Уладальніка адной з найбуйнейшых прыватных кампаніяў Гомля будуць судзіць
29.07.2024, 18:21
Бізнесоўца Рамана Напрэева (справа) узнагароджваюць улады Гомельскай вобласці. (Фота: edinstvo-gomel.by)
podpis źródła zdjęcia
Бізнесоўца Рамана Напрэева абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.
Выданне «Флагшток» паведамляе, што 2 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля адбудзецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні службовых асобаў і саўладальнікаў ТДА «Полідрэў».
Бізнесоўца Рамана Напрэева (справа) узнагароджваюць улады Гомельскай вобласці. (Фота: edinstvo-gomel.by)
Рамана Напрэева, Васіля Кавальчука і Максіма Худана абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу). Максімальнае пакаранне, што пагражае абвінавачаным, – 7 гадоў пазбаўлення волі.
«Флагшток» зазначае, што найбольш вядомаю асобаю з трох фігурантаў крымінальнай справы выступае Раман Напрэеў. Выданне «Ежедневник» называла яго ў ліку найбольш уплывовых прадпрымальнікаў Гомельскай вобласці. Як мінімум двойчы, у 2009 і 2013 гадах, мясцовыя ўлады прызнавалі яго адным з найлепшых прадпрымальнікаў рэгіёну. Ён уваходзіў у склад грамадска-кансультатыўнай рады ў развіцці прадпрымальніцтва пры Гомельскім аблвыканкаме.
Раман Напрэеў заснаваў ТДА «Полідрэў» у 1991 годзе разам з Пятром Худанам (бацькам іншага фігуранта крымінальнай справы). Пазней да партнёраў далучыўся Васіль Кавальчук, які зрабіўся пасля дырэктарам прадпрыемства.
Асноўны напрамак бізнесу ТДА «Полідрэў» з моманту заснавання – вытворчасць дэталяў з пластыку, што выкарыстоўваюцца ў машынабудаванні. Прадукцыю купляе «Гомсельмаш», МТЗ, МАЗ, БелАЗ, «Амкадор», а таксама расейскія машынабудаўнікі. Пазней кампанія асвоіла і іншыя кірункі дзейнасці.
Акрамя «Полідрэва» ў Рамана Напрэева ёсць і іншыя буйныя праекты ў Гомлі: сетка ўстаноў пад брэндам «Чыста», рэстараны «Бацькi», «Фасоль», сушы-бар «Табу». У 2015 годзе бізнесовец запусціў праект вытворчасці тэрмапанэляў «Белань» на базе СЭЗ «Гомель-Ратон».