У Парыжы перад Алімпіядай арыштавалі расейца, падазраюць рыхтаванне маштабнай дыверсіі
24.07.2024, 08:30
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паліцыя ў Парыжы, Францыя. 8 траўня 2011 года. (Фота: Daniel Stockman / Flickr, CC BY-SA 2.0)
podpis źródła zdjęcia
Планы былі «не тэрарыстычныя ў існасці», але маглі мець «сур’ёзныя наступствы».
За пяць дзён да адкрыцця Алімпійскіх гульняў, 21 ліпеня, у Парыжы затрымалі 40-гадовага грамадзяніна Расеі: яго падазраюць у рыхтаванні маштабнай «дэстабілізацыйнай» аперацыі, піша «Le Parisien».
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паліцыя ў Парыжы, Францыя. 8 траўня 2011 года. (Фота: Daniel Stockman / Flickr, CC BY-SA 2.0)
Падазраванаму выставілі абвінавачванне ў выведнай дзейнасці ў інтарэсах замежнай дзяржавы «з мэтаю распальвання ваенных дзеянняў у Францыі», сцвярджае «Le Parisien». Крыніца «Agence France-Presse» кажа, што расследаванне ідзе паводле абвінавачванняў у перадачы выведных звестак замежнай сіле з мэтаю распальвання варожасці ў Францыі.
У час ператрусу ў парыжскай кватэры затрыманага знайшлі доказы рыхтавання «аперацыі для дэстабілізацыі». Адна з крыніцаў «Le Parisien» кажа, што рыхтаваўся маштабны праект з сур’ёзнымі наступствамі. Паводле другой, следчыя знайшлі штосьці, што дало падставы меркаваць аб прарасейскай аперацыі ў час Алімпійскіх гульняў.
Мужчыну змясцілі ў следчы ізалятар. Маштаб і дакладную схему аперацыі яшчэ маюць высветліць, пакуль жа расследаванне трывае ў кірунку контрвыведкі, але не барацьбы з тэрарызмам. Паводле «AFP», планы былі «не тэрарыстычныя ў існасці».
Летнія Алімпійскія гульні ў Парыжы адкрыюць 26 ліпеня, закрыюць 11 жніўня. Апошнія некалькі месяцаў у Францыі неаднаразова былі акцыі, звязаныя з падтрыманнем Украіны або Ізраілю, у тым ліку выстаўленне фальшывых трунаў «французскіх салдатаў ва Украіне» перад Эйфэлевай вежай. У некаторых акцыях падазраюць расейскі след. У траўні ў Францыі затрымалі 18-гадовага мужчыну родам з Чачэніі, якога падазравалі ў рыхтаванні тэракту на стадыёне падчас Алімпіяды. Шмат каму з беларускіх і расейскіх журналістаў забаранілі асвятляць Алімпіяду з меркаванняў бяспекі.