навіны

Расея, падобна, рыхтуецца вызваліць палітвязняў для абмену з Захадам. Ці адпусціць Лукашэнка сваіх закладнікаў?

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на саміце ШАС. Астана, Казахстан. 4 ліпеня 2024 года. (Фота: Turar Kazangapov / Reuters / Forum)
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на саміце ШАС. Астана, Казахстан. 4 ліпеня 2024 года. (Фота: Turar Kazangapov / Reuters / Forum)
podpis źródła zdjęcia

«Калі Масква захоча прымусіць, цяжкасцяў з гэтым не будзе»

Расейскія медыі паведамляюць пра знікненне з калоніяў і СІЗА сямёх палітвязняў, адначасова Лукашэнка памілаваў грамадзяніна ФРГ, якому вынеслі смяротны прысуд. Падобна на тое, што рыхтуецца абмен: Масква даўно намагаецца дастаць з нямецкай турмы свайго агента, асуджанага за забойства. «Белсат» спытаў палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана, ці ўдасца разам з расейскімі палітвязнямі выцягнуць і беларускіх.
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на саміце ШАС. Астана, Казахстан. 4 ліпеня 2024 года. (Фота: Turar Kazangapov / Reuters / Forum)
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на саміце ШАС. Астана, Казахстан. 4 ліпеня 2024 года. (Фота: Turar Kazangapov / Reuters / Forum)
З расейскіх калоніяў і следчых ізалятараў у невядомым кірунку вывезлі сямёх палітычных зняволеных – такія паведамленні сёння з’явіліся ў расейскіх медыях.
З калоніі ў Смаленскай вобласці знік палітык Ілья Яшын, які адбывае 8-гадовы тэрмін за «фэйкі» пра расейскае войска. Пра гэта даведалася адвакатка зняволенага.
З СІЗА ў Сызрані «адбыў» праваабаронца Алег Арлоў, сказалі ягонаму адвакату ў ізалятары. Куды і дзе ён цяпер, не паведамілі. Былому сустаршыні цэнтру «Мемориал» раней прызначылі 2,5 года за паўторную «дыскрэдытацыю» войска.
Мастачка Саша Скачыленка знікла з СІЗА ў Пецярбурзе, яе нібыта павезлі ў Маскву, аднак пацверджання гэтай інфармацыі няма, адзначае выданне «Медуза». Дзяўчыну асудзілі на 7 гадоў за «фэйкі» пра войска. Нагодаю для пераследу сталася антываенная акцыя ў краме: Скачыленка замяніла цэннікі на налепкі з інфармацыяй аб колькасці ахвяраў вайны ва Украіне.
Былую кіраўніцу ўфімскага штабу апазіцыянера Аляксея Навальнага Лілію Чанышаву, якой прызначылі 9,5 года за «стварэнне экстрэмісцкай суполкі» і «заклікі да экстрэмізму», вывезлі з папраўчай калоніі ў Пермскім краі.
Адвакатка былой каардынатаркі штабу Навальнага ў Томску і былой дэпутаткі гарадскога парламенту Ксеніі Фадзеевай не знайшла яе ў калоніі ў Новасібірску. Актывістка адбывае 9-гадовы прысуд за «арганізацыю экстрэмісцкай суполкі» і «удзел у некамерцыйнай арганізацыі, што замахваецца на асобу і правы грамадзянаў».
Расейскі апазіцыйны палітык Ілья Яшын падчас дыстанцыйнага ўдзелу ў судовым пасяджэнні. (Фота: yashin_russia / Telegram)
Расейскі апазіцыйны палітык Ілья Яшын падчас дыстанцыйнага ўдзелу ў судовым пасяджэнні. (Фота: yashin_russia / Telegram)
З калоніі ў Архангельскай вобласці вывезлі 19-гадовага грамадзяніна Расеі і Нямеччыны Кевіна Ліка. Ягоная маці спрабавала даслаць сыну харчы, аднак атрымала адказ, што «такога асуджанага няма ў калоніі». Лік атрымаў 4 гады паводле абвінавачвання ў «дзяржаўнай здрадзе». Ён нібыта фатаграфаваў у Майкопе месцы дыслакацыі расейскіх вайскоўцаў і дасылаў здымкі «прадстаўніку замежнай дзяржавы».
У адным з маскоўскіх СІЗА не знайшлі Данііла Крынары, асуджанага да 5 гадоў за «стварэнне агентурнай сеткі для рыхтавання тэрактаў». Мужчыну затрымалі ў Горадні, калі ён спрабаваў выехаць у ЕЗ.
Адначасова ў Менску Аляксандр Лукашэнка зладзіў сустрэчу, на якой былі ў тым ліку старшыня КДБ Іван Церцель, намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Вольга Чупрыс, адвакат нямецкага грамадзяніна Рыка Крыгера Уладзімір Горбач і прапагандыстка Людміла Гладкая.
Замежнік напісаў хадайніцтва аб памілаванні, і Лукашэнка, параіўшыся з удзельнікамі сустрэчы, пастанавіў памілаваць Крыгера, паведаміла БелТА.
Беларуская дзяржава вынесла смяротны прысуд грамадзяніну ФРГ паводле некалькіх абвінавачванняў, галоўнае з якіх – акт тэрарызму.
Раней старшыня Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка казаў, што Крыгеру далі смяротны вырак у Беларусі на заданне Крамля з тым, каб абмяняць немца на афіцэра расейскіх спецслужбаў Вадзіма Красікава. Той адбывае пажыццёвы тэрмін у Нямеччыне за забойства ў цэнтры Берліна былога чачэнскага палявога камандзіра Зелімхана Хангашвілі.
Масква намагаецца вызваліць з нямецкай турмы забойцу, якога Уладзімір Пуцін назваў патрыётам, які «зліквідаваў у адной з еўрапейскіх сталіц бандыта». Хадзілі чуткі, што Красікава могуць абмяняць на апазіцыянера Аляксея Навальнага або журналіста «The Wall Street Journal» Эвана Гершкавіча.
Пры гэтым, як пісалі медыі, Нямеччына не хацела адпускаць Красікава за вызваленне Гершкавіча, а Навальны, які мог быць удзельнікам абмену, раптоўна памёр за кратамі.
Павел Латушка. (Фота: Belarus-nau.org)

Латушка: Лукашэнка гандлюе Крыгерам. Чаго хоча наўзамен?

навіны
«Цяпер Лукашэнка разам з Пуціным пастанавілі не пакідаць Берліну выбару і ўзялі ў закладнікі грамадзяніна Нямеччыны і прыгразілі яму карай смерцю. Павысілі стаўкі», – адзначаў Латушка.
Да версіі, што Крыгера ўжо прапанавалі Берліну для абмену на забойцу-спецслужбоўцу, схіляецца таксама гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман. 20 ліпеня ў сваім Telegram-канале ён напісаў, што «Расея ўлучыла Лукашэнку ў гульню менавіта дзеля таго, каб прымусіць Нямеччыну перадаць Красікава і захаваць у сябе Гершкавіча для будучых абменаў з ЗША».
Цяпер Фрыдман у каментары «Белсату» не выключыў, што сапраўды Берлін мог запатрабаваць вызвалення расейскіх палітвязняў за агента Красікава, а «Крыгер ідзе такім «дадатковым» персанажам, каб падштурхнуць немцаў для абмену».
«Сярод тых версіяў, якія выказваліся наконт расейскіх апазіцыянераў, была публікацыя, што маецца складзены еўрапейцамі і амерыканцамі спіс расейскіх палітзняволеных, якіх Захад жадае вызваліць. Наколькі я разумею, гэта толькі расейскі спіс», – сказаў аналітык.
Ён, зрэшты, падкрэсліў, што гэта толькі спекуляцыі, бо такога «пераліку на вызваленне» не публікавалі, і цалкам магчыма, што ў спісе маюцца і беларускія палітвязні:


,,

«Алесь Бяляцкі мусіць быць у такім спісе. Марыя Калеснікава – асаблівая гісторыя, найперш для Нямеччыны, яна там вядомая, столькі гадоў там пражыла. І Сяргей Ціханоўскі – вядомы як муж Святланы Ціханоўскай».


Фрыдман звярнуў увагу, што «кейс Красікава» для нямецкіх уладаў занадта балючы: для краіны гэта быў акт тэрарызму з боку Расеі. Таму за абмен забойцы будуць патрабаваць максімум:
«Калі ўсё ж будзе абмен з удзелам Красікава, а для Нямеччыны гэта асабліва балюча, улічваючы, які быў працэс, улічваючы, што забойства было прызнанае актам дзяржаўнага тэрарызму з боку Расеі, думаю, нямецкі бок хацеў бы атрымаць тых людзей, якія сапраўды вядомыя, каб можна было прэзентаваць сур’ёзны вынік».
Таксама суразмоўца «Белсату» падкрэсліў, што ў Беларусі, у адрозненні ад Расеі, многія палітвязні адрэзаныя ад вонкавага свету, і ніхто не ведае, дзе яны і што з імі адбываецца. Знянацку некага таксама ўжо рыхтуюць для абмену?
Выстава ў Еўрапарламенце, прысвечаная праваабаронцу, лаўрэату Нобэлеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму.. (Фота: tsikhanouskaya / Telegram)
Выстава ў Еўрапарламенце, прысвечаная праваабаронцу, лаўрэату Нобэлеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму.. (Фота: tsikhanouskaya / Telegram)
«Бачым зрухі ў Беларусі, былі публікацыі, што беларускіх палітвязняў прымушаюць пісаць прашэнні аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Каго там канкрэтна прымусілі і хто гэта зрабіў, мы не ведаем. У беларускай сістэме інфармацыя ўвогуле не праходзіць, мы не ведаем, дзе знаходзіцца Калеснікава, Бяляцкі – іх могуць перамясціць у нейкае іншае месца і ніхто пра гэта не даведаецца. У Расеі ўсё-ткі больш празрыста», – канстатаваў Фрыдман.
Памілаванне Рыка Крыгера, калі яго насамрэч аддадуць Нямеччыне ў межах абмену, прапаганда выкарыстае напоўніцу, упэўнены аналітык. Маўляў, паглядзіце якія мы міласэрныя і добрыя: «Яны робяць з гэтага велізарную прапагандысцкую кампанію. Быў момант, калі яны нагняталі, што вось-вось будзе выкананы гэты прысуд, потым яны ўжо рыхтавалі аўдыторыю да таго, што ён будзе памілаваны».
На меркаванне эксперта, у гісторыі з немцам Лукашэнка не дзеяў самастойна: або гэта наўпроставая расейская гульня, або сумесная з Менскам, і Крэмль мог прасіць палітыка вызваліць беларускіх палітвязняў – калі, натуральна, такая ўмова Захаду была:
«Думаю, для Пуціна гэта не праблема, у яго іншая логіка, яму патрэбны гэты Красікаў, бо «гэта наш афіцэр», а гэтыя ўсе, з пункту гледжання Пуціна, – замежныя агенты, усіх можна выкінуць. Ён, можа, і сказаў Лукашэнку: ну, выкінь пару асобаў, нікога страшэннага не здарыцца. Лукашэнку такое рашэнне прыняць будзе вельмі цяжка, бо ёсць пытанне помсты і таму што для Лукашэнкі ўсе гэтыя людзі за кратамі – рэсурс, якім можна скарыстацца».
Лукашэнка не будзе вызваляць палітвязняў «проста так», аднак Крэмль можа зрабіць прапанову, ад якой будзе немагчыма адмовіцца:


,,

«Калі Расея захоча Лукашэнку да нечага прымусіць, то цяжкасцяў з гэтым не будзе».


Сцяпан Кубік belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10