьці ў левых і зялёных не такія кепскія вынікі… У Францыі перамаглі скрайне правыя: у «Ідэнтычнасць і дэмакратыю» Францыя выправіць 30 дэпутатаў з 81, якіх выбірала. «Абнавіць Еўропу», звязаная з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам, атрымае ад Францыі толькі 13 дэпутатаў.
Эманюэль Макрон на саміце Рады Еўропы. Рэйк’явік, Ісландыя. 16 траўня 2023 года. (Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай)
Францыя: правыя перамаглі на выбарах у Еўрапарламент, Макрон распускае Нацыянальны сход навіны
Праз упэўненую перамогу скрайне правых на выбарах у Еўрапарламент у Францыі Макрон абвесціў роспуск Нацыянальнага сходу – ніжняй палаты французскага парламенту. Першы тур пазачарговых парламенцкіх выбараў у Францыі адбудзецца 30 чэрвеня, другі – 7 ліпеня.
У Нямеччыне партыя канцлера Оляфа Шольца заняла толькі трэцяе месца: краіна дасць Сацыялістам і дэмакратам толькі 14 еўрадэпутатаў з 96, тады як 30 дэпутатаў пойдуць у Еўрапейскую народную партыю, а 17 ад скрайне правай «Альтэрнатывы для Нямеччыны» (якую перад выбарамі выключылі з «Ідэнтычнасці і дэмакратыі») – у супольнасць тых, хто не ўваходзіць у групы.
Нямецкія сацыял-дэмакраты прызналі паразу і абяцалі аналізаваць памылкі, але аб пазачарговых нацыянальных выбарах не абвяшчалі. Прынамсі, на момант публікацыі выбары ў Еўрапарламент не разбурылі левацэнтрысцкі ўрад Нямеччыны.
Як адзначае «Reuters», цэнтрысты, лібералы і сацыялісты захаваюць бальшыню, але відавочны зрух управа: рост уплыву правых папулістаў, нацыяналістаў і еўраскептыкаў. Выданне дапускае, што гэты зрух управа можа ўскладніць прыняцце новых законаў, патрэбных для рэагавання на выклікі ў бяспецы, змены клімату і прамысловай канкурэнцыі з Кітаем і Злучанымі Штатамі, а таксама можа зрабіць цяжэйшым меркаванае перавыбранне на другі тэрмін дзейнай прэзідэнткі Еўракамісіі, якая называе сваю Еўрапейскую народную партыю «якарам стабільнасці». Але еўрапейскіх выбарнікаў хвалюе не стабільнасць, а эканоміка, эмігранты і вайна.
BBC нагадвае, што сярод саміх скрайне правых ёсць падзел на дзве групоўкі, таму не факт, што ім удасца пераадолець рознагалоссі. Сярод тых, каго адносяць да скрайне правых, ёсць такія, якія становяцца бліжэй да «мэйнстрыму», каб не адпудзіць выбарнікаў, а ёсць і сапраўдныя радыкалы. Але, як заўважае «Reuters», так званы санітарны кардон – адмова супрацоўнічаць са скрайне правымі – пахіснуўся, бо правыя папулісты, нацыяналісты і еўраскептыкі ўжо ва ўладзе некаторых краінаў Еўразвязу.
Урзуля фон дэр Ляен (Фота: Europa.eu)
Урзуля фон дэр Ляен (Фота: Europa.eu)
«Politico» называе такіх пераможцаў гэтых выбараў: прэзідэнтка Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен (бо ейная партыя захавала бальшыню, а ёй мае хапіць галасоў для перавыбрання прэзідэнткай Еўракамісіі), прэм’ерка Італіі Джорджа Мэлёні (бо вяртаецца дамоў з перамогай і нават лепшымі вынікамі за нацыянальныя выбары-2022), скрайне правыя агулам (яны перамаглі таксама ў Аўстрыі і амаль перамаглі ў Нідэрландах) і ў прыватнасці французская апазіцыянерка Марын Ле Пэн, сацыялісты (левацэнтрысты, калі не лічыць Нямеччыну, захавалі пазіцыі), вугорская апазіцыя і ейны лідар Петэр Мадзяр (ягоная партыя набрала 30 % галасоў), а таксама прэзідэнтка Еўрапарламенту Рабэрта Мэтсаля (за яе аддалі найбольш галасоў у гісторыі ўдзелу краіны ў выбарах у Еўрапарламент).
Атрымалі паразу, паводле «Politico», наступныя: згаданыя вышэй Макрон і Шольц, «Зялёныя» (хоць яны і не губляюць надзеі трапіць у кіроўную кааліцыю), кіраўнік Вугоршчыны Віктар Орбан (ягоная партыя «Фідэс» атрымала найгоршы вынік на еўрапейскіх выбарах, 43,8 %), віцэ-прэм’ер Італіі Матэа Сальвіні (ягоная скрайне правая партыя «Ліга» атрымала менш за 9 % галасоў, а на мінулых выбарах мела 34 %) і Еўрапарламент агулам (бо вынікі выбараў паказалі, што мінулы склад не зрабіў сваёй справы).
Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10