Дыскрымінацыя або барацьба з абыходам санкцый. Навошта ЕЗ забараняе беларусам грузаперавозкі
25.07.2024, 12:53
Репортаж с польско-белорусской границы, пограничный контроль, проверка, грузовик, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей, транспортный контроль, дальнобойщики, большегрузы (Фота: ЮШ / Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Беларусаў караюць за пашпарт, мяркуе Аляксандр Кныровіч.
ЕЗ забараняе аўтамабілямі перавозіць грузы па сваёй тэрыторыі для часткі кампаніяў з беларускім капіталам з 2 жніўня. Гэта санкцыі супраць Беларусі за суагрэсію супраць Украіны, аб’яўленыя 29 чэрвеня. «Белсат» даведаўся ў прадпрымальніка і эканамісткі, ці сапраўды гэта перашкодзіць рэжыму зарабляць і ці моцна ўдарыць па беларусах.
Репортаж с польско-белорусской границы, пограничный контроль, проверка, грузовик, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей, транспортный контроль, дальнобойщики, большегрузы (Фота: ЮШ / Белсат)
Будуць забароненыя ўсе перавозы грузаў, у тым ліку транзітныя. Аднак пад абмежаванні трапляюць не ўсе беларускія кампаніі, а толькі тыя, што былі створаныя пасля 8 красавіка 2022 года ды на 25 % і больш належаць беларусам. Таксама забарона не будзе датычыць тых уладальнікаў бізнесаў, у якіх ёсць сталы або часовы від на жыхарства ў Еўразвязе або статус рэзідэнта ЕЗ.
Новыя санкцыі, што датычаць транспартавай галіны, не маюць ніякага дачынення да даходаў беларускай дзяржавы, мяркуе прадпрымальнік і блогер Аляксандр Кныровіч:
,,
«Яны б’юць непасрэдна па людзях, якія займаюцца лагістычным бізнесам і робяць гэта з беларускімі пашпартамі».
Паводле даследавання «ZPP Belarus Business Center» і BEROC, на верасень 2023 года ў Польшчы было 1300 кампаніяў з беларускім капіталам у сферы транспарту і лагістыкі (22 % ад усіх беларускіх кампаніяў у Польшчы). У Літве такіх кампаніяў у лістападзе 2023 года была 141 (або 17 % ад усіх кампаніяў беларусаў у Літве), а ў Латвіі ў лістападзе 2023 года – 29 кампаніяў (або 8 % ад усіх).
Улічваючы, што абмежаванні закранаюць не ўсіх, імаверна, праблемы ўзнікнуць у некалькіх сотняў кампаніяў, мяркуе Кныровіч:
«Яны будуць вымушаныя альбо закрывацца, альбо рабіць выгляд, што яны цалкам еўрапейскія. Гэта значыць, яны будуць вымушаныя шукаць сабе так званыя слупкі – еўрапейцаў, якія пагодзяцца за невялікія грошы пабыць уладальнікамі гэтых кампаніяў. Гэта нядобры працэс – сыход у такую шэрую зону».
Аляксандр Кныровіч перакананы, што санкцыі дрэнныя, бо дыскрымінуюць беларусаў паводле наяўнасці ў іх беларускага пашпарта:
«Гэта не санкцыі супраць кампаніяў, якія што падтрымліваюць рэжым, гэта не санкцыі супраць дзяржаўных кампаніяў. Гэта санкцыі супраць беларусаў з беларускім пашпартам у асобнай галіне.
Ніякіх стратаў для дзяржаўнага бюджэту Беларусі тут не відаць, бо гэтыя кампаніі працавалі, умоўна, на тэрыторыі Польшчы, плацілі падаткі ў польскі бюджэт, стваралі працоўныя месцы ў Польшчы, таму гэта цяпер выглядае як дрэнная справа».
На думку суразмоўцы, каб закрыць дзіркі ў абыходзе санкцыяў, трэба было не прымаць новых, а сачыць за выкананнем старых абмежаванняў.
,,
«Тое, што цяпер у тым ліку фізічныя асобы не могуць правезці туалетную паперу або смартфоны з Еўропы ў Беларусь, ніякага эканамічнага эфекту не дае, але ў гэтага ёсць вялікі маральна-этычны эфект. Звычайны беларус цяпер глядзіць на гэта і думае, што Еўропа ставіць заслону менавіта перад нармальнымі, звычайнымі беларусамі.
Гэта будзе мець такі ўплыў, што людзі будуць разумець: на Захадзе іх ніхто не чакае, прапаганда мае рацыю. Яны будуць глядзець больш у бок Крамля. Калі скончыцца вайна і калі будуць усё ж такі ў Беларусі дэмакратычныя перамены, то пачынаць стасункі мы б будзем ужо зусім з нейкага нуля», – падкрэслівае Аляксандр Кныровіч.
Пункт проверки автомобилей, которые едут в сторону белорусской границы, во время чрезвычайного положения из-за наплыва мигрантов (Фота: ЮШ / Белсат)
На думку эксперткі BEROC Настассі Лузгіной, некаторыя беларускія кампаніі ўсё ж патэнцыйна могуць быць выкарыстаныя для абыходу санкцыяў:
«Мяркуючы з таго, што пішуць пра транспартавы беларускі бізнес у ЕЗ, то некаторыя кампаніі ўсё ж імкнуцца працаваць на некалькі кірункаў, то бок не губляюць сувязі з Беларуссю. Гэта адна з шчылінаў, якія могуць спрыяць абыходу санкцыяў. Таму санкцыі скіраваныя на тое, каб гэтыя шчыліны выключыць».
Паколькі санкцыі скіраваныя не на ўсе беларускія транспартавыя кампаніі ў ЕЗ, шмат хто здолее працягнуць працу, адзначае адмыслоўца:
«Іншая рэч, калі чалавек жыве ў Беларусі і мае бізнес у Польшчы. Тут могуць узнікнуць пытанні з боку еўрапейскіх органаў, ці сапраўды такі бізнес не спрыяе абыходу санкцыяў. Таму логіка абмежаванняў зразумелая: не знішчыць беларускага бізнесу, а ўвесці яго ў канкрэтныя рамкі. Калі беларусы хочуць весці бізнес у ЕЗ, калі ласка, але мусіце не толькі адкрываць кампанію, але і жыць у краіне, дзе цяпер твае бізнес-інтарэсы.
,,
Так, будуць пэўныя цяжкасці для бізнесу. Але нельга казаць, што хтосьці вельмі моцна пацярпіць. Транспартавыя кампаніі з беларускім капіталам у той жа Польшчы існавалі і да 2022 года, плюс ёсць выключэнні паводле рэзідэнцтва».
Акрамя таго, тыя фірмы, якія ўсё ж такі трапляюць пад абмежаванні, могуць перарэгістравацца, гэта не забаронена. Таму масавага выхаду беларускага транспартавага бізнесу з ЕЗ наўрад ці варта чакаць, мяркуе суразмоўца.
Мяркуючы з тэматычных групаў у сацсетках, да абмежаванняў ужо рыхтуюцца. Зʼяўляюцца абʼявы, у якіх прапануюць сабраць патрэбны пакет дакументаў для ўладальнікаў кампаніяў з відам на жыхарства або рэзідэнцтва ЕЗ, каб пацвердзіць права працаваць. Таксама прапануюць дапамагчы перааформіць долі на трэцюю асобу альбо выкупіць долю кампаніі.
Настасся Лузгіна адзначае, што санкцыі не самая вялікая праблема для беларускіх бізнесаў у ЕЗ і ў Польшчы ў прыватнасці, дзе транспартавых і лагістычных кампаніяў беларусаў больш. Галіна ў цэлым перажывае спад.
«За апошнія 10 гадоў колькасць кампаніяў у Польшчы падвоілася. І гэта не звязана, вядома, толькі з расейскім ці беларускім капіталам, які прыйшоў за апошнія гады, а ў цэлым вельмі ўзрасла канкурэнцыя на рынку, пры гэтым цэны, вядома, знізіліся. Таму польскія ўлады нават разглядаюць дадатковыя абмежаванні ў плане рэгістрацыі новых юрыдычных асобаў і на выдачу ліцэнзіяў. На бізнес могуць больш уплываць такія абмежаванні, чымся апошнія санкцыі», – падводзіць рысу экспертка.