МНС: Колькасць ахвяраў навальніцы ў Беларусі павялічылася да сямі чалавек
23.07.2024, 15:38
Наступствы ўрагану, што абрынуўся на Беларусь 13—14 ліпеня. (Фота: belenergo / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
У лякарнях застаюцца больш за дзясятак чалавек, трое – у цяжкім стане.
Міністэрства надзвычайных сітуацый Беларусі абнавіла дадзеныя пра колькасць ахвяраў і пацярпелых ад непагадзі, што разгулялася 13–14 ліпеня. Колькасць ахвяраў павялічылася.
Наступствы ўрагану, што абрынуўся на Беларусь 13—14 ліпеня. (Фота: belenergo / Telegram)
Як сведчаць дадзеныя МНС, якія агучыў падчас брыфінгу з журналістамі начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай сістэмы папярэджанняў і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны Ігар Хадановіч, у выніку разгулу стыхіі колькасць загінулых павялічылася да сямі. Траўмы рознай ступені цяжкасці атрымалі 75 чалавек, 13 з іх усё яшчэ застаюцца ў лякарнях, стан траіх – цяжкі.
У выніку непагадзі, дадаў Ігар Хадановіч, без водазабеспячэння аказаліся 338 населеных пунктаў, у 17 раёнах прайшлі адключэнні сотавай і тэлефоннай сувязі. Акрамя таго, былі пашкоджаныя дахі ў 6200 дамоў, на дадзены момант узноўленыя 3883.
Нагадаем, што стыхія, якая разгулялася ў Беларусі 13–14 ліпеня, пакінула без электрычнасці і вады больш за дзве тысячы населеных пунктаў, у тым ліку такія гарады як Мазыр, Калінкавічы, Нароўля. Поўнасцю спыняў працу Мазырскі нафтаперапрацоўчы камбінат. Дагэтуль ахвярамі непагадзі лічыліся шасцёра чалавек, двое з іх – дзеці.