Як Лукашэнка адрэагаваў на ўраган: на трэці дзень «узяў на кантроль» ды вярнуўся да Расеі і вайны
16.07.2024, 13:58
Архіўнае фота. Аляксандр Лукашэнка на імпрэзе з нагоды ўводу ў эксплуатацыю зімовачнага комплексу расейскай станцыі «Восток» у Антарктыдзе. Санкт-Пецярбург, Расея. 28 студзеня 2024 года. (Фота: president.gov.by)
podpis źródła zdjęcia
Два дні маўчаў, потым сказаў «за дзень усё зрабіць» і сышоў да кіраўніка Прыморскага краю.
У Беларусі 12–15 ліпеня прайшоў ураган, 14-га сотні паселішчаў засталіся без святла, загінулі шэсць чалавек. Аляксандр Лукашэнка ранкам 16 ліпеня запэўніў, што ўсё «трымае на асабістым кантролі». Але ў мінулыя дні ён не заўважаў урагану ў публічных выступах, дый пасля вярнуўся да звыклых размоваў пра вайну і планавых сустрэчаў.
Архіўнае фота. Аляксандр Лукашэнка на імпрэзе з нагоды ўводу ў эксплуатацыю зімовачнага комплексу расейскай станцыі «Восток» у Антарктыдзе. Санкт-Пецярбург, Расея. 28 студзеня 2024 года. (Фота: president.gov.by)
Моцны вецер падняўся яшчэ ўдзень 12 ліпеня, нарабіў шкоды ў Віцебску. Навінаў ад Аляксандра Лукашэнкі ў той дзень не было – толькі відэа са «Славянскага базару» за мінулы дзень.
13 ліпеня, калі ад урагану пацярпелі больш як дзве сотні паселішчаў Гарадзенскай вобласці і калі першага чалавека забіла паваленым дрэвам, Лукашэнка быў на паўднёвай мяжы Беларусі: заявіў пра «ліквідацыю напружанасці» на мяжы з Украінай і загадаў «адвесці войскі» ад мяжы, анансаваў свае перамовы з Уладзімірам Пуціным пра «далейшыя крокі аб Украіне», бо ўкраінцам «мы не ворагі». Што гэта значыць, эксперты сумняюцца: тую напружанасць ён сам стварыў, сам «скасаваў» на словах, а што на справе, невядома.
14 ліпеня, калі пачаліся масавыя адключэнні святла ў Гомельскай вобласці, Лукашэнка павіншаваў Францыю з Днём узяцця Бастыліі, супрацоўнікаў і «ветэранаў» падатковых органаў Беларусі – з Днём працаўнікоў падатковых органаў. Абодва віншаванні былі тэкставыя, на публіцы Лукашэнка не з’яўляўся.
15 ліпеня, калі ўжо было вядома пра наступствы ўрагану на Гомельшчыне і калі ў Гомельскай вобласці абвясцілі надзвычайную сітуацыю, Лукашэнка сустракаўся ў Палацы незалежнасці з кіраўніком Чувашыі – рэспублікі ў складзе Расейскай Федэрацыі. Размаўлялі пра таваразварот, супрацу ў прамысловасці і аграрным сектары, навуцы, спорце і культуры, магчымасці дапамогі ад Чувашыі ў справе эндапратэзавання. Таксама ў гэты дзень Лукашэнка ўхваліў праекты пагадненняў аб супрацы ў мытных справах з Кубай і Нікарагуа, выпісаў узнагароды 44 работнікам Камітэту дзяржаўнага кантролю і падзякі яшчэ 19.
Тым часам абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская ўвечары 15-га пісала ў сторыз у сацыяльных сетках: «Як жудасна… Шэсць чалавек, у тым ліку двое дзяцей, загінулі ў Беларусі праз ураган, які абрынуўся на краіну. Мае спачуванні родным і блізкім. Калі ласка, будзьце асцярожныя, беражыце сябе і дзетак». Таксама пра ўраган яна пісала ў англійскамоўным X.
Толькі ранкам 16 ліпеня, калі ўжо было вядома пра шасцёх загінулых, а наступствы ўрагану актыўна ліквідоўвалі, ананімны Telegram-канал «Пул первого», які выконвае функцыі прэс-службы Лукашэнкі, распавёў, што Лукашэнка «трымае на асабістым кантролі» ліквідацыю наступстваў і пра сітуацыю яму ўвесь час дакладваюць віцэ-прэм’ер Анатоль Сівак, кіраўнікі Магілёўскага, Менскага і Гомельскага аблвыканкамаў. Сіваку Лукашэнка нібыта даручыў да раніцы 16-га забяспечыць разбор завалаў і аднаўленне інфраструктуры, а павалены лес сказаў аддаць кіраўнікам аблвыканкамаў.
У тым жа паведамленні ананімнага каналу сцвярджаецца, што Лукашэнка «асабліва падкрэсліў гераічную працу тых, хто ліквідаваў наступствы стыхіі», прасіў перадаць ім падзяку. Пра ахвяраў урагану ды прычыны такога масавага пашкоджання будынкаў і энергасетак згадкі не было.
У рэальнасці ранкам 16 ліпеня Лукашэнка прымаў у Палацы незалежнасці выпускнікоў вышэйшых вайсковых навучальных установаў і распавядаў сілавікам пра вайну: «Нам трэба выстаяць, не даць магчымасці ворагам уцягнуць Беларусь у ваенны канфлікт. І мы робім для гэтага ўсё неабходнае. У тым ліку і размясціўшы ў сябе самую страшную, ядравую, зброю. Нас папракаюць у эскалацыі і нагнятанні абстаноўкі. А на справе мы запэўніваем нашую ваенную бяспеку і ўмацоўваем абараназдольнасць дзяржавы. І не дапусцім паўтарэння трагедыі 1941 года». Таксама Лукашэнка апавядаў пра мяжу з Украінай ды кепскія стасункі з Польшчай і Літвой.
Затым ананімны канал паказаў, як менавіта Лукашэнка «трымае на кантролі» ліквідацыю наступстваў урагану: перад пачаткам урачыстай цырымоніі ён ціснуў рукі сілавікам, спыніўся перад міністрам надзвычайных сітуацыяў Вадзімам Сіняўскім. Спачатку перадаў, што «Сівак кажа, за дзень справіцеся», потым строга сказаў: «Дзень у вас». І пайшоў далей ціснуць рукі, сказаўшы чамусьці генеральнаму сакратару Савету бяспекі Аляксандру Вальфовічу «За дзень трэба ўсё зрабіць».
Пасля гэтага Лукашэнка пайшоў на сустрэчу з губернатарам Прыморскага краю Расеі: прызнаў, што Уладзівасток далёка, але падкрэсліў, што ён «не чужы». Размаўлялі пра гандаль і супрацу, не пра ўраган.
Рэакцыя чыноўнікаў ніжэйшых рангаў была хутчэйшая. Кіраўнік Гомельскага аблвыканкаму яшчэ ранкам 14 ліпеня пісаў, што з наступствамі ўрагану ратавальнікі змагаюцца другі дзень. Гомельскі аблвыканкам ужо 14 ліпеня папярэджваў пра моцны вецер, а мазырскі райвыканкам абяцаў аператыўна ліквідаваць наступствы і сабраў экстраную камісію ў справе надзвычайных сітуацыяў, а «Гомельэнерга» ўжо выправіла дзясяткі брыгадаў для вяртання паставак энергіі. Ранкам 15 ліпеня Гомельскі аблвыканкам сабраў нараду з прадстаўнікамі райвыканкамаў, у вобласці абвясцілі надзвычайнае становішча.
Рэакцыя на знікненне вады і святла была не ідэальнай: мясцовыя наракалі на адсутнасць апавяшчэнняў пра ўраган, генератараў і зарадных станцыяў бракавала, на 100-тысячыны Мазыр 14-га былі толькі дзве цыстэрны з пітною вадою, дадатковыя энергагенератары падвезлі толькі ў ноч на 16-га… Але на момант, калі Аляксандр Лукашэнка стаў публічна цікавіцца наступствамі ўрагану, у больш як палову паселішчаў Гомельшчыны вярнулі святло.