навіны

Лукашэнка заявіў, што Беларусі трэба супрацоўнічаць і гандляваць з ЕЗ. «Узаемавыгадны інтарэс»

Лукашэнка з чыноўнікамі на нарадзе паводле пытанняў прамысловасці 22 ліпеня 2024 года. (Фота: president.gov.by)
Лукашэнка з чыноўнікамі на нарадзе паводле пытанняў прамысловасці 22 ліпеня 2024 года. (Фота: president.gov.by)
podpis źródła zdjęcia

Ён ізноў загаварыў пра дыверсіфікацыю экспарту.

Аляксандр Лукашэнка даў настаўленні чыноўнікам і прадстаўнікам прамысловасці шукаць шляхі супрацы з Еўрапейскім Звязам і вярнуўся да размоваў пра дыверсіфікацыю рынкаў збыту. Раней беларускія чыноўнікі выхваляліся ростам долі Расеі ў гандлі.
Лукашэнка з чыноўнікамі на нарадзе паводле пытанняў прамысловасці 22 ліпеня 2024 года. (Фота: president.gov.by)
Лукашэнка з чыноўнікамі на нарадзе паводле пытанняў прамысловасці 22 ліпеня 2024 года. (Фота: president.gov.by)
Аляксандр Лукашэнка сказаў, што экспарт прамысловай прадукцыі паказвае добрыя вынікі, але трэба больш.
«Летась галіна выдала рэкордны за апошняе дзесяцігоддзе экспарт – 6,5 мільярда долараў. Аднак гэта зусім не падстава для таго, каб спачываць на лаўрах, – сказаў Лукашэнка. – Галоўная нашая мэта – дыверсіфікацыя экспарту. Мы ўсе ўмеем рабіць. Але галоўнае – прадаць. Попыт на нашую прадукцыю ёсць».
Далей ён сказаў, што Беларусь «кінула якар» у Расеі і Кітаі і ад іх «нікуды не падзенешся», таму што так дыктуе эканоміка.
«Канкурэнцыя сур’ёзная, і з нашымі таварамі нас нідзе ніхто асабліва не чакае. Таму Расея і Кітай, асабліва Расея, – гэта наш традыцыйны рынак», – заявіў ён.
А потым Лукашэнка перайшоў да таго, за кошт чаго трэба павышаць экспарт. І гэта Еўразвяз. Пагатоў кантакты з ім не губляюцца, заявіў Лукашэнка:


,,

«Гэта нашыя суседзі – Еўрапейскі Звяз. З імі трэба знайсці шляхі супрацы. Калі ім трэба нешта купіць, а нам трэба прадаць у іх на рынку – гэта ўзаемавыгадны інтарэс».


Пры гэтым суседзі Беларусі з ЕЗ настроеныя менш аптымістычна, чым Лукашэнка. Намеснік міністра замежных справаў Польшчы Анджэй Шэйна адрэагаваў на папярэднія сігналы беларускіх чыноўнікаў пра тое, што яны хацелі б пацяплення ў стасунках. Ён адзначыў, што краіна паступова спее для таго, каб закрыць грузаперавозкі праз беларуска-польскую мяжу. Ён таксама нагадаў умовы, пры якіх Польшча гатовая на паляпшэнне стасункаў з Беларуссю.


,,

«Першая ўмова – гэта спыненне гібрыдных нападаў на мяжы. Другая ўмова – вызваленне палітычных зняволеных, асобна мы гаворым пра Пачобута і палякаў і агулам пра палітвязняў. І трэцяя – выдача забойцы польскага жаўнера, каб ён быў адпаведна асуджаны ў Польшчы», – сказаў ён «Radio Zet».


Польскія ўлады даўно абвясцілі гэтыя ўмовы, аднак зрухаў з беларускага боку не відаць.
Пры гэтым апошнім часам чыноўнікі сталі казаць пра пацяпленне стасункаў з Польшчай. Напрыклад, 15 ліпеня міністр замежных справаў Максім Рыжанкоў запрасіў польскі бок супольна вывучыць сітуацыю на мяжы.
Таксама змяняецца рыторыка і самога Аляксандра Лукашэнкі. Пра дыверсіфікацыю экспарту актыўна гаварылася да 2020 года. Тады Беларусь імкнулася траціну экспарту пастаўляць у Расею, траціну – у Еўропу, а яшчэ траціну – у краіны далёкай дугі. А ў 2019 годзе ў дзяржаўных СМІ выхваляліся, што гэта ўдаецца. Пасля ўвядзення санкцыяў супраць Беларусі за суагрэсію супраць Украіны беларускія чыноўнікі і Лукашэнка справаздачыліся, што эканоміка не ўпала і блізу дзвюх трацінаў экспарту ідуць у Расею.
Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10