ПЦ «Вясна»: палітвязняў масава прымушаюць пісаць прашэнні памілавання
29.07.2024, 14:30
Зняволеныя наваполацкай калоніі. (Скрыншот: Упраўленне дэпартаменту выканання пакаранняў у Віцебскай вобласці / Youtube)
podpis źródła zdjęcia
У наваполацкую калонію № 1 кожны дзень прыязджаюць прадстаўнікі менскай пракуратуры.
У наваполацкую калонію № 1 кожны дзень прыязджаюць прадстаўнікі менскай пракуратуры, якія прымушаюць палітвязняў пісаць прашэнні памілавання. Пра гэта паведамляе ПЦ «Вясна».
Зняволеныя наваполацкай калоніі. (Скрыншот: Упраўленне дэпартаменту выканання пакаранняў у Віцебскай вобласці / Youtube)
Паводле праваабаронцаў, прашэнне памілавання патрабуюць толькі ад тых палітвязняў, хто асуджаны на невялікія тэрміны.
Таксама вядома, што ў некаторых калоніях палітвязняў за адмову пісаць прашэнне змяшчаюць у ШІЗА, а некаторым пагражаюць новай крымінальнай справай паводле арт. 411 Крымінальнага кодэксу («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).
Мінулым тыднем радыё «Свабода» паведамляла, што прашэнне памілавання прапанавалі пісаць палітвязням магілёўскай калоніі № 15. Паводле звестак «Белсату», з аналагічным прапановамі ў другой палове ліпеня звярталіся да некаторых палітзняволеных у гомельскай жаночай калоніі № 4. Ва ўсіх выпадках гэта датычыла толькі тых, у каго тэрміны зняволення блізкія да завяршэння.
Як сцвярджае ініцыятыва «dissidentby», хваля збору прашэнняў памілавання ахапіла не толькі калоніі, але таксама турмы і ПУАТ. Паводле праваабаронцаў, шмат хто з палітзняволеных адмаўляецца пісаць прашэнне, нягледзячы на ціск.
Нагадаем, 3 ліпеня на волю паводле амністыі ці памілавання выйшлі 18 палітзняволеных.
Публічна адразу агучылі толькі імя лідара Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, хворага на рак і асуджанага да 10 гадоў калоніі. Пазней сталася вядома, што на волю праз памілаванне з гомельскай жаночай калоніі выйшлі палітзняволеныя Дар’я Лосік, Святлана Лупач, Паліна Палавінка, Тамара Астрэйка і Кацярына Мадзянкова.