Вывозіць або абмежаваць кантакты: прадстаўнік «BELPOL» пра ціск на сем'і тых, хто зʼехаў
25.07.2024, 19:17
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Былая турма КДБ у Вільні, якая падобная да месца зняволення беларускіх палітвязняў. Вільня, Літва. 27 чэрвеня 2024 года. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Кола людзей, якія трапляюць пад рэпрэсіі, пастаянна павялічваецца.
Рэжым у Беларусі стаў больш актыўна ціснуць на сваякоў людзей, якія выехалі з краіны і да якіх сілавікі цяпер не могуць дабрацца. Такія рэпрэсіі будуць толькі пашырацца, таму варта падумаць пра тое, каб вывезці блізкіх з краіны ці хаця б абмежаваць з імі кантакты, кажа «Белсату» прадстаўнік «BELPOL» Андрэй Астаповіч.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Былая турма КДБ у Вільні, якая падобная да месца зняволення беларускіх палітвязняў. Вільня, Літва. 27 чэрвеня 2024 года. (Фота: Белсат)
Сілавікі і раней ладзілі ператрусы і ціснулі на людзей, чые родныя непажаданыя рэжыму. Апошнім часам зʼяўляецца ўсё больш паведамленняў пра рэпрэсіі. Напрыклад, супраць маці палітвязня, анархіста Аляксандра Францкевіча завялі крымінальную справу. Яе разам з сястрой затрымалі, калі яны прывозілі перадачу для Аляксандра. Таццяну Францкевіч абвінавачваюць па артыкуле 361-1 Крымінальнага кодэксу («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»). Таксама 1 жніўня пачнецца суд над маці блогеркі Вольгі Такарчук, а 24 ліпеня сілавікі паказалі відэа з роднымі вядоўцаў TikTok-акаўнту «Зеркало», дзе прымусілі іх апраўдвацца за дзяцей і казаць, што ў іх праблемы.
,,
«Чаму яны гэта робяць – відавочна. Рэжым не цураецца ўжо ўжываць і катаванні, і любыя метады ўтрымання ўлады, – кажа Андрэй Астаповіч. – Яны і далей будуць выкарыстоўваць усе даступныя ім сродкі для максімальнага ціску на ўсіх тых, хто змагаецца за свабоду. Рэжым зняў з сябе ўсе абмежаванні».
Суразмоўца раіць па магчымасці вывозіць блізкіх з Беларусі. Калі гэта немагчыма, то абмяжоўваць з імі кантакты.
«Людзям, якія знаходзяцца ў краіне, застаецца прыкідвацца, нібыта яны пасварыліся са сваякамі праз палітыку, кантакты не падтрымліваюць і гэтак далей. Але гэта не дае ніякіх гарантый, рэжым абсалютна азвярэлы і на 100% гэта не дапаможа», – адзначае ён.
Ціск на родных – гэта цяпер метад запалохвання не толькі асабліва непажаданых рэжыму, лічыць прадстаўнік «BELPOL».
«Гэты від рэпрэсій ужываўся ў дачыненні да самых актыўных асоб у дэмакратычнай супольнасці яшчэ да вайны. Проста гэты круг пашыраецца. Гэта стандартная практыка, якую мы ўжо бачылі ў гісторыі – метады рэпрэсій, як і кола людзей, якія пад іх трапляюць, пастаянна павялічваецца.
І цяпер яны будуць закранаць ўсіх, хто будзе трапляцца пад руку. Тут ужо “мая хата з краю” не працуе. Як гаворыцца, “калі ты не займаешся палітыкай – яна зоймецца табой”. Таму пацярпелых людзей будзе ўсё больш і больш: знаёмыя, сваякі, далёкія сваякі. Гэта будзе працягвацца, пакуль будзе гэта рэжым», – заключае Андрэй Астаповіч.