«Стаяць ад 15 гадзін». Праз сітуацыю на мяжы перанеслі выезды аўтобусаў Варшава–Менск
10.07.2024, 20:12
Мужчына спрабуе дамовіцца з кіроўцам аўтобусу «Вроцлаў – Пінск», каб трапіць у Беларусь праз памежны пункт «Тэрэспаль» («Берасце»). Тэрэспаль, Польшча. 14 траўня 2024 года. (Фота: Карына Пашко / Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Аўтобусныя чэргі сталі як на выезд з Беларусі, так і на ўезд у краіну.
У тэлеграм-чатах, прысвечаных перасячэнню польска–беларускай мяжы, абмяркоўваюць моцнае спазненне выезду аўтобусаў, якія выконваюць рэйсы з Варшавы ў Менск. Увагу на гэта звярнула «Зеркало».
Мужчына спрабуе дамовіцца з кіроўцам аўтобусу «Вроцлаў – Пінск», каб трапіць у Беларусь праз памежны пункт «Тэрэспаль» («Берасце»). Тэрэспаль, Польшча. 14 траўня 2024 года. (Фота: Карына Пашко / Белсат)
Паводле карыстальнікаў, аўтобус «Менсктрансу» (аўтапарк № 5) 10 ліпеня мусіў выехаць з Варшавы ў Менск а 12:00 паводле мясцовага часу, аднак і праз чатыры гадзіны пасажыры ўсё яшчэ чакалі пасадкі на аўтавакзале «Варшава-Заходня».
,,
«Сядзім на аўтавакзале яшчэ, бо затрымліваюцца на мяжы сюды. Ніхто нават паведамленне не даслаў, што затрымка, сядзім і чакаем», – распавяла адна з пасажырак.
Паводле яе, «а 13:30 забралі тых, у каго квіткі былі на 07:00». Яе ж браць адмовіліся, сказаўшы, што аўтобус будзе а 16.:30».
Падобную сітуацыю расказалі і пасажыры аўтобуса «Intercars», які мусіў выехаць з Варшавы а 08:45, але выезд перанеслі спачатку на 13:00, а затым і на 16:00.
«Візіт-тур» паведаміў пра перанос рэйсу прыкладна на восем гадзін.
У некалькіх кампаніях, куды патэлефанавала журналістка, дыспетчары патлумачылі, што выезд аўтобусаў з Варшавы ў Менск затрымліваецца праз вялікія памежныя чэргі на ўезд у Польшчу, дзе яны праводзяць шмат часу. Акрамя таго, кіроўцы абавязаныя выконваць неабходную норму адпачынку перад тым, як паехаць у зваротны рэйс.
Аўтобусныя чэргі сталі як на выезд з Беларусі, так і на ўезд у краіну, расказалі ў «Intercars».
«Па часе стаяць ад 15 гадзін», – адзначыла дыспетчарка.
Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі паведаміў, што з 3:00 10 ліпеня Польшча не прымае грузавыя транспартныя сродкі, якія едуць з Беларусі праз пераход «Казловічы – Кукурыкі». Прадстаўніца польскай Скарбовай адміністрацыі растлумачыла «Белсату», што машынаў не перасталі прапускаць, але працэс запаволіўся праз санкцыі. Пазней у ДПК заявілі, што польскі бок аднавіў прыём грузавых транспартных сродкаў.