навіны

Нічога не сказалі, на галаву надзелі мяшок. Як украінцаў па абмене вярталі з беларускіх турмаў

Валанцёрка Наталля Захаранка. (Фота: «Час Чернігівський»)
Валанцёрка Наталля Захаранка. (Фота: «Час Чернігівський»)
podpis źródła zdjęcia

Адна з украінак, якая была ў беларускай турме, расказала, як вярнулася дадому.

Пяць украінскіх грамадзянаў, якія былі за кратамі ў Беларусі праз палітычныя прычыны, вярнуліся ва Украіну ў межах абмену ваеннапалоннымі. Пра гэта распавёў Уладзімір Зяленскі 26 чэрвеня. Адна з тых, каго Украіна забрала з беларускай турмы, – Наталля Захаранка. Яна расказала «Свабодзе», як вярталася на радзіму.
Грамадзяне Украіны, якіх вызвалілі ў Беларусі, падчас сустрэчы ў кіеўскім аэрапорце «Жуляны». Злева направа – Кацярына Бруханава, Людміла Ганчарэнка, Павел Купрыенка, Наталля Захаранка, Мікалай Швец. Кіеў, Украіна. 28 чэрвеня 2024 года. (Фота: dmytro_lubinetzs / Telegram)
Грамадзяне Украіны, якіх вызвалілі ў Беларусі, падчас сустрэчы ў кіеўскім аэрапорце «Жуляны». Злева направа – Кацярына Бруханава, Людміла Ганчарэнка, Павел Купрыенка, Наталля Захаранка, Мікалай Швец. Кіеў, Украіна. 28 чэрвеня 2024 года. (Фота: dmytro_lubinetzs / Telegram)
Наталля Захаранка з Чарнігава. Яе затрымалі ў Беларусі ў ліпені 2023 года. А ўвесну 2024 года судзілі, нібыта за агентурную дзейнасць. Гомельскі абласны суд пакараў яе 9 гадамі зняволення. Цяпер Наталля ўдома ў Чарнігаве.
У 2022–2023 гадах Наталля практычна штомесяц ездзіла ў Мазыр праз Польшчу. Яна перавозіла людзей, дакументы, рэчы. Яна кажа, што часта вывозіла беларусаў ва Украіну, да сваякоў. Практычна год ва ўладаў Беларусі не было прэтэнзіяў да Наталлі. Але ў ліпені 2023 года яна раптам знікла ў Мазыры. Пазней знайшлася ў гомельскім СІЗА.
У Мазыры Наталля спынялася ў сяброўкі, якую таксама арыштавалі, абвінавацілі ў «неданясенні пра злачынства». Сяброўка атрымала штраф 100 базавых за «неданясенне».


,,

«Я ездзіла, мяне не чапалі, да мяне проста не дайшла чарга. Тут жа, як кажуць, прыйшоў час. Мне схапілі, калі я ўжо дзесяць дзён была ў Мазыры. На 6 содняў кінулі ў ІЧУ ў Гомлі, потым перавялі ў СІЗА», – згадвае арышт Наталля.


Абвінавачанні яна называе «поўным трэшам, трызненнем, высмактаным з пальца». Наталля мяркуе, што яе пакаралі за тое, што шмат беларусаў вывезла ва Украіну і часта перасякала мяжу.
«Суд быў закрыты, рабіце высновы самі: каб ніхто на яго не трапіў, ніхто не чуў, што там было, ніякіх доказаў няма», – кажа Наталля.
Яна зазначае, што абвінавачанні беларусак, з якімі яна сядзела ў следчым ізалятары, сталі проста шокам для яе.
«Чалавек напісаў недзе “рашысты” – атрымаў год, іншы напісаў каментар з трох словаў – атрымаў два з паловай гады, паставіў падабайку – паўтара года. У мяне проста няма словаў! Я проста ў шоку», – жахаецца ўкраінка.
Наталля кажа, што на судзе і падчас прысуду піла заспакаяльныя сродкі – валяр’янку, каб «не пачаць выступаць».
«Бо на прысудзе мне карцела крыкнуць: “Слава Украіне!”, ды я забаялася, што яшчэ гадоў пяць дадаткова атрымаю», – згадвае былая заняволеная. Яна кажа, што артыкул «агентурная дзейнасць» у СІЗА лічыцца палітычным, і таму стаўленне да такіх зняволеных адпаведнае. Наталля кажа, што да такога артыкулу цяжка знайсці адваката, усе адмаўляюцца. Яна мела абаронцу – і лічыць гэта цудам.
У розных канвойных было рознае стаўленне да палітычных. Некаторыя «стараліся» і кожную гадзіну прымушалі даваць справаздачу канвойнаму – імя, прозвішча, паводле якога артыкулу сядзіш, расказвае Наталля.


,,

«Абавязкова трэба было дадаваць: “Схільная да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці”. “Даруй, Гасподзь”, – дадавала я», – успамінае ўкраінка.


Пасля прысуду Наталля рыхтавалася да этапу ў жаночую калонію, ужо сабрала рэчы, сумкі, чакала адпраўкі. Але па яе прыйшлі і загадалі: «З рэчамі на выхад». Наталля думала, што яе пераводзяць у другую камеру. Жанчыну пасадзілі ў бусік і павезлі некуды, нічога не гаворачы. На галаву надзелі мяшок, у вушы – берушы.
Разам з Наталляй ехалі ваеннапалонныя з Расеі і ейная суседка з Чарнігава, Людміла Ганчарэнка. Яна таксама часам ездзіла ў Беларусь, яе таксама затрымалі, абвінавацілі ў «агентурнай дзейнасці» і далі 3 гады калоніі. На момант вызвалення Людміла ўжо была ў гомельскай жаночай калоніі.
«Толькі літаральна за гадзіну да мяжы нам паведамілі, што нас перададуць ва Украіну, паводле абмену. У мяне быў такі шок, так трымцелі рукі, што я не магла выпіць вады, заліла ўсю футболку. У мяне была істэрыка, я думала, што гэта нейкі сон», – кажа Наталля.
Валанцёрка Наталля Захаранка. (Фота: «Час Чернігівський»)
Валанцёрка Наталля Захаранка. (Фота: «Час Чернігівський»)
Наталля расказвае, што на беларускі бок мяжы з Украіны даставілі траіх расейцаў-вайскоўцаў, якія былі ў палоне, і аднаго святара. Расейцы былі ў інвалідных вазках. Але вазкі трэба было вярнуць украінскаму боку. Таму ўкраінцы, у тым ліку Наталля, узялі тыя вазкі і пакацілі іх назад. На вазкі яны паклалі свае рэчы. Пасля ўсіх пасадзілі на верталёт, і яны паляцелі ў Кіеў.
«Усё было, як у блокбастары», – смяецца Наталля.
Яна прыгадвае, што пасля словаў пра абмен і вяртанне ва Украіну яна мела толькі адно жаданне – патэлефанаваць маці і сказаць: «Мама, я ўдома».


,,

«Я да гэтага часу не апамяталася, нібыта ў сне ўсё. Пайшла ў горад, там людзей столькі, аўтамабіляў! Я разгубілася, не ведаю, куды рукі падзець. Ці ззаду трымаць, як у турме, ці ў кішэні», – расказвае Наталля.


Суразмоўца дадала, што ў турме ў яе пахіснулася здароўе: упаў зрок, баліць спіна, бо можна было толькі сядзець, ляжаць не дазвалялі.
«Таблетку там, хоць які анальгін, не дапросішся. У мяне ціск быў: з шостай раніцы да паловы на дзясятую вечара чакала, каб яго проста памералі. Ну як там мераюць – сунеш руку ў кармушку, і так з горам папалам мераюць», – успамінае ўкраінка.
Яна думае, што яшчэ доўгі час будзе адыходзіць ад апошняй паездкі ў Беларусь. На пытанне, ці паедзеце туды некалі зноў, Наталля жартам адказвае: «Толькі калі разам з вамі, ці калі вас туды трэба завезці». «Як у вас там кажуць? «Не сядзеў – не беларус?» – кажа Наталля. – Так, але гэта рэальна жах, за што там садзяць людзей. Я і раней ведала, што там робіцца, але нават не ведала, што за нейкае трызненне магу трапіць за краты».
Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10