Беларусь і Расея плануюць абменьвацца інфармацыяй наконт людзей, якія мінаюць мяжу
09.07.2024, 14:36
Сцягі Расеі і Беларусі ля дому Масквы. Менск, Беларусь. 7 верасня 2021 года. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
МУС Беларусі атрымае доступ да звестак пра дазволы на заезд і перабыванне ў РФ.
Міністэрства лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацыяў Расейскай Федэрацыі плануе пачаць абмен інфармацыяй з МУС Беларусі праз інфармацыйную сістэму міграцыйнага ўліку «Мір». Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на праект пастановы ўраду.
Сцягі Расеі і Беларусі ля дому Масквы. Менск, Беларусь. 7 верасня 2021 года. (Фота: Белсат)
Праект падрыхтаваны ў рамках пагаднення паміж урадамі РФ і Беларусі «аб узаемным прызнанні візаў і наконт іншых пытанняў, звязаных з заездам замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства на тэрыторыі дзяржаваў». Для гэтага плануецца забяспечыць міждзяржаўнае міжведамаснае інфармацыйна-тэлекамунікацыйнае ўзаемадзеянне, а таксама магчымасць вырабу, афармлення і кантролю абароту дакументаў, што сведчаць асобу праз сістэму «Мір».
Як зазначае РБК, сярод інфармацыі, доступ да якой атрымае МУС Беларусі, будуць звесткі пра выдадзеныя і ануляваныя дазволы на заезд і перабыванне, а таксама мінанне межаў РФ і Беларусі ў пунктах пропуску. Плануецца, што звесткі будуць перадавацца толькі на запыт – свабоднага доступу да іх не будзе.
Паводле суразмоўцаў РБК, рэалізацыя ідэі абмену інфармацыяй пра мігрантаў паміж РФ і Беларуссю дазволіць стварыць «заслону» для людзей, якіх з нейкай прычыны выселілі з краіны, але яны спрабуюць вярнуцца праз суседнюю краіну.
Сістэма «Мір» была створаная ў Расеі ў 2015 годзе для барацьбы з незаконнай міграцыяй. Яна аб’ядноўвае дзве дзяржаўныя інфармацыйныя сістэмы: вырабу, афармлення і кантролю пашпартна-візавых дакументаў новага пакалення, а таксама міграцыйнага ўліку.