Святлана Ціханоўская і генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг. (Фота: Светлана Тихановская / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
«Гэта ключавая магчымасць прыцягнуць увагу да барацьбы Беларусі, якая працягваецца».
Святлана Ціханоўская наведае Грамадскі форум NATO у Вашынгтоне 9–12 ліпеня на запрашэнне генеральнага сакратара арганізацыі Енса Стольтэнбэрга. Пра гэта лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі паведаміла ў «Х».
Святлана Ціханоўская і генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг. (Фота: Светлана Тихановская / Telegram)
Грамадскі форум NATO праходзіць у адзін час са штогадовым самітам NATO.
«Саміт NATO – гэта ключавая магчымасць прыцягнуць увагу да барацьбы Беларусі за дэмакратыю, якая працягваецца, і абмеркаваць шляхі ўмацавання нашай супрацы ў інтарэсах рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці», – падкрэсліла Святлана Ціханоўская.
Падчас візіту Ціханоўская плануе выступіць на шэрагу мерапрыемстваў, а таксама перад амерыканскімі і міжнароднымі медыямі. Яна раскажа пра бягучую сітуацыю ў Беларусі і актуальныя праблемы. Акцэнт будзе зроблены на гібрыдныя атакі рэжыму Лукашэнкі супраць Польшчы, Літвы і Латвіі, на размяшчэнні ядравай зброі ў Беларусі.
Таксама Ціханоўская абмяркуе важную ролю Беларусі для рэгіянальнай стабільнасці і бяспекі, асабліва ў кантэксце расейскай агрэсіі супраць Украіны.
«Я радая, што дэмакратычныя сілы Беларусі вядуць актыўны дыялог з NATO. Альянс заснаваны на каштоўнасцях, якія блізкія беларусам: свабода, правы чалавека, дэмакратыя і вяршэнства права, – кажа перад паездкай Святлана Ціханоўская. – Упэўненая, што для кожнай еўрапейскай краіны неабходна будаваць паважлівыя і канструктыўныя дачыненні з NATO. Гэта важна і для Беларусі, для нашых нацыянальных інтарэсаў, і для падтрымання рэгіянальнай бяспекі.
Я б хацела, каб Беларусь успрымалася як надзейны, мірны і прадказальны партнёр. Беларусь павінна быць успрынятая не толькі як пагроза, але і як магчымасць. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб Беларусь не стала суцяшальным прызам для Пуціна. Падчас саміту ў мяне будзе магчымасць правесці перамовы з прадстаўнікамі і саюзнікамі NATO і ўдасканаліць нашыя пазіцыі, працэсы абмену інфармацыяй ды супрацы ў медыяполі».