У Літве для кампаніяў увялі мыта за легалізацыю замежнікаў, якіх бяруць на працу
28.07.2024, 10:26
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія пашпарты і часовыя віды на жыхарства ў Літве. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Стаўка – 50 еўраў.
Літоўскія кампаніі аблажылі мытам за шэраг працэдураў, звязаных з легалізацыяй замежных грамадзянаў, якіх бяруць на працу. Давядзецца плаціць, напрыклад, за пасярэдніцкія лісты пры выдачы або змене дазволу на часовае жыхарства, паведамляе міграцыйная служба краіны.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія пашпарты і часовыя віды на жыхарства ў Літве. (Фота: Белсат)
Новае мыта пачнуць браць з літоўскіх працадаўцаў з 1 жніўня. Плаціць давядзецца за пасярэдніцкія лісты пры выдачы або змене дазволу на часовае жыхарства або нацыянальнай візы, а таксама за заявы аб змене працадаўцы замежнага грамадзяніна.
Кожная такая працэдура будзе каштаваць 50 еўраў. Запоўніць адмысловую форму працадаўца зможа толькі пасля аплаты.
У выпадках працаўладкавання выкладчыкаў або даследчыкаў плаціць не трэба.
Акрамя таго, пасярэдніцкія лісты непатрэбныя, калі іншаземец прыязджае ў Літву вучыцца або ўдзельнічаць у валанцёрскіх праграмах, займацца рэлігійнай дзейнасцю або з’яўляецца спартоўцам, артыстам, журналістам.
У сакавіку літоўскія ўлады анансавалі ўзмацненне жорсткасці правілаў працаўладкавання замежнікаў. Іншаземцаў можна будзе браць толькі на поўны працоўны дзень, плануецца абмежаваць да трох колькасць кампаніяў, дзе мігранты могуць быць аформленыя. Акрамя таго, прапаноўваецца дазваляць працаўладкаванне толькі тым замежным грамадзянам, якія маюць дазвол на жыхарства ў Літве.