«Робім усё магчымае, каб захаваць "Белсат"». Аліна Коўшык правяла сустрэчу ў МЗС Польшчы
12.07.2024, 16:59
Аліна Коўшык з намесніцай міністра замежных справаў Польшчы Гэнрыкай Масьціцкай-Дэндыс і адмысловым пасланнікам у сувязях з дэмакратычнай Беларуссю Артурам Міхальскім. (Крыніца: Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
Таксама абмяркоўвалі пытанне шэнгенскіх віз для беларусаў.
Прадстаўніца ў пытаннях нацыянальнага адраджэння Кабінету Аліна Коўшык правяла сустрэчу з намесніцай міністра замежных справаў Польшчы Гэнрыкай Масьціцкай-Дэндыс і адмысловым пасланнікам у сувязях з дэмакратычнай Беларуссю Артурам Міхальскім.
Аліна Коўшык з намесніцай міністра замежных справаў Польшчы Гэнрыкай Масьціцкай-Дэндыс і адмысловым пасланнікам у сувязях з дэмакратычнай Беларуссю Артурам Міхальскім. (Крыніца: Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі / Telegram)
Размова вялася пра лёс тэлеканалу «Белсат», падтрыманне беларускай грамадзянскай супольнасці, правядзенне канферэнцыі імя Тадэвуша Касцюшкі (у гэтым годзе адзначаецца 230-я гадавіна паўстання пад яго кіраўніцтвам), неабходнасць выдачы шэнгенскіх візаў для беларусаў, шляхі вызвалення палітычных зняволеных, паведамляе прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінету.
,,
«Мы робім усё магчымае, каб захаваць тэлеканал “Белсат” і зрабіць яго працу яшчэ больш эфектыўнай», – сказала Аліна Коўшык.
Раней Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы з міністрам замежных справаў Польшчы Радославам Сікорскім распавяла пра крытычную важнасць «Белсату» і заклікала міністра захаваць незалежнасць каналу.
Гэтую ж тэму кіраўнік НАУ і намеснік кіраўніцы АПКБ Павел Латушка ўзнімаў падчас сваіх сустрэчаў з прадстаўнікамі Міністэрства замежных справаў Польшчы.
«Адной з галоўных тэмаў была менавіта падтрыманне тэлеканалу “Белсат” – захаванне яго самастойнасці, фінансавага падтрымання, дзеля таго, каб беларускае дэмакратычнае тэлебачанне развівалася, каб і далей магло пераказваць праўдзівую і аб’ектыўную інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Беларусі», – сказаў Павел Латушка.
4 ліпеня 2024 года Польскае грамадскае тэлебачанне абвясціла рэформу, што закранае тэлеканал «Белсат». Найбліжэйшым часам плануецца стварыць Цэнтр праграмаў для замежжа, які будзе кіраваць «TVP World» і «Белсат». А на базе «Белсату» будзе створаны новы тэлеканал, што будзе трансляваць на беларускай, украінскай і расейскай мовах.