Што робіцца на мяжы пасля забароны ўезду ў Латвію на беларускіх нумарах?
16.07.2024, 17:18
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: АВТО «Брест – Тересполь» / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
Паглядзелі, што пішуць людзі ў памежных чатах.
З сённяшняга дня ў Латвію перасталі пускаць аўтамабілі на беларускіх нумарах. Паглядзелі, як гэта паўплывала на праходжанне памежных пунктаў у іншыя краіны. Спойлер: магло быць і горш…
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: АВТО «Брест – Тересполь» / Telegram)
У памежных чатах паведамляюць, што сапраўды на аўце з беларускім нумарам трапіць у Латвію ўжо немагчыма: памежнікі разварочваюць аўтамабілі тых, хто з нейкай прычыны не ведаў пра новаўвядзенне. Адпаведна зніклі і вялікія чэргі з машын. Станам на раніцу на пытанне «Падкажыце, як зараз чарга на РБ-LV» адказ быў вельмі кароткі: «Пуста».
Не фіксуе аўтобусаў і легкавікоў Дзяржаўны памежны камітэт: а 16-й гадзіне ў чэргах на беларуска-латвійскім напрамку не было пазначана аніводнага транспартнага сродку.
Але ў людзей усё яшчэ застаюцца пытанні адносна розных нюансаў, датычных гэтага рашэння. Напрыклад, ці можна будзе перасоўвацца на аўтамабілі з беларускімі нумарамі па тэрыторыі Латвіі (у паведамленнях адзначаюць, што на гэты конт мусіць быць асобная пастанова, але паколькі яе не было, то перасоўванне не забароненае)? Або ці можна будзе праехаць у Беларусь на беларускіх нумарах, калі заязджаў на тэрыторыю Еўразвязу праз Літву? Гэтыя пытанні пакуль што застаюцца без адказу, таму што рэальных кейсаў не было.
Тады, можа быць, з «латвійскай» чаргі беларусы папоўнілі чэргі на літоўскім і польскім напрамках? Ідзём глядзець у тэматычныя чаты.
На «Каменным Логу» ў чатах вельмі эмацыйна каментуюць працу літоўскіх памежнікаў. Паводле словаў удзельнікаў, працуе адзін пашпартны пост і два мытныя. Машыны прапускаюць з неверагодна нізкай хуткасцю – паводле адных, чатыры аўта цягам гадзіны, паводле другіх – каля дзесяці, што, пагадзіцеся, таксама не вельмі шмат, асабліва калі на вуліцы 30-градусная спёка.
Belsat
Адна з удзельніц чату патэлефанавала ў пункт пропуску «Мядзінінкай» на літоўскім баку, дзе ёй адказалі, што ў іх не хапае супрацоўнікаў на адкрыццё дадатковага каналу для ўезду ў Літву і працаваць хутчэй яны не могуць.
Belsat
На беларускім баку апоўдні да шлагбаума кіроўцы налічвалі каля 170–200 машын. Станам на 16 гадзін Дзяржаўны памежны камітэт паказвае лічбу ў 130 аўтаў.
Што да часу праезду, то звесткі адрозніваюцца: некаторыя пішуць, што 15 ліпеня здолелі праехалі абедзве мяжы за 14 гадзін – і вельмі падобна, што гэта нейкі выключны выпадак, бо паведамленні ад іншых кіроўцаў аптымізму не надаюць: 32,5 гадзіны (не забываем пра шалёную спёку).
Belsat
Павольна рухаецца чарга з легкавікоў і на пераходзе «Беняконі» – «Шальчынінкай» – прыблізна па 10–14 машын за гадзіну. З апошніх паведамленняў (станам на 17 гадзін дня) у чарзе з беларускага боку стаяла каля 120 машын. Дзяржаўны памежны камітэт, у сваю чаргу, напісаў пра 35 аўтаў з беларускага боку.
Што да часу праходжання, то ёсць розныя выпадкі: 15 ліпеня некаторым удавалася прайсці абедзве мяжы за 11 гадзін. Справаздачаў аб праходжанні за 16 ліпеня пакуль не было.
Праходжанне мяжы ў беларускі бок займае таксама нямала часу: даводзіцца стаяць па 12–13 гадзін.
Belsat
З Беларусі заехаць у бок Польшчы не стала больш праблематычна. 15 ліпеня пераехаць абодва пункты пропуску ўдавалася цягам 9–12 гадзін. Ізноў жа ўсё залежыць ад змены, таму канстатуем, што нашмат сітуацыя не пагоршылася, выглядае нават хіба наадварот, бо раней пісалі, што праходжанне займала каля содняў. Справаздачаў за сённяшні дзень пакуль не было.
Аднак больш хвалюе кіроўцаў сітуацыя на польска-беларускім памежжы: усё так жа актуальнай застаецца праблема «ўлезуноў» (людзей, якія ўкліньваюцца без чаргі). Аб’яднанне ў «дружыны» дазваляе эканоміць па некалькі гадзін часу стаяння, што ў спёку асабліва істотна. Паводле апошніх справаздачаў, час праезду займае каля 18–20 гадзін, хаця трапляюцца і шчасліўчыкі, якім удаецца праехаць абодва пункты за меншы час.
Такім чынам, як выглядае, пакуль забарона Латвіі не істотна паўплывала на сітуацыю з пропускам на іншых памежных пунктах з Еўразвязам. Але гэта толькі пачатак… Будзем трымаць вас у курсе.