навіны

Трамп паабяцаў «спыніць вайну», а Пуцін не думае спыняцца. Вось што адбылося за адзін дзень вайны

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы Збройных сілаў Украіны. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы Збройных сілаў Украіны. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook)
podpis źródła zdjęcia

Удары па Мікалаеве, расейскі наступ на Данбасе і дазвол біць па Расеі брытанскай зброяй.

Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 878 дзён. Адзін з кандыдатаў у прэзідэнты ЗША абяцаў прэзідэнту Украіны, што спыніць яе ў выпадку сваёй перамогі, але як менавіта, не растлумачыў. «Белсат» расказвае, што давядзецца спыняць: што пра вайну пішуць днём 20 ліпеня.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы Збройных сілаў Украіны. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы Збройных сілаў Украіны. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook)
Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны паведамляе, што за мінулы дзень было зафіксавана 135 баявых сутыкненняў – звычайная колькасць баёў апошнімі днямі. Сутыкненні адбываліся на харкаўскім, купянскім, ліманскім, сіверскім, краматорскім, тарэцкім, пакроўскім (там найбольш), курахоўскім, урэмаўскім, арэхаўскім і прыдняпроўскім кірунках. Маніторынгавы праект «DeepState» сцвярджае, што расейскім войскам удалося заняць Раздолаўку, што па дарозе з Бахмуту на Сіверск.
Паводле ЗСУ, Расея за дзень страціла 990 асобаў, 7 танкаў, 15 бронемашынаў, 22 артылерыйскія сістэмы, па адной рэактыўнай сістэме залпавага агню і сістэме супрацьпаветранай абароны, адзін самалёт Су-25, 59 машынаў і 14 адзінак спецтэхнікі. Агулам з пачатку поўнамаштабнай вайны ЗСУ ацэньваюць страты Расеі ў 656,6 тысячы чалавек.
Расея працягвае абстрэльваць як украінскія войскі, так і мірнае насельніцтва. За мінулы дзень ЗСУ налічылі чатыры ракетныя ўдары з ужываннем сямі ракетаў, 77 авіяўдараў са 106 кіраваным бомбамі, 4500 абстрэлаў, з якіх 151 – з РСЗА. Таксама ва Украіну запусцілі 17 ударных беспілотнікаў, з якіх удалося збіць 13.
У выніку ўдараў па Мікалаеве забітыя чатыры чалавекі, сярод якіх адно дзіця, і параненыя не менш за 14; пашкоджаныя 19 жылых будынкаў і дзіцячы садок. У Харкаўскай вобласці ад удару па чыгунцы параненыя чатыры асобы. Пасля ўдараў па Палтаўшчыне тысячы людзей засталіся без электрычнасці і вады, але абышлося без параненых. Таксама трапілі ў энергетычныя аб’екты на Чарнігаўшчыне і Сумшчыне. У Херсонскай вобласці ўдары трапілі ў лякарні, згарэла эвакуацыйная машына.
Расейскія чыноўнікі паведамляюць, што ЗСУ зладзілі масаваную атаку дронамі на Растоўскую вобласць, але ўсе дроны нібы збілі. У выніку абстрэлу Шабекіна, што ў Белгародскай вобласці Расеі, пацярпелі тры чалавекі.


,,

NEW: Ukrainian President Volodymyr Zelensky reiterated the importance of developing an international consensus for pursuing peace negotiations to end the war in Ukraine. (🧵1/6) pic.twitter.com/PHbdqbrQsV — Institute for the Study of War (@TheStudyofWar) July 20, 2024


Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) звяртае ўвагу на інтэрв’ю прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага брытанскаму «Бі-Бі-Сі»: украінскі кіраўнік зноў падкрэсліў важнасць выпрацавання міжнароднага кансэнсусу для правядзення мірных перамоваў наконт спынення вайны ва Украіне.
Зяленскі пасля таго размаўляў праз тэлефон з кандыдатам у прэзідэнты Злучаных Штатаў Доналдам Трампам. Той паабяцаў «скончыць вайну», але як менавіта, зноў не сказаў. Падобна, праз перамовы з Расеяй, што прасоўвае вугорскі прэм’ер Віктар Орбан: ISW піша, што ён, магчыма, пашырае расейскія інфармацыйныя аперацыі.
Зяленскі раней казаў, што не супраць перамоваў з Расеяй, «калі яна выйдзе з нашых законных тэрыторыяў». Але ва Уладзіміра Пуціна іншыя ўмовы для пачатку перамоваў: аддаць яму чатыры вобласці Украіны, што ён не здолеў цалкам захапіць сілай, дэмілітарызаваць Украіну і забараніць ёй далучацца да NATO і шмат чаго яшчэ. Ад перамоваў да фактычнай капітуляцыі Украіны ён адмовіўся.
Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен тым часам запэўнівае, што Украіна выстаіць, нават калі Трамп абмяжуе дапамогу ЗША, бо Украіну падтрымлівае яшчэ два дзясяткі краінаў.
Крэмль, адзначае ISW, хвалюецца пра доўгатэрміновыя наступствы вяртання з фронту амніставаных крымінальнікаў, разглядае больш строгую цэнзуру крытыкі ў сацыяльных сетках і працягвае ўзмацняць кантроль над міграцыяй на фоне росту ксенафобскай рыторыкі ўльтранацыяналістаў.
Расейскія войскі паволі прасоўваюцца пад Аўдзееўкай, Сіверскам і Тарэцкам. Брытанская выведка інфармуе, што Расея працягвае наступальныя аперацыі ў некалькіх раёнах на фронце, а галоўным, падобна, застаецца кірунак на Аўдзееўку і Пакроўск у Данецкай вобласці. Расея прасунулася таксама ў раёне паселішча Нью-Ёрк, а гэта, нагадвае выведка, вельмі ўмацаваныя пазіцыі, якія былі апошнімі з тых, што існавалі яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны. Пад Часавым Ярам жа, выглядае, Расея ўзяла тактычную паўзу. А нямецкі «Bild» мяркуе, што ўкраінскі фронт на Данбасе «развальваецца ў некалькіх месцах».
Ірына Фарыён. 16 траўня 2014 года. (Фота: ВО Свобода / Wikimedia, CC BY 3.0)
У Львове забілі скандальную ўкраінскую экс-дэпутатку Ірыну Фарыён навіны
Новы міністр абароны Злучанага Каралеўства Джон Гілі заявіў, што Каралеўства дазваляе Украіне выкарыстоўваць пастаўленую ёй зброю для ўдараў па расейскай тэрыторыі.
Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10