Енс Стольтэнбэрг выказаўся наконт ідэі перахопу расейскіх ракет над тэрыторыяй Украіны
14.07.2024, 18:56
Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг на прэс-канферэнцыі. Брусэль, Бельгія. 13 лютага 2022 года. (Фота: nato.int)
podpis źródła zdjęcia
Раней ва ўрадзе Польшчы заявілі, што разглядаюць такую магчымасць.
Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг заявіў, што палітыка NATO адносна ўдзелу ў вайне Украіны з Расеяй нязменная і гэта ў тым ліку тычыцца ідэі перахопу расейскіх ракетаў над тэрыторыяй Украіны. Пра гэта паведамляе РБК-Украіна.
Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг на прэс-канферэнцыі. Брусэль, Бельгія. 13 лю (Фота: nato.int)
«NATO будзе падтрымліваць Украіну і мы цяпер павялічылі сваю падтрымку, у прыватнасці за кошт розных сістэм СПА. Вядома, F-16 таксама з’яўляецца важным у гэтым кантэксце. Мы дамо і больш наземных сістэм СПА і боепрыпасы да тых, якія ёсць», – сказаў генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг.
Аднак, адказваючы на пытанне, наконт таго, ці магла б Польшча знішчаць расейскія ракеты над тэрыторыяй Украіны, генеральны сакратар Альянсу заявіў, што гэтага не будзе.
«Палітыка NATO нязменная – мы не будзем удзельнічаць у гэтым канфлікце, мы не станем яго часткай», – падкрэсліў ён.
Раней міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў, што Варшава разглядае прапанову Кіева збіваць расейскія ракеты, якія ляцяць у бок Польшчы, пакуль яны яшчэ знаходзяцца ва ўкраінскай паветранай прасторы. Адпаведная прапанова была ўключаная ў сумесную абаронную дамову паміж Польшчай і Украінай, падпісаную ў пачатку гэтага тыдня.
Сікорскі нагадаў пра шэраг выпадкаў, калі падчас паветраных атак на Украіну расейскія ракеты парушалі паветраную прастору Польшчы. «Наша дылема заключаецца ў наступным. Калі мы будзем збіваць іх толькі тады, калі яны ўваходзяць у нашу паветраную прастору, то абломкі ўяўляюць пагрозу для нашых грамадзян і для нашай уласнасці. А ўкраінцы кажуць: «Калі ласка, мы не пярэчым, рабіце гэта над нашым паветранай прасторай, калі ёсць непазбежная пагроза іх уваходу на тэрыторыю Польшчы», – сказаў міністр.
Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш падкрэсліў, што Варшава пракансультуецца са сваімі саюзнікамі па NATO і заручыцца іх згодай, перш чым спрабаваць збіць любыя расейскія ракеты.