«Мы захоўваем іх каштоўнасці і сэнсы»: заява Ціханоўскай на трэцюю гадавіну затрымання праваабаронцаў «Вясны»
14.07.2024, 08:36
Алесь Бяляцкі і Святлана Ціханоўская на ўручэнні прэміі Сахарава «За свабоду думкі». Брусель, Бельгія. 16 снежня 2020 года. (Фота: spring96.org)
podpis źródła zdjęcia
Абраная прэзідэнтка заклікала беларусаў пісаць палітвязням і падтрымоўваць іхныя сем’і.
14 ліпеня 2021 года сілавікі схапілі кіраўніка «Вясны» Алеся Бяляцкага, сябру рады праваабарончага цэнтру Валянціна Стэфановіча і юрыста Уладзіміра Лабковіча. Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская запэўніла, што «мы захоўваем іх каштоўнасці і сэнсы, што гучаць паўсюль».
Алесь Бяляцкі і Святлана Ціханоўская на ўручэнні прэміі Сахарава «За свабоду думкі». Брусель, Бельгія. 16 снежня 2020 года. (Фота: spring96.org)
«Тры гады, як рэжым паспрабаваў знішчыць «Вясну» – самую буйную беларускую праваабарончую арганізацыю. І дзеля гэтага сфабрыкаваў крымінальныя справы, каб кінуць за краты чальцоў руху: Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча», – канстатавала Святлана Ціханоўская.
Старшыню «Вясны» Алеся Бяляцкага, сябру рады праваабарончага цэнтру Валянціна Стэфановіча і юрыста Уладзіміра Лабковіча схапілі 14 ліпеня 2021 года. Іх абвінавацілі нібыта ў «кантрабандзе» і «фінансаванні групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак».
Суддзя Марына Запаснік прызначыла Бяляцкаму 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Стэфановічу – 9, Лабковічу – 7.
«Для дэмакратычнага свету гэта прагучыць дзіўна і жудасна, але для Беларусі апошнія 4 гады – гэта штодзённая рэчаіснасць: знак роўнасці ставіцца паміж паняццямі “правы чалавека”, “дапамога” і “злачынства”», – адзначыла абраная прэзідэнтка.
Яна падкрэсліла, што Бяляцкі – лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру – заўжды актыўна падтрымліваў беларускую мову і культуру, а ягоныя дасягненні «можна пералічваць бясконца»:
«У іншых умовах краіна ганарылася б сваім выбітным грамадзянінам, але дыктатура ўспрымае яго як пагрозу, як і любога чалавека, які выказвае нязгоду з сістэмай, створанай Лукашэнкам, ды кідае ёй выклік».
Лідарка не сумняецца, што некалі сустрэнецца з Бяляцкім у вольнай Беларусі:
,,
«Мы даўно не атрымліваем навінаў ад Алеся і ягоных калегаў. Але мы захоўваем іх каштоўнасці і сэнсы, што гучаць паўсюль: у словах аднадумцаў, прамовах праваабаронцаў і палітыкаў, у падзяках беларусаў і беларусак, якім дапамагла “Вясна”. Я ганаруся тым, што знаёмая з ім асабіста, і вельмі чакаю моманту, калі мы сустрэнемся ўсе разам – ужо ў вольнай Беларусі».
Яна згадала словы Бяляцкага: «Напісаўшы некалькі словаў у падтрыманне, разам з апусканнем ліста ў паштовую скрынку, тыя, хто мяне падтрымліваюць, у гэтае ж імгненне атрымліваюць і нябачны адказ». «І я часта ўзгадваю гэтыя словы», – запэўніла абраная прэзідэнтка, заклікаўшы пісаць палітвязням і пры магчымасці дапамагаць іхным сем’ям.
«Калі для вас гэта бяспечна, распавядзіце пра іх сітуацыю ў сацсетках і заклікайце людзей навокал падтрымаць вязняў. Сёння кожны з нас можа зрабіць маленькае дзеянне – і тым самым паскорыць працэс вызвалення беларусаў з-за кратаў», – падсумавала Святлана Ціханоўская.