Мінэнерга заявіла пра масавае адключэнне электрычнасці на Гомельшчыне
14.07.2024, 21:53
Аварыйныя брыгады аднаўляюць электразабеспячэнне пасля ўрагану 14 ліпеня. (Фота: Minenergo_by / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
Толькі ў Гомельскай вобласці электразабеспячэнне было парушана ў 368 паселішчах.
Міністэрства энергетыкі паведамляе пра цяжкія наступствы ўраганаў, якія абрынулася на Беларусь. У Гомельшчыне адбылося масавае адключэнне электрычнасці. Таксама моцна пацярпелі паселішчы Магілёўскай вобласці.
Аварыйныя брыгады аднаўляюць электразабеспячэнне пасля ўрагану 14 ліпеня. (Фота: Minenergo_by / Telegram)
У Гомельскай вобласці 14 ліпеня прайшлі навальніцы з моцным шквалістым ветрам, парывы якога дасягалі 30 м/с, што прывяло да падзення дрэваў на лініі электраперадачы, іх абрыву, пашкоджання апор. Паводле звестак Мінэнерга, па стане на 21:00 электразабеспячэнне было парушана ў 368 населеных пунктах Гомельскай вобласці.
,,
«Больш за ўсё ад непагадзі пацярпеў Мазырскі раён, куды сцягнуты аварыйныя брыгады з суседніх, менш пацярпелых раёнаў. Стыхія таксама стала прычынай тэхналагічных парушэнняў у Калінкавіцкім, Ельскім, Нараўлянскім, Лельчыцкім раёнах», – паведамілі ў міністэрстве.
Наступствы непагадзі ў рэгіёне ліквідуюць каля 100 аварыйных брыгад. На ўзроўні «Белэнерга» створаны аператыўны штаб для прыняцця скаардынаваных захадаў па больш хуткаму аднаўленню электразабеспячэння, кажуць у міністэрстве.
Мінэнерга таксама паведамляе, што на Магілёўшчыны перабоі электразабеспячэння зафіксаваныя ў 202 паселішчах. Там вядуцца аднаўленчыя працы.
Нагадаем, пасля экстрэмальнай спёкі на Беларусь 13-14 ліпеня абрынуліся ўраганы.
13 ліпеня парушэнне электразабеспячэнне было зафіксавана ў 900 паселішчах па ўсёй краіне. Загінулі дзве асобы: дзяўчыны на Цнянскім вадасховішчы і мужчыны на Вілейскім. У Менску вецер ламаў і вырываў з каранямі дрэвы, ад падзення якіх шмат пацярпелых, у тым ліку дзяцей.
Ураганы 14 ліпеня былі яшчэ больш разбуральнымі. Беларуская чыгунка паведаміла пра сур’ёзны збой у руху цягнікоў. У Рэчыцкім раёне ў выніку падзення дрэваў на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага лагера імя Марата Казея загінуў хлопчык, атрымалі траўмы шасцёра дзяцей.