Заезду з Польшчы ў Беларусь даводзіцца чакаць содні. Цяпер падарожнікі наракаюць на нарадзінцаў Каўказа
08.07.2024, 20:06
Чарга перад пунктам пропуску «Мядзінінкай» на літоўска-беларускай мяжы. 8 ліпеня 2024 года. (Фота: granica_bypl / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
«Чэргі выраслі з увагі на гасцей, якія едуць з ЕЗ на Каўказ. У дзяцей пачаліся канікулы».
«Чэргі выраслі сезонна з увагі на гасцей, якія едуць з ЕЗ на Каўказ. У дзяцей пачаліся канікулы», – такое тлумачэнне знайшлі ў Telegram-чатах, дзе абмяркоўваюць паездкі праз мяжу. На пераходзе «Варшаўскі мост – Тэрэспаль» па абодва бакі мяжы чакаюць каля содняў.
Чарга перад пунктам пропуску «Мядзінінкай» на літоўска-беларускай мяжы. 8 ліпеня 2024 года. (Фота: granica_bypl / Telegram)
Абмеркаванні ў «прымежных» Telegram-чатах збольшага датычаць чэргаў у бок Беларусі. Людзі, не падбіраючы прыстойнай лексікі, абражаюць «улезуноў» і тых, хто пакідае для іх шчыліны ў чарзе.
Нахабнікі знікаюць, калі прыязджае паліцыя, сёння яна акурат дзяжурыла. Таксама самаарганізоўваліся кіроўцы, калі паліцыя з’ехала, «улезуны» з’явіліся зноў.
«Барыгі кружаць, як крумкачы».
«Калі паліцыя ад’ехала, чатыры … улезлі. З’явіліся нібыта з нейкай шчыліны, як прусакі».
Паводле звестак польскіх службаў, легкавікі ў бок Беларусі чакаюць каля 11 гадзінаў, але падарожнікі сведчаць, што ўдвая даўжэй: содні. Паводле дадзеных Дзяржаўнага памежнага камітэту на 20 гадзінаў, у чарзе ў Берасці 150 легкавых аўтаў.
Раней у доўгім чаканні на мяжы абвінавачвалі ўсіх, каго толькі можна: то беларускіх службоўцаў, то польскіх, то «улезуноў», то «чаўночнікаў». Цяпер – новая напасць: летнія вакацыі, што пачаліся ў школах у ЕЗ. І сем’і эмігрантаў паехалі на радзіму.
«Вось амаль нічога нельга везці, хто ўсе гэтыя людзі з бауламі?» – спыталі ў чаце. У адказ напісалі такое тлумачэнне: «Чэргі выраслі сезонна з увагі на гасцей, якія едуць з ЕЗ на Каўказ. Гэта сезон адпачынкаў. Нічога не паробіш».
,,
«Беларусаў у чарзе не багата, зялёны канал праходзілі хутка. Збольшага ў чарзе замежнікі, чачэнцы вязуць дзяцей дадому на канікулы з ЕЗ, іхныя аўты пад завязку: дзеці, рэчы, таму на чырвоным усё павольна. Вялікі дзякуй хлопцам, якія дзяжурылі на кальцы ў дождж, яны вялікія малайцы, кантралявалі рух чаргі, не пускалі нахабных мордаў без чаргі».
Дарэчы, чачэнцаў і дагестанцаў прапанавалі ўлучаць у стыхійныя дзяжурныя атрады дзеля парадку ў чарзе: «Яны кажуць мала, але вельмі даходліва».
Што датычыць багажу, то на выездзе з Польшчы службоўцы не правяраюць яго пільна, пішуць у чатах. Аднак тут як пашчасціць – наступная змена можа ўспомніць пра санкцыі і будзе разварочваць з любой непажаданай рэччу. Пры гэтым беларускія мытнікі глядзяць дасканала.
Паводле Дзяржаўнага памежнага камітэту, у чарзе на выезд з Беларусі ў Польшчу цяпер 30 аўтобусаў, мінімальны час чакання – 18–20 гадзінаў. Удвая меней, калі ўдасца ўскочыць у аўтобус бліжэй да шлагбаума.
Шлях на аўтобусе дадому – шпарчэйшы, каля 3–5 гадзінаў. На мяжы працягваюць вычапляць «на размовы» украінцаў і некаторых грамадзянаў Беларусі, і гэта запавольвае падарожжа. Адна з беларусак пра такую гутарку напісала: «Падчас пратэстаў у краіне не была. Мяне і яшчэ 8 грамадзянаў Украіны адвялі ўбок. Спыталі, адкуль і куды еду, кім працую, мімаходам праглядзелі тэлефон (збольшага фота і кошык) і адпусцілі».
У чатах пачала распаўсюджвацца інфармацыя, што ад заўтра пачне дзеяць «беставарны ўезд» у Польшчу – гэтак жа, як у Літву: нельга нічога, акрамя самага неабходнага ў дарозе. Пра гэта нібыта аднаму з падарожнікаў паведаміў польскі афіцэр.
У «Беняконях» на мяжы з Літвою – 30 легкавікоў, паводле сведчанняў падарожнікаў, чакаць даводзіцца каля 9 гадзінаў. З таго боку на ўезд у Беларусь час чакання даходзіць да 17 гадзінаў. Тут таксама шчыруюць «улезуны», толькі з аўтанумарамі 4-га рэгіёну – Гарадзенскага.
Аўтобусаў у чарзе няма, як сцвярджае Памежны камітэт. У чатах пішуць, што для аўтобусаў тут рай: каля 2–3 гадзінаў, што ў адзін, што ў другі бок.
У «Каменным Лозе» чарга легкавікоў рассмакталася, у зоне чакання не больш за дзясятак аўтаў. З таго боку мяжы сітуацыя кардынальна іншая: больш за 200 машынаў, чакаюць не менш за 13 гадзінаў.
Аўтобуснай чаргі няма, у бок Літвы мяжу мінаюць за 5–6 гадзінаў, у бок Беларусі – каля 3-х.
У «Грыгароўшчыне» на выезд у Латвію 20 аўтамабіляў, затое з таго боку на ўезд у Беларусь – каля 100, чакаюць амаль содні. Аўтобусных чэргаў там няма.