Спёка і навальніцы: у Беларусі абвешчанае штармавое папярэджанне
19.06.2024, 12:43
Дождж у Менску. Гарадскія камунікацыі не ўсюды даюць рады патокам вады, таму ў некаторых частках гораду ўзніклі вялікія лужыны і патопы. Менск, Беларусь. 6 ліпеня 2022 года. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
У шмат якіх раёнах тэмпература паветра дасягне 32 градусаў.
Белгідрамет абвясціў на 19 чэрвеня штармавое папярэджанне. У шмат якіх раёнах тэмпература паветра дасягне 32 градусаў, пры гэтым амаль паўсюль пройдуць навальніцы з парывістым ветрам і залевамі.
Дождж у Менску. Гарадскія камунікацыі не ўсюды даюць рады патокам вады, таму ў некаторых частках гораду ўзніклі вялікія лужыны і патопы. Менск, Беларусь. 6 ліпеня 2022 года. (Фота: Белсат)
«На большай частцы тэрыторыі чакаюцца навальніцы. Пры навальніцах месцамі моцныя залевы, град і шквалістае ўзмацненне ветру парывамі 15–20 метраў у секунду», – паведаміў Белгідрамет.
Не выключэнне і сталіца: таксама навальніца і моцны вецер.
Пры гэтым у шмат якіх раёнах паветра прагрэецца да 30–32 градусаў.
Абвешчаны памаранчавы ўзровень небяспекі.
У МНС папярэдзілі пра магчымыя перабоі з электрычнасцю, узнікненне прыродных пажараў і павелічэнне колькасці ДТЗ. Улічваючы, што шмат хто будзе ратавацца ад гарачыні ў вадзе, ратаўнікі кажуць і пра пагрозу ўтаплення.
Напярэдадні, як паведамілі ў Міністэрстве надзвычайных сітуацыяў, у Беларусі загінулі двое дарослых і адно дзіця, купаючыся ў вадасховішчах.
ДАІ заклікала кіроўцаў «кантраляваць сваё самаадчуванне», пры першых прыкметах нядужасці або санлівасці спыніцца ў цені і адпачыць. Падчас залевы раяць знізіць хуткасць, уключыць фары і вытрымліваць бяспечную дыстанцыю.