навіны

Баі ад Харкава – да Херсону. Што адбываецца ва Украіне?

Наступствы атакі войскаў РФ на Харкаў. 22 чэрвеня 2024 г. (Фота: Titov Yevhen/ABACA / Abaca Press / Forum)
Наступствы атакі войскаў РФ на Харкаў. 22 чэрвеня 2024 г. (Фота: Titov Yevhen/ABACA / Abaca Press / Forum)
podpis źródła zdjęcia

Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 23 чэрвеня.

«Белсат» падводзіць вынікі 851-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 23 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.
Наступствы атакі войскаў РФ на Харкаў. 22 чэрвеня 2024 г. (Фота: Titov Yevhen/ABACA / Abaca Press / Forum)
Наступствы атакі войскаў РФ на Харкаў. 22 чэрвеня 2024 г. (Фота: Titov Yevhen/ABACA / Abaca Press / Forum)
На поўначы Харкаўскай вобласці працягваюцца контратакі Збройных сілаў Украіны каля сяла Глыбокае і ў горадзе Ваўчанск і ягоных ваколіцах. Прарасейскі крыніцы пішуць, што, нягледзячы на сур’ёзную перавагу ў жывой сіле, ЗСУ пакуль не ўдаецца адкінуць праціўніка да дзяржаўнай мяжы з РФ.
Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» мяркуе, што пакуль войскі РФ удала спраўляюцца са сваёй галоўнай задачай на гэтых участках фронту, а менавіта, сцягваюць на сябе рэзервы Збройных сілаў, аслабляючы іх на іншых кірунках.
На купянскім і ліманскім кірунках, паводле Генштабу ЗСУ, цягам апошніх содняў Сілы абароны краіны адбілі шэраг атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Пішчанае, Стэльмахаўка, Бераставое, Капанкі, Макееўка, а таксама на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва. Баявыя дзеянні працягваюцца, але адзначаецца, што сітуацыя застаецца кантраляванай.
Між тым аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што войскі РФ усё ж прасунуліся на ўсходзе ад сяла Сынькоўка, атакуючы з ваколіцаў суседняй Альшаны.
На так званым сівэрскім выступе па фронце Узброеныя сілы РФ ціснуць у ваколіцах населеных пунктаў Раздолаўка і Выемка. Украінскае камандаванне піша пра адбіццё шматлікіх атак праціўніка на гэтых участках фронту.
У гэты ж час тэлеграм-канал «НгП раZVедка» сцвярджае, што УС РФ у выніку паспяховых штурмавых дзеянняў занялі каля паловы сяла Раздолаўка. Цяпер Збройныя сілы намагаюцца контратакаваць, каб вярнуць страчаныя пазіцыі, – пакуль безвынікова.
Нагадаем, раней гэтая крыніца пісала пра атачэнне сяла з усходу, поўдня і захаду.
На краматорскім кірунку працягваюцца баі ва ўсходняй частцы гораду Часаў Яр (за каналам Сівэрскі Данец – Данбас), але зменаў па лініі сутыкнення не фіксуецца.
Яшчэ адзін прарасейскі тэлеграм-канал – «Рыбарь» – паведамляе, што па-ранейшаму застаецца невядомым статус населеных пунктаў Клішчыеўка і Андрэеўка, якія знаходзяцца з поўдня ад гораду Бахмут.
Ніжэй па фронце, па інфармацыі Генштабу ЗСУ, расейцы атакуюць у бок населеных пунктаў Тарэцк і Нью-Ёрк, а таксама каля Паўночнага.
У Deepstate фіксуюць прасоўванні войскаў РФ на апошнім участку.
«Рыбарь» піша пра верагоднае заняцце УС РФ двух штучных узвышшаў на захадзе ад раней захопленага сяла Шумы, а таксама пра захоп прынамсі паловы Паўночнага, але гэтая інфармацыя патрабуе ўдакладнення.
«Офіцер» звяртае ўвагу на тое, што Шумы яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання расейцаў былі амаль цалкам зруйнаваныя, а цывільнае насельніцтва фактычна адсутнічала (па стане на 2018 год у сяле пражывалі ўсяго два чалавекі). Між тым населены пункт быў важным рубяжом абароны ўкраінцаў, пасля страты якога можна гаварыць пра пачатак баёў за сам горад Тарэцк.
Ініцыятыва Узброеных сілаў РФ захоўваецца і на пакроўскім кірунку, дзе па стане на першую палову 23 чэрвеня яны ўжо здзейснілі больш да 30 атак. Паводле Генштабу ЗСУ, тут найбольшая актыўнасць праціўніка лакалізуецца ў ваколіцах населеных пунктаў Новааляксандраўка, Сокал і Карлаўка. Акрамя гэтага баі ідуць у ваколіцах яшчэ шасці сёлаў.
Аналітыкі Deepstate адзначаюць рух войскаў РФ каля сяла Новапакроўскае.
Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што УС РФ маюць тактычныя поспехі ў Карлаўцы і прылеглага да населенага пункту вадасховішча. Таксама, паводле крыніцы, расейцы прасунуліся ў Яснабродаўцы і на подступах да Навасёлаўкі Першай.
Ніжэй па фронце працягваюцца баі ў Краснагораўцы, дзе войскі РФ паступова выціскаюць праціўніка з прыватнага сектару на захадзе гораду.
Таксама на курахаўскім кірунку расейцы наступаюць у ваколіцах населеных пунктаў Георгіеўка, Парасковіеўка і Канстанцінаўка. Пры гэтым з поўдня ад двух апошніх сёлаў ім удалося прасунуцца. Імаверна, атакуючы на гэтым участку фронту, Узброеныя сілы РФ намагаюцца выйсці з поўначы да гораду Вуглядар.
У Запарожскай вобласці, па інфармацыі Генштабу ЗСУ, Сілы абароны краіны адбілі атакі праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Работына і Малая Такмачка (у ваколіцах гораду Арэхаў). Зменаў лініі сутыкнення ў рэгіёне не адзначаюць і прарасейскія крыніцы.
У Херсонскай вобласці працягваюцца цяжкія баі на левым беразе і астравах у рэчышчы Дняпра, адкуль расейцы намагаюцца выбіць праціўніка. Пакуль сітуацыя застаецца складанай для абодвух бакоў канфлікту.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10