Віктар Хрэнін заявіў, што найміты ПВК Вагнэра застаюцца ў Беларусі
23.06.2024, 19:59
Міністр абароны Віктар Хрэнін. (Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
Вагнэраўцы працягваюць дзяліцца баявым досведам з беларускімі сілавікамі.
Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін у інтэрвʼю СТВ паведаміў, што найміты ПВК Вагнэра працягваюць перадаваць баявы досвед беларускім сілавікам.
Міністр абароны Віктар Хрэнін. (Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram)
,,
«Яны знаходзяцца ў нас. Да іх захоўваецца павышаная цікавасць, так скажам, з боку асабліва заходніх спяцоў», – заявіў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін.
Паводле міністра, атрымаць баявы досвед, не ваюючы – самая вялікая каштоўнасць.
«Мы змаглі яго і ў сябе на тэрыторыі атрымаць. Спецыялісты ПВК Вагнэра таксама з намі падзяліліся, ды і зараз працягваюць дзяліцца тым досведам, найперш баявым досведам. Мы на гэтым фоне, зыходзячы з патрабаванняў нашага галоўнакамандуючага, вельмі правялі сурʼёзную працу. Мы ў корані змянілі праграмы боепадрыхтоўкі. Яны адаптаваныя, сталі больш насіць практычны характар, накіраваныя перш за ўсё вучыць таму, што трэба на полі бою, у вайне, каб перамагчы і выжыць», – падкрэсліў ён.
Хрэнін зазначыў, што ў беларускім войску цяпер «адышлі ад муштры», а праграмы падрыхтоўкі сталі больш зразумелыя.
Хрэнін не патлумачыў, колькі вагнэраўцаў засталося ў Беларусі і ў якім яны знаходзяцца статусе.