навіны

«Валіце ў сваю Украіну!» У Варшаве невядомы на вуліцы збіў беларуску

Палац культуры і навукі ў цэнтры Варшавы, Польшча. 8 красавіка 2024 года. (Фота: Таццяна Верамеева / Белсат)
Палац культуры і навукі ў цэнтры Варшавы, Польшча. 8 красавіка 2024 года. (Фота: Таццяна Верамеева / Белсат)
podpis źródła zdjęcia

Жанчына была вымушаная звярнуцца па медычную дапамогу.

Здарэнне адбылося ўвечары 25 ліпеня. 40-гадовая беларуска Вольга, якая жыве ў Польшчы з 2021-га і мае міжнародную абарону, ішла на сустрэчу са знаёмым, калі на яе накінуўся невядомы мужчына і ўдарыў яе кулаком у скронь. Беларуска была вымушаная звярнуцца па медычную дапамогу, апавядае «Наша Ніва».
Палац культуры і навукі ў цэнтры Варшавы, Польшча. 8 красавіка 2024 года. (Фота: Таццяна Верамеева / Белсат)
Палац культуры і навукі ў цэнтры Варшавы, Польшча. 8 красавіка 2024 года. (Фота: Таццяна Верамеева / Белсат)


,,

«За мной ішоў нейкі мужчына і гучна размаўляў праз тэлефон, крычаў на кагосьці. Я азірнулася, ён гэта заўважыў. Яму гэта не спадабалася. Ён пачаў крычаць ужо мне, каб не паварочвалася. Неўзабаве я адчула, як ён плюнуў мне ў спіну», – згадвае Вольга.


Жанчына спынілася і запыталася ў мужчыны, што ён робіць, пасля чаго той плюнуў ёй у твар і пачаў крычаць:
«Чаму вы панаехалі? Валіце ў сваю Украіну!»
Вольга хацела сфатаграфаваць мужчыну, той накінуўся на яе і ўдарыў кулаком у скронь. Нападнік, на думку беларускі, быў п’яны. Вольга мяркуе, яе збіў паляк, бо ён размаўляў без акцэнту.
Жанчына таксама размаўляла па-польску, але была ў байцы з надпісам «Мой родны кут», што магло выдаць у ёй замежніцу.
Паводле пацярпелай беларускі, навокал было досыць шмат людзей, але ніхто не ўмешваўся ў сітуацыю.
Пасля ўдару Вольга вярнулася дамоў, але неўзабаве адчула, што ёй стала блага, таму была вымушаная выклікаць хуткую дапамогу і звярнуцца ў паліцыю.


,,

«Паліцыянты ў выніку нічога не зрабілі, не ведаю чаму. Патлумачылі, што калі пашкоджанні няцяжкай ступені, то трэба звяртацца з грамадзянскім пазовам у прыватным парадку», – кажа беларуска.


Жанчыне баліць галава, ёй складана размаўляць, яна цяпер не можа працаваць і мусіць чатыры дні ляжаць. Дактары дыягнаставалі страсенне мазгоў.
«Гэта ненармальна, што чалавек пад міжнароднай абаронай у выніку аказваецца неабароненым на вуліцы сярод белага дня. Я павінна была сцярпець пляўкі, каб гэтага не здарылася? Ці як сябе паводзіць?» – задаецца пытаннем Вольга.
Беларуска плануе звярнуцца ў арганізацыю ў справе барацьбы з ксенафобіяй і надаць здарэнню максімальную агалоску ды зноў ісці ў паліцыю, як толькі ачуняе.
Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10