Беларусаў заклікалі не хадзіць у лес найбліжэйшыя тыдні
20.07.2024, 10:08
Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой наведвае пацярпелыя ад урагану раёны Гомельскай вобласці, Беларусь. 17 ліпеня 2024 года. (Фота: Пул первого / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
Праблема не толькі ў спякоце, а і ў разбіранні ветралому пасля ўрагану, што быў тыдзень таму.
Яшчэ прынамсі тыдзень у Беларусі захаваецца спёка за +25 °С. Міністэрства лясной гаспадаркі заклікае беларусаў устрымацца ад наведвання лясоў найбліжэйшыя тыдні – і не толькі праз спёку, але і праз разбіранне ветралому пасля ўрагану. Калі будзе можна, не прагназуюць.
Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой наведвае пацярпелыя ад урагану раёны Гомельскай вобласці, Беларусь. 17 ліпеня 2024 года. (Фота: Пул первого / Telegram)
На момант публікацыі хадзіць у лес не забаронена: Міністэрства лясной гаспадаркі толькі абмежавала наведванне лясоў у некаторых раёнах, пераважна на захадзе Беларусі.
Але трываюць пажары: толькі 19 ліпеня зафіксавалі 186 лясных пажараў, плошча якіх склала 119,1 га. Мінлясгас падкрэслівае: хоць пажараў менш, чым летась, сёлета сітуацыя ўскладненая зменлівым надвор’ем.
Акрамя таго, пасля ўрагану 13–14 ліпеня ў лясах яшчэ разбіраюць ветралом. Паводле Мінлясгасу, быць у лесе не проста непажадана, але і небяспечна. На час разбору ветралому беларусаў заклікаюць не наведваць лясы. Ветралом у камбінацыі са спёкай стварае большую пагрозу пажараў.
Улады павольна адрэагавалі на ўраган і не здолелі хутка аднавіць энергазабеспячэнне, пацярпелым прапанавалі кампенсацыі на здзеклівых умовах, а яе просіць шмат людзей. Аляксандр Лукашэнка спачатку раскрытыкаваў чыноўнікаў за дрэнную рэакцыю на наступствы ўрагану, а затым абвінаваціў і пацярпелых. Урэшце ён прапанаваў адпраўляць палітвязняў на прыбіранне наступстваў урагану.
На 20 ліпеня прагназуюць тэмпературы днём ад +20 да +28 °С, пераважна без дажджоў, вецер умераны, толькі на поўначы магчымыя кароткачасовыя дажджы і навальніцы, узровень небяспекі жоўты. Спякотнае надвор’е пакуль прагназуюць і на ўвесь наступны тыдзень, але праз тыдзень – з 29 ліпеня – абяцаюць спаданне спёкі да прыблізна +22 °С.