Эксперты: «Мірныя» прапановы Пуціна – гэта спроба перахапіць павестку перад самітам у Швейцарыі
14.06.2024, 20:47
Уладзімір Пуцін выступае падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым у Маскве, Расея. 14 чэрвеня 2024 года. (Фота: Sefa Karacan / Anadolu Press / Abaca Press / East News)
podpis źródła zdjęcia
Украіна і Захад сутыкнуцца з выклікам, бо ёсць тыя, для каго план Пуціна прымальны.
За дзень да мірнага саміту ў Швейцарыі Уладзімір Пуцін агучыў свае ўмовы для пачатку мірных перамоваў з Украінаю. Ён заявіў, што для гэтага ўкраінскія войскі павінны быць выведзеныя з усёй тэрыторыі Данецкай, Луганскай, Запарожскай ды Херсонскай абласцей. «Белсат» пацікавіўся ў экспертаў, чаму такая прапанова з’явілася менавіта цяпер і які эфект яна можа зрабіць у свеце.
Уладзімір Пуцін выступае падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым у Маскве, Расея. 14 чэрвеня 2024 года. (Фота: Sefa Karacan / Anadolu Press / Abaca Press / East News)
«Як толькі ў Кіеве заявяць аб тым, што гатовыя да такога рашэння і пачнуць рэальны вывад войскаў з гэтых рэгіёнаў, а таксама заявяць аб адмове ад планаў уступлення ў NATO, з нашага боку неадкладна, літаральна ў тую ж хвіліну, рушыць услед загад спыніць агонь і пачаць перамовы. Адначасова гарантуем бесперашкодны і бяспечны адвод украінскіх частак і злучэнняў», – сказаў Уладзімір Пуцін.
На думку палітычнага аглядальніка і гісторыка Аляксандра Фрыдмана, заява Пуціна выглядае лагічна, калі глядзець на кантэкст.
,,
«Спачатку Расея спрабавала зрабіць так, каб на мірным саміце было як мага меней краінаў. І ціснулі, і праз Кітай працавалі. Адначасова яны пачалі прасоўваць наратывы, што без іх немагчыма, што апошняе слова ўсё роўна за імі. А цяпер у іх ёсць канкрэтныя прапановы, якія паспяхова закінулі, бо тэма актыўна абмяркоўваецца. І, напэўна, падчас швейцарскага саміту гэта будзе абмяркоўвацца.
Гэта выйгрышная сітуацыя для Пуціна. З аднаго боку, ён пануе над дыскурсам, а з другога боку, выйграе ў любым выпадку, будуць прынятыя яго патрабаванні ці не. Ён заўсёды можа сказаць: “Глядзіце, я ж прапаноўваў, а вы мяне не пачулі”. Гэта досыць падрыхтаваная прапагандысцкая аперацыя. А зараз трэба рэагаваць на гэта адпаведным чынам. Я ўжо бачу жорсткія заходнія і ўкраінскія адказы. Так і мае быць. Але што таксама было б добра – не даць Расеі панаваць над дыскурсам, у тым ліку падчас саміту», – кажа Аляксандр Фрыдман.
Генеральны сакратар NATO Енс Столнтэнберг сказаў, што прапанова Пуціна – гэта не мірны план.
,,
«Гэтая прапанова дэманструе, што мэта Расеі – кантраляваць Украіну. Пуцін не мае права дыктаваць Украіне, што ёй неабходна зрабіць для ўстанаўлення міру», – падкрэсліў Столнтэнберг.
Таксама гэта не цікава для кіраўнікоў краінаў Захаду, якія з’яўляюцца саюзнікамі Украіны.
«Але, што тычыцца той генерацыі палітыкаў, якая можа прыйсці бліжэйшым часам, тут магчымыя змены. Прынамсі для тых, хто не хоча пастаўляць зброю і шукае для гэтага аргументы. Гэтая вайна ўсё больш становіцца вайной без выйсця. Я б таксама адрозніваў заходніх палітыкаў, якія ўсё разумеюць, і насельніцтва, якое можа сказаць: “Глядзіце, Пуцін даў канкрэтную прапанову”.
Непрыемна, канешне, але, каму будзе належаць Херсонская вобласць – гэта для звычайнага заходняга абывацеля не такое ўжо прынцыпова важнае пытанне. Думаю, што розныя партыі, якія стрымана або адмоўна ставяцца да падтрымкі Украіны, тая ж “Альтэрнатыва для Германіі” і іншыя, могуць за гэта зачапіцца і сказаць, што можна хаця б ад гэтага адштурхнуцца і пачаць размаўляць», – працягвае Аляксандр Фрыдман.
На думку суразмоўцы, заходнім палітыкам, якія падтрымліваюць Украіну, і прэсе трэба будзе пастарацца патлумачыць людзям, што на сам рэч заява Пуціна – гэта хлусня і проста манеўр.
«Украінскай або беларускай дэмакратычнай аўдыторыі гэта тлумачыць не трэба, а вось звычайнай заходняй аўдыторыі, умоўна, у Грэцыі, Іспаніі ці Партугаліі, для якіх гэта ўсё далёка, трэба тлумачыць, чаму гэтыя прапановы не перакрэсліваюць магчымасць вайны, а наадварот павялічваюць шанцы на тое, што гэта можа скончыцца вялікай вайной у Еўропе», – кажа Аляксандр Фрыдман.
Палітолаг Яўген Магда таксама лічыць, што заява Пуціна з’явілася менавіта перад самітам, таму што ён хоча згуляць на апярэджанне і паказаць, што ў яго ёсць свая мірная ініцыятыва. Асабліва гэта павінна спрацаваць на тых, хто не пагружаны ў кантэкст расейска-ўкраінскай вайны.
,,
«Гэтыя прапановы нагадваюць прапанову адрэзаць сабе нагу, пасмажыць яе на вачах у Пуціна, а ён потым яе зʼесць і паабяцае быць веганам. Гэта прапанова адназначна агідная і не можа быць прынята.
Я б хацеў, каб удзельнікі саміту пасля гэтага назвалі рэчы сваімі імёнамі. Назвалі расейскую агрэсію агрэсіяй і далі зразумець, што ў нас не можа быць варыянтаў, калі мы гаворым з агрэсарам на ягоных умовах. І гэта павінна быць агульнай пазіцыяй людзей, якія збяруцца 15 – 16 чэрвеня ў Швейцарыі», – кажа Яўген Магда.
Украінскі ваеннаслужачы 33-й асобнай механізаванай брыгады ЗСУ стаіць на бронеаўтамабілі Oshkosh M-ATV падчас вайсковых вучэнняў паблізу лініі фронту ў Данецкай вобласці, Украіна. 13 чэрвеня 2024 года. (Фота: Alina Smutko / Reuters / Forum)
Сурʼёзна на падобныя прапановы свету рэагаваць нельга, падкрэслівае суразмоўца.
,,
«Калі б Украіна добраахвотна вырашыла пусціць расейскія войскі на правы бераг Дняпра, гэта б азначала, што мы б далей проста жылі ў чаканні таго, што зробіць Расея, калі яна пачне новы этап агрэсіі. Тым, хто мае сумневы, я нагадаю, што ў 1997 Расея і Украіна падпісалі так званы Вялікі дагавор, якім гарантавалася недатыкальнасць і павага да межаў адзін аднаго. Што стала з гэтай дамовай, усім вядома. Таму верыць Пуціну – гэта сябе не паважаць», – кажа Яўген Магда.
Акрамя таго, ні адзін з чатырох рэгіёнаў, якія назваў Пуцін, Расея не кантралюе цалкам.
«Яшчэ ён не згадвае Крым, гэта значыць Крым у расейскім разуменні расейскі. Гэта таксама паказальны факт. Пуцін кажа – аддавайце мне ўсё і я пагляджу, ці будзеце вы жыць далей. Гэтага не будзе. Я ў гэтым упэўнены і хацеў бы, каб рэакцыя Захаду была адпаведнай.
Пуцін прадэманстраваў, як працуе аўтарытарная дзяржава. Ён не стаў чакаць мірнага саміту, а правёў саміт сам з сабой у зручнай аўдыторыі, дзе яму не задавалі нязручных пытанняў. Гэта ўрок для ўсяго свету, што агрэсар заўсёды будзе імкнуцца гуляць па-свойму і ні з кім не будзе лічыцца», – заключае Яўген Магда.