Дамагаемся выключэнняў – Вячорка пра санкцыі супраць аўтамабіляў з беларускімі нумарамі
17.07.2024, 17:02
Чарга з легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў на польска-беларускай мяжы каля пераходу «Тэрэспаль» («Берасце»). Тэрэспаль, Польшча. 14 траўня 2024 года. (Фота: Карына Пашко / Белсат)
podpis źródła zdjęcia
На адмену абмежаванняў разлічваць не варта, але нейкія паслабленні могуць быць, лічыць ён.
Беларускія дэмакратычныя сілы будуць дамагацца выключэнняў з уведзеных Літвою, Латвіяй, Польшчай і Эстоніяй абмежаванняў на ўезд у гэтыя краіны аўтамабіляў з беларускімі нумарамі. Пра гэта «Белсату» распавёў старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка пасля таго, як Літва абвясціла, што 18 ліпеня таксама ўводзіць абмежаванні, але з адтэрмінаваннем да 16 жніўня.
Чарга з легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў на польска-беларускай мяжы каля пераходу «Тэрэспаль» («Берасце»). Тэрэспаль, Польшча. 14 траўня 2024 года. (Фота: Карына Пашко / Белсат)
Франак Вячорка кажа, што прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету апошнімі днямі актыўна працуюць з міністэрствамі замежных справаў краінаў, якія ўвялі абмежаванні, каб дамагчыся іх змякчэння.
«Удалося дасягнуць адтэрміноўкі [у Літве], што яшчэ месяц будуць пускаць машыны з беларускімі нумарамі, у якіх беларусы-кіроўцы. І ў нас ёсць месяц, каб дамовіцца на працяг гэтых выключэнняў, а таксама каб дамовіцца з іншымі балтыйскімі краінамі і Польшчай не ўзмацняць гэтых абмежаванняў.
Таму што цяпер усё выглядае так: усе краіны прынялі абмежаванні, згодна з дырэктывай Еўрапейскага Звязу. У Польшчы наймякчэйшыя ўмовы – яна працягвае пускаць беларускія машыны з беларускімі кіроўцамі, калі яны ўладальнікі аўтамабіляў. Латвія і Эстонія не пускае ўвогуле машынаў з беларускімі нумарамі, а Літва зрабіла адтэрміноўку. Зараз краіны паміж сабой будуць дамаўляцца, і наша задача – зрабіць, каб яны схіліліся да пазіцыі Польшчы, а не да пазіцыі Латвіі і Эстоніі», – кажа старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай.
На ягоную думку, у любым выпадку ўсе абмежаванні зняць немагчыма. Можна разлічваць толькі на кампраміс.
«Дабівацца выключэнняў мы павінны ў любым разе, наколькі гэта магчыма. У першую чаргу наша чырвоная лінія – гэта захаваць пасажырскае злучэнне. Людзі павінны мець магчымасць выезду ў Польшчу, Літву, Латвію. Аўтобусы застаюцца. Мы абмяркоўваем у тым ліку нейкія кампенсатарныя захады, напрыклад, адкрыццё больш лініяў аўтобусаў: будзе, умоўна, не 8, а 16 аўтобусаў на дзень.
Гэта нейкім чынам дазволіць беларусам выехаць на тэрыторыю Еўрапейскага Звязу і бяспечна вярнуцца. Ясна, што гэта не замяняе аўтамабільнага руху, але ўсё адно нейкім чынам кампенсуе шкоду, якую гэтыя абмежаванні наносяць», – працягвае Вячорка.
пограничный пункт, Тересполь-Брест, памежны пункт, «Тэрэспаль – Берасце», польско-беларусская граница, беларуска-польская мяжа, Польшча, Польша, Беларусь (Фота: Міра Ляселішская / Белсат)
Цяпер працягваюцца перамовы з міністэрствамі замежных справаў Літвы, Латвіі, Польшчы і Эстоніі.
«Мы разумеем, што абмежаванні былі ўведзеныя мытняй, мы ж вядзем перамовы з МЗС. У мытні і ў МЗС гэтых краінаў таксама розныя падыходы. МЗС думае, у тым ліку, пра палітычныя наступствы і палітычны кантэкст. Мытня ж думае пра выкананне рэгуляцыяў Еўрапейскага Звязу, таму тут таксама ёсць рассінхрон.
,,
Некалькі наступных дзён, тыдняў будуць вырашальныя і сфармуецца нейкая ясная палітыка. Яна не будзе ідэальная, не буду нікому нічога абяцаць лішняга, але мы зробім усё магчымае, каб былі выключэнні працяглыя і наймацнейшыя», – кажа Франак Вячорка.
Суразмоўца падкрэслівае, што менавіта абмежаванні, звязаныя з легкавымі аўтамі, у 8-м пакеце санкцыяў не толькі б’юць па рэжыме, але і моцна закранаюць простых беларусаў.
«Яны не ўлічваюць, што людзі перамяшчаюцца праз мяжу на сваіх аўтамабілях, у тым ліку каб бачыць сваякоў, каб падтрымліваць сувязь з тымі, хто ў выгнанні.
Рамка для абмежаванняў ужо вызначаная, і ў яе межах ёсць невялікая прастора для інтэрпрэтацыі. Суседзі Беларусі інтэрпрэтуюць па-рознаму гэтую рамку. Мы разумеем іх інтарэсы, у першую чаргу гэта бяспека. Яны зацікаўленыя, каб было менш перамяшчэнняў праз мяжу, каб была меншая нагрузка на памежныя пункты на фоне пагрозаў Лукашэнкі ядравай зброяй, перакідваннем мігрантаў, пагрозай вайны. Суседнія краіны і іх грамадствы ў цэлым падтрымліваюць больш жорсткія абмежаванні. А наша задача – казаць, што мы разумеем, але вось ёсць такія наступствы менавіта для праеўрапейскіх настрояў у Беларусі, і просім вас зрабіць такую і такую саступку для інтарэсаў беларусаў», – адзначае Вячорка.
На ягоную думку, абмежаванні непрадуманыя, шкодныя і не ўлічваюць кантэксту Беларусі.
,,
«Тыя, хто фармуляваў іх, не пралічылі наступстваў, сыходзілі з вельмі механічнага падыходу. І ў гэтым ёсць праблема – рассінхрон паміж тымі, хто вызначае палітыку, і тымі, хто піша потым на паперы. Думаю, што мы, беларусы, трапілі ў гэтую пастку механічнага напісання прававых нормаў», – падводзіць рысу Франак Вячорка.
Згодна з літоўскімі абмежаваннямі, ад 18 ліпеня, незалежна ад грамадзянства ўладальніка і кіроўцы, легкавыя аўтамабілі з беларускімі нумарамі не будуць прапускаць у Літву. Але да 16 жніўня зрабілі выключэнне. Латвія ўвогуле забараніла ўезд легкавікоў, зарэгістраваных у Беларусі, з 16 ліпеня. А Польшча з 9 ліпеня дазваляе заязджаць толькі ў тым выпадку, калі ў аўце ёсць яго ўладальнік.
Краіны ўвялі абмежаванні ў рамках 8-га пакету санкцыяў супраць Беларусі ад 29 ліпеня 2024 года. Ён забараняе імпарт з Беларусі тавараў, што дазваляе рэжыму зарабляць і спрыяе ўдзелу ў расейскай агрэсіі супраць Украіны. Сярод гэтых тавараў у тым ліку аўтамабілі.