Улады не выключылі працягу вызвалення палітвязняў. Але з умоваю
21.07.2024, 22:00
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Былая турма КДБ у Вільні, якая падобная да месца зняволення беларускіх палітвязняў. Вільня, Літва. 27 чэрвеня 2024 года. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
«14 было асобаў, яшчэ рыхтуюцца некаторыя прапановы памілавання».
Старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала не выключыў вызвалення палітвязняў, якія «не здзейснілі цяжкіх і небяспечных злачынстваў». Ягоную заяву распаўсюдзілі дзяржаўныя медыі. Напачатку ліпеня праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што на волю выйшлі 18 палітвязняў.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Былая турма КДБ у Вільні, якая падобная да месца зняволення беларускіх палітвязняў. Вільня, Літва. 27 чэрвеня 2024 года. (Фота: Белсат)
У Беларусі можа працягнуцца вызваленне палітвязняў. Гэта вынікае з заявы старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы. У каментары дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь 1» ён адзначыў, што ў законе аб амністыі, які набыў моц напачатку ліпеня, «нічога не сказана» пра ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года, аднак «гэтыя людзі могуць быць памілаваныя кіраўніком дзяржавы»:
,,
«14 было асобаў, мяркую, яшчэ рыхтуюцца некаторыя прапановы памілавання. Але прымае рашэнне кіраўнік дзяржавы строга індывідуальна».
Сукала таксама назваў умову вызвалення палітвязняў:
,,
«Калі яны не здзейснілі аніякіх небяспечных, цяжкіх злачынстваў, гвалтоўных дзеянняў».
Паводле старшыні Вярхоўнага суда, амністыя «будзе актыўна ўжывацца цягам шасці месяцаў»:
«Суды ўжо пачынаюць ужыванне. Мы выдалі судам метадычныя рэкамендацыі, як правільна ўжываць некаторыя нормы амністыі».
Напачатку ліпеня стала вядома, што на волю пачалі выходзіць палітвязні, якіх або амніставалі, або памілавалі. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», былі вызваленыя 4 жанчыны і 14 мужчынаў, у тым ліку асуджаны да 10 гадоў калоніі і анкалагічны хворы Рыгор Кастусёў.
Прозвішчы ўсіх, хто апынуўся на волі, не публікуюць з увагі на захады бяспекі.
7 ліпеня кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак паведамляў, што на волю выйшлі не толькі хворыя людзі і палітвязні сталага ўзросту:
«З таго, што нам вядома датычна гэтых 15–16 асобаў, сур’ёзны анкалагічны дыягназ пацверджаны толькі ў Рыгора Кастусёва. Але падкрэслю, што гэты працэс працягваецца. Мажліва, у хуткім часе пабачым новыя прозвішчы з гуманітарнага спісу».
Праваабаронцы «Вясны» пры гэтым сцвярджалі, што некаторыя палітвязні адмовіліся выходзіць на волю 3 ліпеня, не пагадзіўшыся з умовамі:
«Імаверна, гэта звязана з тым, што частка палітвязняў выйшла на волю ў выніку памілавання – ім давялося пісаць прашэнне на імя Лукашэнкі. Вядома, што замест гэтых людзей выйсці на волю прапанавалі іншым палітвязням. Таксама паведамляецца, што працэдура вызвалення адбывалася вельмі хутка: некаторым нават не далі сабраць свае рэчы».