навіны

«Рух у будучыню не ажыццяўляецца гвалтам». Таццяне Вадалажскай прысудзілі 2,5 года «хіміі»

Belsat
Belsat
podpis źródła zdjęcia

Таццяна Вадалажская будзе чакаць рашэнне на абскарджанне пастановы суда ўдома

У Менску адбыўся судовы працэс над сацыёлагам Таццянаю Вадалажскаю. Ёй выставілі абвінавачанне паводле арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Сёння ў судзе жанчына выступіла з апошнім словам.
Таццяна Вадалажская. (Фота: The Village Беларусь/Telegram)
Таццяна Вадалажская. (Фота: The Village Беларусь/Telegram)
Публікуем прамову Таццяны Вадалажскай:
«Артыкул 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуе права грамадзянаў на свабоднае выказванне свайго меркавання і перакананняў. Таксама гарантуецца, што ніхто не можа прымусіць адмовіцца чалавека ад меркавання і перакананняў. І я думаю, што мае дзеянні 25 кастрычніка 2020 года адпавядалі менавіта гэтаму артыкулу Канстытуцыі, а я такім чынам выказвала сваё стаўленне да існай сітуацыі – выказвала сваю грамадзянскую пазіцыю.
Нягледзячы на тое, што гэтая грамадская акцыя не была ўзгодненая, я думаю, што ў выключных выпадках, калі меркаванне і пазіцыя грамадзянаў ігнаруецца, калі ў іх няма іншай магчымасці, яны маюць права на мірны сход і мірны пратэст.
Усё, што мы бачылі, усё, што бачыла я падчас гэтага маршу, і тое, што мы можам прачытаць у сродках масавай інфармацыі і ў матэрыялах справы, сведчыць пра тое, што гэты пратэст сапраўды быў мірным, не было ніякіх дэструктыўных дзеянняў. У маіх дзеяннях таксама не было ніякай дэструкцыі, ніякай скіраванасці на разбурэнні, а хутчэй, наадварот – жаданне перавесці той палітычны канфлікт і тыя палітычныя супярэчнасці, якія ёсць у грамадстве, у цывілізаванае рэчышча, у рэчышча перамоваў і павагі думкі ўсіх грамадзянаў.
І я глыбока ўпэўненая ў тым, што спакой і грамадскі парадак будуецца толькі на тым, што паважаецца меркаванне ўсіх грамадзянаў, паважаюцца ўсе палітычныя погляды, і рух у будучыню вызначаецца дыялогам. Няхай вострымі, але дыскусіямі, але не арыштамі або гвалтам.
Я спадзяюся, што ў найбліжэйшай будучыні ў Беларусі мы будзем развязваць менавіта такім шляхам усе нашыя пытанні».
Нагадаем, што суд вынес рашэнне ў дачыненні Таццяны Вадалажскай – 2,5 года «хіміі». Менавіта столькі запрасіў дзяржаўны абвінаваўца. Таццяна Вадалажская будзе чакаць рашэнне на абскарджанне пастановы суда ўдома.
Раман Лугоўскі belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10