навіны

Паніка сярод дэмакратаў. Ці прымусяць Байдэна зняцца і на каго могуць замяніць

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн трымае за руку віцэ-прэзідэнтку Камалу Гэрыс на гаўбцы Белага дому ў Дзень Незалежнасці ЗША. Вашынгтон, ЗША. 4 ліпеня 2024 года. (Фота: Evan Vucci / AP Photo / East News)
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн трымае за руку віцэ-прэзідэнтку Камалу Гэрыс на гаўбцы Белага дому ў Дзень Незалежнасці ЗША. Вашынгтон, ЗША. 4 ліпеня 2024 года. (Фота: Evan Vucci / AP Photo / East News)
podpis źródła zdjęcia

Прэзідэнцкія выбары ў ЗША маюць адбыцца менш як праз пяць месяцаў.

Пасля першых дэбатаў кандыдатаў на прэзідэнта ЗША сярод прадстаўнікоў кіроўнай Дэмакратычнай партыі ўзмацніліся і дагэтуль не сціхаюць заклікі да зняцця з гонкі прэзідэнта Джо Байдэна, які выступіў вельмі няўпэўнена ў супрацьстаянні са сваім канкурэнтам Доналдам Трампам. Але ці сапраўды сыход палітыка здолее змяніць сітуацыю на выбарах? Ці, наадварот, гэта толькі ўскладніць пазіцыі дэмакратаў у супрацьстаянні з рэспубліканцамі?
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн бярэ ўдзел у першых прэзідэнцкіх дэбатах на выбарах 2024 года ў студыі CNN у Атланце, штат Джорджыя, ЗША. 27 чэрвеня 2024 года. (Фота: Marco Bello / Reuters / Forum)
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн бярэ ўдзел у першых прэзідэнцкіх дэбатах на выбарах 2024 года ў студыі CNN у Атланце, штат Джорджыя, ЗША. 27 чэрвеня 2024 года. (Фота: Marco Bello / Reuters / Forum)
Прэзідэнцкія выбары ў ЗША маюць адбыцца менш як праз пяць месяцаў. Але кіроўная Дэмакратычная партыя, якая 19 жніўня павінна афіцыйна вылучыць свайго кандыдата, апынулася ў цяжкім становішчы. 81-гадовы дзейны прэзідэнт і пераможца праймерыз Джо Байдэн 27 чэрвеня праваліў першы раўнд перадвыбарных дэбатаў супраць экс-прэзідэнта Доналда Трампа з Рэспубліканскай партыі. Палітык запінаўся, збіваўся і агаворваўся, ягоны голас быў слабым і хрыплым, а позірк часам здаваўся безуважлівым. Паводле «The Washington Post», Байдэн часта глядзеў на Трампа «з разяўленым ротам і шырока расплюшчанымі вачыма – ён ствараў уражанне састарэлага дзядулі, якім ён ёсць, а не хітрага лідара, якім ён спадзяваўся сябе паказаць».
Палітолаг-амерыканіст, кандыдатка гістарычных навук Аляксандра Філіпенка ў каментары «Белсату» адзначыла, што ўжо ў першыя хвіліны дэбатаў 27 чэрвеня «пачалася паніка ў прэсе». І цяпер пытанне далейшай прэзідэнцкай кампаніі «вельмі сур’ёзна абмяркоўваецца на самым высокім узроўні істэблішменту Дэмакратычнай партыі».
Як вынік – сярод прыхільнікаў Дэмакратычнай партыі ўзмацніліся заклікі да кіраўніка краіны сысці з прэзідэнцкай гонкі. Сярод іншага, рэдкалегія газеты «The New York Times» заклікала Байдэна зняцца з выбараў, а Дэмакратычную партыю – знайсці яму замену:


,,

«Найвялікшая грамадская паслуга, якую можа цяпер зрабіць Байдэн, – абвесціць, што ён не будзе працягваць балатавацца на перавыбарах».


Абмяркоўвала сыход Байдэна і фракцыя дэмакратаў у Палаце прадстаўнікоў, прычым некаторыя яе ўдзельнікі выказаліся за ягоны сыход, а некаторыя – сумняваліся ў ягонай здольнасці працягваць кампанію.
«Улічваючы неймаверныя дасягненні Байдэна і жахлівыя дасягненні Трампа, ён мусіў бы размазаць Доналда Трампа па падлозе. Але гэтага няма і блізка, і адзіная прычына – век прэзідэнта», – заявіў кангрэсмен-дэмакрат Эдам Шыф.
Як паказала свежае апытанне «Wall Street Journal», Трамп апярэджвае Байдэна ўжо на 6 адсоткавых пунктаў сярод выбарнікаў ува ўсёй краіне: за рэспубліканца гатовыя прагаласаваць 48 % апытаных супраць 42 % за дэмакрата. Гэта найгоршы вынік для дзейнага прэзідэнта з канца 2021 года. Пры гэтым 80 % амерыканцаў заяўляюць: прэзідэнт занадта стары, каб балатавацца на другі тэрмін. Трамп, дарэчы, маладзейшы за Байдэна толькі на тры гады, але ўсё ж выглядае жывейшым за свайго апанента.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн трымае за руку віцэ-прэзідэнтку Камалу Гэрыс на гаўбцы Белага дому ў Дзень Незалежнасці ЗША. Вашынгтон, ЗША. 4 ліпеня 2024 года. (Фота: Evan Vucci / AP Photo / East News)
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн трымае за руку віцэ-прэзідэнтку Камалу Гэрыс на гаўбцы Белага дому ў Дзень Незалежнасці ЗША. Вашынгтон, ЗША. 4 ліпеня 2024 года. (Фота: Evan Vucci / AP Photo / East News)
У выніку сярод дэмакратаў усё мацней гучаць галасы за абранне кандыдатам на прэзідэнта іншай асобы. Напрыклад – дзейнай віцэ-прэзідэнткі Камалы Гэрыс. Ужо згаданы кангрэсмен Шыф заявіў, што «яна б дакладна магла разгромна перамагчы» і стаць «надзвычайнай прэзідэнткай».
Кангрэсмен Джым Клайбэрн, якога называюць «стваральнікам каралёў» у Дэмакратычнай партыі і які таксама гатовы падтрымаць Гэрыс у выпадку сыходу Байдэна, нават прапанаваў адмысловую працэдуру «міні-праймерыз», згодна з якой маглі б прайсці выбары кандыдата на прэзідэнты.
Аднак, паводле Філіпенкі, праблема заключаецца ў тым, што ў ЗША няма федэральнага заканадаўства аб замене кандыдата. І хоць Дэмакратычная партыя вольная вызначаць, якім чынам ёй абіраць свайго кандыдата, замена Байдэна можа прывесці да абвінавачання з боку выбарнікаў у тым, што іх пазбавілі выбарчых правоў.
«Любы чалавек можа тэарэтычна падаць у суд за пазбаўленне выбарчых правоў у сувязі з тым, што ён не галасаваў [на праймерыз. – Рэд. belsat.eu] за кандыдата, якога можа прапанаваць Дэмакратычная партыя», – сказала палітолаг.
Каб пазбегчы гэтых абвінавачанняў, дэмакратам можа спатрэбіцца зноў правесці праймерыз ува ўсіх 50 штатах – «гэта каласальная праблема».
Разумеючы ўсе магчымыя праблемы, Дэмакратычная партыя не спяшаецца мяняць кандыдата. Дый сам палітык здымацца не збіраецца. Ён адзначае, што не мае патрэбы ў тэставанні на кагнітыўныя здольнасці, што здароўе дазволіць яму прапрацаваць другі тэрмін і што ён адмовіцца ад удзелу ў выбарах, толькі калі «Бог Усёмагутны спусціцца з неба і скажа гэта зрабіць». Сваю пазіцыю Байдэн пацвердзіў 8 ліпеня ў лісце дэмакратам у Кангрэсе, у якім назваў сябе найлепшым кандыдатам, каб перамагчы Трампа ў 2024 годзе.
Чалавек трымае таблічку з надпісам «Ці падыходзіць Джо Байдэн для пасады?!» ля штаб-кватэры Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі. Вашынгтон, ЗША. 9 ліпеня 2024 года. (Фота: Francis Chung / Politico / AP Images / East News)
Чалавек трымае таблічку з надпісам «Ці падыходзіць Джо Байдэн для пасады?!» ля штаб-кватэры Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі. Вашынгтон, ЗША. 9 ліпеня 2024 года. (Фота: Francis Chung / Politico / AP Images / East News)
Філіпенка не выключае, што на Канвенцыі 19 жніўня Дэмакратычная партыя магла б прагаласаваць за іншага кандыдата, нават без згоды на тое Байдэна. Але ў такім выпадку дэмакраты могуць атрымаць не толькі абвінавачанне ў пазбаўленні выбарчых правоў з боку простых амерыканцаў, якія ўдзельнічалі ў праймерыз, але і абвінавачанне з боку Байдэна ў дачыненні «няверных выбарнікаў».
«Бо тыя людзі, якія галасуюць на Канвенцыі, фактычна павінныя проста перадаваць галасы амерыканцаў. Адпаведна, яны мусяць прагаласаваць так, як прагаласавалі штаты. Яны ў сваёй пераважнай большасці прагаласавалі за Байдэна ў межах Дэмакратычнай партыі», – заявіла амерыканістка.
Праблема і ў тым, што тая ж Гэрыс не карыстаецца вялікаю папулярнасцю нават у сваёй Дэмакратычнай партыі. Праведзенае пасля дэбатаў апытанне «YouGov» паказала, што за Байдэна, нягледзячы на ўсе пытанні да яго, гатовыя прагаласаваць 47 % дэмакратаў і іх прыхільнікаў, а за Гэрыс – толькі 32 %.
Разам з тым, 47 % дэмакратаў схільныя да таго, каб Байдэн усё ж зняўся з выбараў. Супраць гэтага выступаюць 39 % апытаных. Сярод тых, хто выступае за зняцце палітыка, 62 % называюць галоўнай прычынай ягоныя век, здароўе і разумовыя здольнасці, 27 % – ягоныя слабыя шанцы перамагчы Трампа і толькі 7 % – нязгоду з ягонай палітыкай.
Пры гэтым, калі Байдэн усё ж сыдзе з гонкі, Гэрыс гатовыя падтрымаць 66 % прыхільнікаў Дэмакратычнай партыі. Такія ж шанцы мае і жонка экс-прэзідэнта Барака Абамы Мішэл, але яна пакуль адмаўляецца ад удзелу ў выбарах. Топавымі прэтэндэнтамі ёсць таксама міністр транспарту Піт Бутыджыдж (56 %), губернатар Каліфорніі Гэвін Ньюcам (54 %), сенатарка ад штату Масачусэтс Элізабэт Ўорэн (51 %) і 83-гадовы сенатар ад штату Вэрмонт Бэрні Сэндэрз (50 %).
Прыхільнікі вітаюць прэзідэнта ЗША Джо Байдэна падчас перадвыбарчай падзеі ў Мэдысане, ЗША. 5 ліпеня 2024 года. (Фота: Sual Loeb / AFP / East News)
Прыхільнікі вітаюць прэзідэнта ЗША Джо Байдэна падчас перадвыбарчай падзеі ў Мэдысане, ЗША. 5 ліпеня 2024 года. (Фота: Sual Loeb / AFP / East News)
У сваю чаргу, апытанне «Politico» сведчыць, што ў выпадку намінацыі Гэрыс за яе на выбарах гатовыя прагаласаваць 42 % амерыканцаў супраць 41 % за Трампа. Былая дзяржаўная сакратарка ЗША Гілары Клінтан магла б перамагчы Трампа з яшчэ большым адрывам – 43 % на 41 %. А вось Байдэн, сведчыць апытанне, наадварот, саступіў бы Трампу (42 % супраць 43 %).
На думку Філіпенкі, Гэрыс з улікам ейнай цяперашняй пазіцыі ёсць найбольш імавернаю кандыдаткай у выпадку сыходу Байдэна з гонкі. А вось Абама ці Клінтан, на думку эксперткі, – «гэта з разраду фантастыкі», хоць апошняя і магла б захацець «матчу-рэфаншу» за сваю паразу ад Трампа ў 2016 годзе.
«Тым больш, што пра яе апошнім часам вельмі шмат казалі і вельмі шмат згадвалі ў сувязі з судовымі справамі Трампа. Гэта сапраўды такое было б эфектнае вяртанне», – мяркуе амерыканістка.
Аднак больш «прыземленым» варыянтам кандыдата ад Дэмакратычнай партыі наша суразмоўца лічыць губернатара Каліфорніі Ньюсама, які ўжо праводзіў ценявую перадвыбарную кампанію і добра вядомы на федэральным узроўні. Апроч таго, на думку Філіпенкі, неблагія шанцы ў губернатаркі «хісткага» штату Мічыган Грэтчэн Ўітмэр, якая карыстаецца папулярнасцю таксама сярод рэспубліканцаў, і ў міністра транспарту Бутыджыджа.
Філіпенка мяркуе, што на сёння найбольшыя шанцы перамагчы Трампа мае «хтосьці, акрамя Байдэна». Тым не менш, падкрэсліла яна, калі пастановяць вылучыць кандыдатам менавіта яго, то ўсе астатнія палітыкі-дэмакраты будуць працаваць на ягоную перамогу, «усе будуць за ім гарой».
Амерыканістка таксама нагадала, што на выбарах 2016 года Гілары Клінтан выглядала на дэбатах больш упэўнена за Трампа, які «губляўся, не мог адказаць на пытанні». Але за 13 дзён да выбараў «сітуацыя кардынальна змянілася»: здарылася ўцечка «WikiLeaks», якая моцна сапсавала імідж Клінтан. У выніку перамогу тады атрымаў Трамп.


,,

«Проста вельмі рэзка ўсё можа змяніцца. Таму гэта проста асаблівасці амерыканскай палітыкі», – падсумавала палітолаг.


Нагадаем, што выбары ў ЗША пройдуць 5 лістапада. Гэта будуць ужо 60-ыя прэзідэнцкія выбары ў гісторыі краіны.
Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10