На беларуска-латвійскай мяжы знайшлі мёртвага мігранта з Індыі
26.06.2024, 17:06
Belsat
podpis źródła zdjęcia
Віну за ягоную смерць беларускі рэжым ускладае на латвійскіх памежнікаў.
25 чэрвеня полацкія памежнікі знайшлі на беларуска-латвійскай мяжы цела мігранта, паведамляе Памежны камітэт Беларусі.
Дакументы, знойдзеныя недалёка ад цела загінулага мігранта. (Фота: скрыншот з відэа / Следственный комитет Беларуси / Telegram)
Паводле беларускіх памежнікаў, мужчына быў у спальным мяшку ў джынсах і майцы, але без абутку.
У рэчах мужчыны знайшлі пашпарт і пасведчанне кіроўцы на імя 44-гадовага грамадзяніна Індыі.
Памежны камітэт адзначае, што адлегласць ад цела мігранта да брамкі для жывёлаў у латвійскай памежнай агароджы складае 150 метраў.
На месцы працавала следча-аператыўная група.
Следчы камітэт Беларусі сцвярджае, што з пачатку года на беларуска-латвійскай мяжы загінулі 11 мігрантаў.
Нагадаем, што цягам апошніх месяцаў на мяжы Беларусі з заходнімі краінамі разгарнуўся чарговы этап маштабнага мігранцкага крызісу, арганізаванага рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Асаблівая актывізацыя спробаў незаконнага пераходу мяжы назіраецца на беларуска-польскім кірунку. Колькасць спробаў перайсці мяжу толькі ў траўні дасягнула сямі тысячаў выпадкаў.
У праваахоўных органах Польшчы зазначаюць, што расце не толькі колькасць мігрантаў, што спрабуюць прарвацца праз мяжу, але і іхная агрэсіўнасць. Паведамлялася пра шэраг выпадкаў, калі польскія жаўнеры атрымлівалі раненні ў выніку нападу мігрантаў.
28 траўня сталася вядома, што мігрант, які спрабаваў нелегальна трапіць з Беларусі ў Польшчу, напаў з нажом на польскага жаўнера. Раненне было сур’ёзнае, вайскоўца даставілі ў шпіталь, 6 чэрвеня ён памёр. Гэта стала нагодай для абмеркавання пытання поўнага закрыцця межаў паміж Польшчай і Беларуссю. Цалкам верагодна, што, калі Польшча зробіць такі крок, то за ім могуць быць адпаведныя захады і з боку краінаў Балтыі.