навіны

Усё толькі пачынаецца. Што азначае рашэнне Байдэна выйсці з прэзідэнцкай гонкі?

Кампанія віцэ-прэзідэнта ЗША Камалы Гэрыс у сярэдняй школе Вестовера ў Файетвіле, Паўночная Караліна, ЗША, 18 ліпеня 2024 г. (Фота: Kevin Mohatt / Reuters / Forum)
Кампанія віцэ-прэзідэнта ЗША Камалы Гэрыс у сярэдняй школе Вестовера ў Файетвіле, Паўночная Караліна, ЗША, 18 ліпеня 2024 г. (Фота: Kevin Mohatt / Reuters / Forum)
podpis źródła zdjęcia

Вылучэнне Камалы Гэрыс павялічыць шанцы дэмакратаў на выбарах або наадварот скароціць?

Рашэнне прэзідэнта ЗША Джо Байдэна адмовіцца ад удзелу ў выбарах 2024 году і падтрымаць кандыдатуру віцэ-прэзідэнткі Камалы Гэрыс пераводзіць прэзідэнцкую кампанію на нязведаную тэрыторыю. Гэтае рашэнне павялічыць шанцы дэмакратаў на выбарах або наадварот скароціць? Адказу на гэтае пытанне ніхто не ведае. Больш за тое, не факт, што Гэрыс абавязкова стане кандыдатам у прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі.
Кампанія віцэ-прэзідэнта ЗША Камалы Гэрыс у сярэдняй школе Вестовера ў Файетвіле, Паўночная Караліна, ЗША, 18 ліпеня 2024 г. (Фота: Kevin Mohatt / Reuters / Forum)
Кампанія віцэ-прэзідэнта ЗША Камалы Гэрыс у сярэдняй школе Вестовера ў Файетвіле, Паўночная Караліна, ЗША, 18 ліпеня 2024 г. (Фота: Kevin Mohatt / Reuters / Forum)
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у сакавіку 2024 году ўпэўнена перамог у праймерыз Дэмакратычнай партыі, што гарантавала яму вылучэнне кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 2024 году. Аднак у канцы чэрвеня сітуацыя змянілася кардынальным чынам. Падчас першага раўнду перадвыбарчых дэбатаў 81-гадовы Байдэн часта запінаўся, збіваўся і агаворваўся, голас быў слабы і хрыплы, а позірк часам здаваўся безуважлівым. Правальны выступ выклікаў паніку ў Дэмакратычнай партыі: дзейны прэзідэнт не выглядаў чалавекам, які здольны перамагчы Доналда Трампа. «Байдэн спёкся», – казалі некаторыя дэмакраты.
З боку ўплывовых прадстаўнікоў Дэмакратычнай партыі, спонсараў, палітычных актывістаў і журналістаў гучалі заклікі зняцца з выбараў. Спачатку Байдэн не выказваў намеру саступаць. Правал на дэбатах ягонае атачэнне спрабавала патлумачыць звычайнай прастудай і абяцала выправіць сітуацыю. «Так, старт быў павольным, але фініш будзе моцным», – заяўляла неўзабаве пасля дэбатаў Камала Гэрыс.
Выправіць сітуацыю не атрымалася. Прагнозы станавіліся ўсё больш сумныя, некаторыя донары дэмакратаў паступова замарозілі фінансаванне прэзідэнцкай кампаніі. У сярэдзіне ліпеня на Трампа быў здзейснены замах, што ў далейшым непазбежна мусіла прывесці да росту ягонай папулярнасці, а Байдэн захварэў на каронавірус, сарваўшы тым самым важнае перадвыбарчае мерапрыемства ў Лас-Вегасе. «Час для гэтага не можа быць горшым, – сказаў прадстаўнік Дэмакратычнай партыі, – Гэта нагадвае ўсім, колькі гадоў Джо Байдэну».
Як паведамляе CNN, канчатковае рашэнне Байдэн прыняў у апошнія 48 гадзінаў: ён пачаў фінальныя кансультацыі з дарадцамі і сям’ёй увечары ў суботу, а ў нядзелю абвесціў пра выхад з прэзідэнцкай гоні. Паводле «Politico», дарадцы перадалі прэзідэнту «шакуючыя» вынікі апошніх апытанняў, якія пераканалі Байдэна, што ў яго няма шанцаў абысці Трампа.
У выніку 21 ліпеня Байдэн абвесціў, што адмаўляецца ад удзелу ў выбарах і падтрымаў віцэ-прэзідэнтку Камалу Гэрыс у якасці кандыдаткі ад Дэмакратычнай партыі. Пры гэтым датэрмінова пакідаць пасаду прэзідэнта Байдэн не стаў.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падчас сустрэчы ва Усходняй зале Белага дома ў Вашынгтоне, акруга Калумбія, ЗША, 12 сакавіка 2024 года. (Фота: Tom Brenner – Pool via CNP / MEGA / The Mega Agency / Forum)
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падчас сустрэчы ва Усходняй зале Белага дома ў Вашынгтоне, акруга Калумбія, ЗША, 12 сакавіка 2024 года. (Фота: Tom Brenner – Pool via CNP / MEGA / The Mega Agency / Forum)
Рэакцыя на рашэнне Байдэна сярод дэмакратаў была выразна станоўчай. Прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі з палёгкай хвалілі дзейнага прэзідэнта за адказны ўчынак і дзякавалі за ягоныя палітычныя дасягненні.
Разам з тым, складанасць сітуацыі ўсе разумеюць – яна, па-свойму, беспрэцэдэнтная. Апошнім прэзідэнтам ЗША, які адмовіўся адмовіўся балатавацца на другі тэрмін, быў Ліндан Джонсан – гэта рашэнне ён прыняў у 1968 годзе на фоне палітычнага крызісу, выкліканага вайной у В’етнаме. Тады замест Джонсана на выбары пайшоў віцэ-прэзідэнт Х’юбэрт Хамфры, які ў выніку прайграў рэспубліканцу Рычарду Ніксану. З пункту гледжання часу на падрыхтоўку цяпер для дэмакратаў усё значна горш: у 1968 годзе Джонсан абвесціў пра свой сыход прыкладна з 8 месяцаў да выбараў, а Байдэн у 2024-м – менш чым за 4 месяцы.
«Для дэмакратаў гэта рызыкоўная авантура з высокімі стаўкамі: перазагрузка кампаніі, якую Байдэн прайграў, з новым кандыдатам усяго за 107 дзён да выбараў. Гэта адбываецца ў той момант, калі Трамп знаходзіцца ў сваёй найбольш моцнай пазіцыі ў перадвыбарчай кампаніі», – зазначае CNN.
Выданне «Politico» характарызуе цяперашнія настроі ў стане дэмакратаў як сумесь радасці, надзеі і страху. Усе разумеюць, што ў Гэрыс мала часу і пакуль незразумела, з чым яна пойдзе на выбары.


,,

«Тое, як Гэрыс будзе працаваць – і ніхто не можа дакладна сказаць, які ідэалагічны кірунак яна возьме, улічваючы яе спрыт у мінулым – часткова вызначыць яе лёс і лёс дэмакратаў», – піша выданне.


Доналд Трамп заявіў, што Камалу Гэрыс будзе лягчэй перамагчы, чым Байдэна, аднак да гэтых словаў хутчэй варта ставіцца як да бравады, чым да рэальнага прагнозу. Насамрэч ніхто не ведае, павялічыць яна шанцы дэмакратаў на выбарах або наадварот скароціць. Розныя эксперты даюць амаль дыяметральна супрацьлеглыя ацэнкі, а амерыканскія медыі звяртаюць увагу на тое, што даваць прагнозы ўвогуле рана, бо пакуль невядома, як сябе праявіць Гэрыс падчас прэзідэнцкай гонкі.
З аднаго боку, Камала Гарыс як палітык мае шэраг відавочных перавагаў, адначасова сімвалізуючы і прагрэсіўныя тэндэнцыі, і пераемнасць у палітыцы.
Джо Байдэн і Камала Гэрыс. (Фота: Tierney L. Cross/newscon/picture alliance)

Абаронца Украіны і правоў жанчын на аборты. Што вядома пра Камалу Гэрыс, якая ўступіць у прэзідэнцкую гонку замест Байдэна

навіны
Яна амаль на 30 гадоў маладзейшая чым Трамп і яе біяграфія лёгка кладзецца на вобраз амерыканскай мары. Гэрыс нарадзілася ў сям’і імігрантаў, яе маці – нарадзінка Індыі, а бацька з Ямайкі. Вывучала юрыспрудэнцыю, атрымала ступень доктара права. Зрабіла выбітную кар’еру ў пракуратуры: была абрана акружным пракурорам у Сан-Францыска, а потым генеральным пракурорам Каліфорніі, прычым стала першай цемнаскурай жанчынай на гэтай пасадзе. Вызначэнне «першая» ўвогуле пераследуе яе на працягу ўсёй кар’еры. У 2016 годзе перамагла на выбарах у Сенат, стаўшы першай цемнаскурай прадстаўніцай штату Каліфорнія. У 2021 годзе пасля абрання Байдэна стала жанчынай віцэ-прэзідэнткай. Цяпер у выпадку перамогі Гэрыс можа стаць першай прэзідэнткай ЗША.
З іншага боку, прагрэсіўны імідж Гэрыс не ўсім выбарнікам спадабаецца і Трамп абавязкова пастараецца на гэтым згуляць – раней ён ужо называў віцэ-прэзідэнтку «сацыялісткай» і «камуністкай».
Палітычны бэкграунд Гэрыс выглядае неадназначна. У 2019 годзе яна спрабавала прыняць удзел у праймерыз Дэмакратычнай партыі, выступала з крытыкай Байдэна, але цалкам правалілася і пакінула кампанію яшчэ ў самым пачатку. Запрашэнне на пасаду віцэ-прэзідэнта шмат у чым тлумачылася паліттэхналагічнымі меркаваннямі: маладая цемнаскурая жанчына як бы ўраўнаважвала старога белага мужчыну, пашыраючы электаральную базу дэмакратаў (на фоне пратэстаў Black Lives Matter гэта было важна).
Нічым асаблівым на пасадзе віцэ-прэзідэнткі Гэрыс не адзначылася, застаючыся ў цяні Байдэна. Спачатку яна была адказнай асобай па тэме міграцыйнага крызісу на паўднёвых межах (удалай гэтую працу назваць нельга), а потым – па тэме абароны правоў на аборты. Праз гэта Гэрыс таксама можа стаць зручнай мішэнню для дэмагагічных нападак Трампа, які жорстка крытыкуе дзейныя ўлады па гэтых кірунках.
Акрамя таго, незразумела, якое месца ў выбарчай кампаніі Гэрыс будзе займаць міжнародны парадак дня, у прыватнасці вайна ва Украіне, і ці будуць ейныя падыходы адрознівацца ад падыходаў Байдэна.
Віцэ-прэзідэнт ЗША Камала Гэрыс назірае за 30-м штогадовым фестывалем Essence у Новым Арлеане, штат Луізіяна, ЗША, 6 ліпеня 2024 г. (Фота: Edmund D. Fountain / Reuters / Forum)
Віцэ-прэзідэнт ЗША Камала Гэрыс назірае за 30-м штогадовым фестывалем Essence у Новым Арлеане, штат Луізіяна, ЗША, 6 ліпеня 2024 г. (Фота: Edmund D. Fountain / Reuters / Forum)
Гэрыс адразу актыўна ўключылася ў прэзідэнцкую гонку, спрабуючы аб’яднаць вакол сябе Дэмакратычную партыю. Цяпер фіксуецца ўсплёск ахвяраванняў на прэзідэнцкую кампанію (плюс $ 46 млн за першыя восем гадзінаў), а ўплывовыя дэмакраты адзін за адным публічна выступаюць у падтрымку кандыдатуры Гэрыс.
Аднак пра поўную кансалідацыю вакол Гэрыс казаць рана. Некаторыя ўплывовыя фігуры пакуль захоўваюць маўчанне. Напрыклад, экс-прэзідэнт Барак Абама вітаў рашэнне Байдэна зняцца, але адкрыта ў падтрымку Гэрыс не выступіў. «У мяне ёсць безумоўная ўпэўненасць, што лідары нашай партыі здолеюць арганізаваць працэс, вынікам якога стане зʼяўленне выдатнага кандыдата», – унікліва сфармуляваў ён сваю пазіцыю.


,,

Рэч у тым, што ні рашэнне Байдэна, ні хваля публічнай падтрымкі не робіць Гэрыс кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах аўтаматычна. Афіцыйна вылучыць яе можа толькі з’езд Дэмакратычнай партыі, які пачнецца 19 жніўня ў Чыкага.


Калі напярэдадні з’езда поўнага кансэнсусу дасягнуць не атрымаецца, то ў Гэрыс могуць з’явіцца канкурэнты – для гэтага ім патрэбна будзе сабраць 300 подпісаў (не больш за 50 з аднаго штату). Тады на партыйным форуме галасаванне будзе альтэрнатыўным і пераможа той, хто набярэ больш за палову галасоў.
«Ці будуць у яе канкурэнты на гэтую намінацыю? Многія вядомыя дэмакраты на чале з Байдэнам робяць усё магчымае, каб праславіць яе, але дастаткова ўсяго 300 подпісаў ад прыкладна 3900 дэлегатаў, каб іншыя маглі прапанаваць сябе ў якасці патэнцыйных кандыдатаў. На гэтым тыдні ў сталіцах некаторых штатаў будуць працягвацца размовы аб тым, ці варта кідаць выклік Гэрыс», – зазначае «The Washington Post».
Пакуль ніхто публічна выклік Гэрыс не кінуў. Раней, да заявы Байдэна, сярод імаверных альтэрнатыўных кандыдатаў называліся імёны губернатаркі штата Мічыган Грэтхен Уітмер, губернатара Каліфорніі Гэвіна Ньюсама і міністра транспарту ЗША Піта Бутыджыча. Аднак усе яны цяпер падтрымалі Гэрыс. Сенатар Джо Мэнчын 22 ліпеня спачатку дапусціў вылучэнне сваёй кандытуры, а потым публічна адмовіўся ад гэтай ідэі.
У самой працэдуры вылучэння таксама тояцца пэўныя рызыкі. Калі з’езд будзе адкрытым (то бок будуць разглядацца розныя кандыдатуры), то можа ўзнікнуць пагроза ўнутрыпартыйных канфліктаў. Апошні такі адкрыты з’езд адбыўся ў дэмакратаў як раз у 1968 годзе і суправаджаўся масавымі вулічнымі беспарадкамі.
Калі ж альтэрнатывы Гэрыс не будзе, то, як мяркуюць некаторыя журналісты і эксперты, у выбарнікаў можа скласціся ўражанне нейкая змовы за іх спінамі: атрымліваецца, што на праймерыз яны падтрымалі Байдэна, а кандыдатура Гэрыс узнікла па выніках закрытых дамоўленасцяў партыйных эліт. «Рэспубліканцы ўжо абвінавачваюць дэмакратаў у недэмакратычным выцясненні Байдэна на другі план, ігнаруючы волю выбарнікаў на праймерыз», – заўважае WP.
Гэрыс разумее, як гэта можа выглядаць, таму ў сваёй першай заяве падкрэсліла: яна мае намер «заслужыць і выйграць» гэтую намінацыю.
Глеб Нержын belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10