навіны

Чатырохгадзінны стрым і Святлана Ціханоўская на культавым беларускім фэсце

Belsat
Belsat
podpis źródła zdjęcia

Карэспандэнты «Белсату» зноў «Тутака».

У нядзелю, 14 ліпеня, не толькі фінал чэмпіянату Еўропы па футболе, але і апошні дзень фэсту «Тутака». І карэспандэнты «Белсату» зноў тут, каб расказаць, што адбывалася на культавым беларускім фэсце.
Як ні намагайся, а галодным ты шмат не зробіш, нават адпачываць не паеўшы цяжка. А тут пах смажанага мяса, і ногі самі ідуць да яго. Гэтым разам на «Тутацы» кормяць асабліва смачна: далікатнае мяса, смажанае на грылі, з цыбуляй, грыбамі і гароднінай. І да ўсёй гэтай смакаты падаецца цудоўны маласольны агурок. Маласольныя агуркі тут увогуле крутыя, хрумкаў бы іх у хрумкаў. А яшчэ смажаная свініна, каўбаскі, бабка і бігас. Усё ад 20 – 25 злотых за порцыю. Для вегетарыянцаў ёсць шашлыкі з гародніны. Тыя, хто жыве ў намётавым гарадку, смажаць самі. Галоўнае – галодным ты тут не застанешся, хутчэй за ўсё цвярозым таксама.
Фестываль «Tutaka» ва ўрочышчы Барык на Падляшшы, Польшча. 13 ліпеня 2024 года. (Фота: Белсат)
Фестываль «Tutaka» ва ўрочышчы Барык на Падляшшы, Польшча. 13 ліпеня 2024 года. (Фота: Белсат)
Але лепей пра зорак. На другі дзень фэсту самымі папулярнымі сталі Святлана Ціханоўская і гурт, які першапачаткова не быў абвешчаны ў праграме. Людзей у асноўны дзень фэсту значна паболела. Пайшоў гандаль у прадаўцоў кніжак і нацыянальнай сімволікі. Розныя арганізацыі выставілі свае намёты. Папулярнасцю карыстаецца намёт «BYSOL». Тут Андрэй Стрыжак асабіста лепіць на рукі людзей налепкі з надпісам «экстрэміст». З такой з фэсту зʼехаў і журналіст «Белсату». Вядома ж, мы паразмаўлялі з лідарам фонду.
– Мы выставалі на «Тутацы» нашу пляцоўку разам з ініцыятывай «Вольныя», праводзім акцыю – кожны ахвочы можа атрымаць часовую татуіроўку: экстрэміст, экстрэмістка, беларускі арнамент. Таксама можна паўдзельнічаць у латарэі, дзе мы разыгрываем кнігі. Вельмі шмат людзей прыходзіць удзельнічаць у гэтых актыўнасцях, галоўнае, што ўсе ахвяраванні пойдуць на падтрыманне палітзняволеных, і я прагназую, што гэта будзе даволі добрая сума, – кажа Андрэй Стрыжак.
Стрыжак кажа, што стараецца не прапускаць «Тутаку», і таму мы запыталі, што для яго значыць гэты фэст.
– Гэты фэст пачынаўся напрыканцы 80-х як «Басовішча». Ён прыпыняўся, а потым аднавіўся ў фармаце «Тутака» Гэтая імпрэза шматмерная: тут ёсць месца для пляцовак, якія займаюцца прасоўваннем беларускае мовы, культуры, адукацыі, ёсць магчымасць пабавіць добра час, паслухаць музыку, сустрэцца з сябрамі. І ўвогуле гэта вельмі знакавае месца – мы тут у некалькіх кіламетрах ад беларускай мяжы, і важна, каб гэта працягвалася. Вялікі дзякуй фонду «Тутака», які робіць усю гэтую справу, – адзначыў у размове з «Белсатам» Андрэй Стрыжак.
Фестываль «Tutaka» ва ўрочышчы Барык на Падляшшы, Польшча. 13 ліпеня 2024 года. (Фота: Белсат)
Фестываль «Tutaka» ва ўрочышчы Барык на Падляшшы, Польшча. 13 ліпеня 2024 года. (Фота: Белсат)
Недалёка ад пляцоўкі «BYSOL» размясціўся клуб гістарычнай рэканструкцыі «Invictus 1863».
– Мы займаемся рэканструкцыяй паўстання 1863 года, рэканструюем строі, зброю і агулам дух таго часу, паказваем, што і як адбывалася ў той перыяд, – кажа прадстаўнік клубу, гісторык Аляксей Трубкін.
Аляксей распавядае, што да іх пляцоўкі падыходзіць вельмі шмат людзей і адзначае важнасць такога фэсту для беларусаў.
– Для мяне «Тутака» – гэта працяг «Басовішча». Тут можна сустрэцца са старымі сябрамі, пазнаёміцца з новымі людзьмі. Гэта адзіны такі беларускі фэст з гісторыяй, што шмат для мяне значыць. І не толькі для мяне, – кажа Аляксей Трубкін
Фестываль «Tutaka» ва ўрочышчы Барык на Падляшшы, Польшча. 13 ліпеня 2024 года. (Фота: Белсат)
Фестываль «Tutaka» ва ўрочышчы Барык на Падляшшы, Польшча. 13 ліпеня 2024 года. (Фота: Белсат)
Тое, што адбывалася на сцэне фэсту, кожны мог пабачыць у трансляцыі «Белсату». А мы ідзём за кулісы, дзе адбываецца сустрэча ў нефармальнай атмасферы Святланы Ціханоўскай і іншых дэмакратычных палітыкаў з беларускай дыяспарай Беластоку і беларусамі Падляшша, якія за апошнія гады зрабіліся гучным голасам. Адно з пытанняў – атрыманне магчымасці вучыцца па-беларуску. Але ўзнікае і іншае: альбо мы дабіваемся такой магчымасці, альбо ідзём да гэтага праз культуру, розная імпрэзы, і тады ўзнікае цікавасць да беларускай мовы. Пазней Святлана Ціханоўская сустрэнецца з усімі беларусамі, якія прыехалі на фэст. Людзі спытаюць пра легалізацыю за мяжой і што рабіць, калі скончыўся беларускі пашпарт? Ціханоўская запэўніла, што яна і яе каманда робяць усё, каб развязаць гэтую праблему.
Фестываль «Tutaka» ва ўрочышчы Барык на Падляшшы, Польшча. 13 ліпеня 2024 года. (Фота: Белсат)
Фестываль «Tutaka» ва ўрочышчы Барык на Падляшшы, Польшча. 13 ліпеня 2024 года. (Фота: Белсат)
Дарэчы, старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка раней быў прадзюсарам і ў гэтай якасці прывозіў на «Басовішча» рок-гурты. Паразмаўлялі з Франакам пра гэта.
– Для мяне фэст «Тутака» – гэта людзі. Я стараюся пры першай магчымасці прыехаць сюды, прыязджаў на «Басовішча», прыязджаю на «Тутаку». Гэта сапраўдная падзея, і каб мог, я не прапускаў бы аніводнага фэсту. Глядзіце, тут збіраецца эміграцыя, дыяспара, меншасць і актыў з краіны, тут можна развязаць працоўныя пытанні, адпачыць, паслухаць любімыя гурты, і гэта частка майго жыцця і крыніца натхнення, – кажа ў размове з «Белсатам» Франак Вячорка.
А мы просім узгадаць, што рабіў палітык раней, калі фэст насіў назву «Басовішча».
– Так, у маім жыцці было такое, – кажа Франак, – я сапраўды быў прадзюсарам і прывозіў на фэст гурты. Нават адзін з такіх гуртоў перамагаў на «Басовішчы». А я бы хацеў, каб кожны беларус хаця б раз прыехаў на «Тутаку», – кажа Франак Вячорка.
«Белсат» інфармацыйны партнёр фэсту.
Алесь Ляўчук belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10